Акруговы суд пакінуў на волі беларуса, які страляў у офісе ў Гдыні

Акруговы суд пакінуў на волі беларуса, які страляў у офісе ў Гдыні

Акруговы суд пакінуў на волі беларуса Сцяпана Свідзерскага, які страляў з пісталета ў будынку Thomson Reuters у польскай Гдыні. Пра гэта паведамляе radiogdansk.pl.

Акруговы суд адхіліў скаргу пракуратуры на рашэнне суда ніжэйшай інстанцыі, якая вызваліла Свідзерскага з-пад варты. Беларуса вінавацяць у замаху на забойства. Паводле звестак следства, ён зрабіў два стрэлы з пісталета, у тым ліку адзін — у напрамку пацярпелага.

Сваё рашэнне суддзя абгрунтаваў тым, вінаваўцам здарэння быў не падазраваны, а пацярпелы. "Пацярпелы, падышоўшы да падазраванага, пачаў цікавіцца футаралам, у якім была зброя, узяў зброю без дазволу, і, нягледзячы на ​​заклікі, не аддаў яе падазраванаму", — патлумачыў суддзя.

Рашэнне суда з'яўляецца канчатковым. 

Страляніна ў будынку Thomson Reuters адбылася ў сярэдзіне лістапада. Пры здарэнні ніхто не пацярпеў. Сцяпан Свідзерскі — ураджэнец Гродна, які выехаў у Польшчу па праграме Каліноўскага і жыве там ужо 10 гадоў. Ён мае дазвол на нашэнне зброі. У сваіх тлумачэннях пасля выхаду з-за кратаў Свідзерскі заявіў, што дзейнічаў дзеля аднаўлення законнасці. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі