Dream-band “Агатка”: песні-казкі для ўсёй сям’і

Удзельніца гуртоў By Cry і “Госціца” Аляксандра Грахоўская прыдумала новы музычны праект, які назвала ў гонар дачкі. Dream-band “Агатка” спявае… казкі!

“Гэта не дзіцячыя песні, якія могуць выконваць дзеці, — тлумачыць Еўрарадыё Аляксандра. — Гэта як я распавядаю казку, толькі з інструментам і спяваю яе. Спачатку я думала, што гэта песні для дзяцей. Але цяпер разумею, што гэта сямейныя песні. Для дзяцей там знойдуцца цікавыя вобразы і забавы, для дарослых — сэнс”.

Пасля нараджэння дачкі Агаткі Аляксандра пачала шукаць цікавыя дзіцячыя песні. Толькі беларускіх — небанальных і актуальных — не знайшлося. Таму спявачка пачала пісаць іх сама, звярнуўшыся да дзіцячай паэзіі Андрэя Хадановіча, Івана Бурсава, Сяргея Новіка-Пеюна, Алега Старынчыка. Пазней з’явілася ідэя, “ажывіць” песні для Агаткі і выконваць іх у дзіцячых дамах і проста на дзіцячых святах.

“Вялікая праблема — гэта тое, што дзеці ў жыцці не чуюць “жывых” музычных гукаў, не ствараюць іх самі, — працягвае Аляксандра.У садках на ранішніках ім ставяць “мінусы” са стандартным наборам песень. Натуральна, што я магу пайграць дома на фартэпіяна, але гэта не тая атмасфера. І вось калі я, як маці, буду рабіць Дзень нараджэння дзіцяці ці нейкае іншае сямейнае свята не ў “Макдональдсе”, а паклічу музыкаў, якія створаць незабыўную жывую атмасферу, вось гэта і будзе каштоўнасцю”.

У dream-band “Агатка” пяцёра музыкаў: уласна Саша, актрыса Марыя Пятровіч, перкусіяністы Павел Астравух і Іван Шыловіч, а таксама гітарыст гурта Znich Сяргей Сцец, з якім Аляксандра супрацоўнічае і ў гурце By Cry.

“Гэта трэба проста аднойчы пачуць, — кажа Сяргей, які “спрабуе” сябе ў “крыху” іншым музычным напрамку. — Гэта не проста песенькі, а цэлае музычнае дзейства. Не проста гучанне, а відовішча. Уявіце, песня, у якой можна ўбачыць воўка, зайца, жабку. Гэта дзея, якая накіраваная на тое, каб менавіта нешта даць, нешта падарыць дзецям, бо ўсё ж у дзяцінстве закладаецца”.

Усе 12 песень для “Агаткі” запісаныя на жыва: “без метранома, крыва, як я люблю”, — смяецца Аляксандра Грахоўская. Цяпер яны зводзяцца, пасля чаго будуць выкладзеныя ў інтэрнэт.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі