“Адмяніць адмену рэформы”: як улады эксперыментуюць з адукацыяй

“Адмяніць адмену рэформы”: як улады эксперыментуюць з адукацыяй

За 23 гады прэзідэнцтва Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў рэфармуе адукацыю. Але калі ўважліва прыглядзецца, то новае — гэта добра забытае старое. Глядзіце самі.

Профільныя класы: адмянілі ў 2008, пачалі ўводзіць у 2015-м

Напрыканцы 1990-х гадоў у школах Беларусі пачалі ўводзіць профільнае навучанне. Існаваў падзел на матэматычныя, лінгвістычныя, гуманітарныя класы. Разам з тым увялі ў навучанне такія прадметы, як “Сусветная мастацкая культура” і “Асновы забеспячэння жыццядзейнасці”. Школу спрабавалі перавесці на 12-гадовы тэрмін навучання. Ужо пасля рэпетытары і эксперты назавуць гэта найлепшымі рэформамі ў адукацыі. Але ў 2008 годзе усе новаўвядзенні згортваюцца пад лозунгам “усе мусяць мець роўныя правы на адукацыю”.

Праз 8 гадоў, у 2015-м, профільныя класы пачынаюць уводзіць зноў.

10-бальную сістэму хочуць скасаваць праз 15 гадоў існавання

У 2002 годзе у Беларусі ўводзіцца 10-бальная ацэнка ведаў у школах, сярэднетэхнічных установах і ВНУ. Праз 15 гадоў віцэ-прэм'ер Васіль Сямашка знаходзіць такую сістэму неаб'ектыўнай і гаворыць пра вяртанне да пяцібальнай. Але гэта грошы! Бо трэба мяняць сістэму ацэнкі ведаў пры паступленні ў ВНУ!

“Разгарнулася сур'ёзная кампанія вакол гэтага, усе абмяркоўваюць сістэму адукацыі. Чаму б не? Гэта добрая магчымасць паслухаць меркаванні. Я папрацавала з абедзвюма сістэмамі, але не ведаю, як гэтыя змены могуць паўплываць на якасць адукацыі агулам. Ёсць людзі, якія не заспелі 5-бальнай сістэмы, для іх будзе складана”, — разважае былая намесніца дэкана факультэта спецыяльнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка, адміністратарка “Фабрыкі ведаў” Алена Крашко.

Мінімальны бал для паступлення: 15 балаў, 20 балаў, 1 бал, 7 балаў, 20 балаў

Балы, якія трэба набраць пры паступленні, каб мець магчымасць атрымліваць вышэйшую адукацыю мяняліся ўвесь час. Планку, праз якую будуць адсейваць непадрыхтаваных абітурыентаў, уводзяць у 2007 годзе. Тады трэба было набраць 15 балаў са 100 па кожным прадмеце, каб мець магчымасць паступіць. На наступны год яе паднялі да 20 балаў і… адмянілі ў разгар кампаніі, бо вынікі тэставання былі несуцяшальныя. Пасля яе не было наогул. Але ў 2012 годзе планку зноў вярнулі, яна складала 7 балаў са 100. Яе пачалі паступова ўздымаць, і да 2016 года па некаторых профільных прадметах гэта зноў было 20 балаў. Назад у 2008-ы праз 8 гадоў.

Нацыянальныя падручнікі, аб’ектыўныя і зноў нацыянальныя

На хвалі ўздыму цікавасці да роднай гісторыі ў школах на мяжы 1990-х і 2000-х з’яўляюцца нацыянальна арыентаваныя падручнікі па гісторыі пад аўтарствам гісторыкаў Міхаіла Біча і Паўла Лойкі. Пасля чыноўнікі вырашаюць замяніць іх на “больш аб’ектыўныя”. За 15 гадоў яны мяняюцца некалькі разоў. Але ў 2017 Аляксандр Лукашэнка зноў вяртаецца да… нацыянальна арыентаваных падручнікаў.

“Трэба прапісаць і ўкараніць у розум нашых людзей праўду. Тут калі і ёсць нейкі нацыяналізм, то гэта нацыяналізм здаровы", — заяўляе Лукашэнка пасля азнаямлення з цыклам навуковых прац "Вытокі беларускай дзяржаўнасці: Полацкая і Віцебская землі ў IX — XVIII стагоддзях".

Ужо ў гэтым навучальным годзе падручнікі ў школах мусяць быць новыя, са “здаровым нацыяналізмам”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі