“Бедныя” ў ЕС атрымоўваюць па тысячы еўра, у Беларусі — 160

Еўрапейскія СМІ ўсё часцей звяртаюць увагу на беднасць у сваіх краінах. Паводле выдання The Local, колькасць бедных у Францыі цяпер найвышэйшая з 1997 года.

The Local: “Даследаванне паказвае, што 8,7 мільёнаў французаў жывуць за рысай беднасці — гэта значыць, 14% насельніцтва 66-мільённай краіны. Паўночны горад Рубэ, непадалёк ад мяжы з Бельгіяй, узначальвае рэйтынг бедных гарадоў, бо 45% яго жыхароў — за рысай беднасці”.

Выданне нагадвае, што ў 2010 годзе ў Вялікабрытаніі налічылі 17,1% “бедных”, а ў 2012-м у ЗША — 16%. Як ні дзіўна, у Беларусі за апошнія гады бедных стала меней: паводле Белстата, у 2000 годзе за рысай беднасці знаходзілася амаль 42% беларусаў, а ў 2012 — толькі 6,3%. Чаму так? Бо ў нас лічаць па-свойму. Тлумачыць дырэктар даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.

“У Еўрасаюзе такі феномен, як “абсалютная беднасць”, мізэрна малы, разглядаецца такі паказчык, як “адносная беднасць”, калі даходы людзей параўноўваюцца з 60% ад “медыяннага даходу” (вышэй якога зарабляе 50% насельніцтва і 50% — адпаведна, ніжэй). Калі паглядзець у некаторых краінах ЕС, там рыса беднасці часам перавышае 17 тысяч еўра ў год. То бок значна больш тысячы еўра ў месяц”.

Тым часам у нашай краіне да бедных адносяць тых, хто жыве менш, чым на бюджэт пражытковага мінімуму — 98-161 еўра ў месяц.

Атрымоўваецца, што “бедны” з заможнай краіны ЕС мае 1500 еўра. У Францыі беднымі лічацца тыя, хто пасля аплаты падаткаў атрымоўвае 977 еўра ў месяц (разам з дзярждапамогай). А ў Беларусі нават калі лічыць па методыцы Еўрасаюза, бедных будзе 11-12%, кажа Аляксандр Чубрык. Толькі ў нашым выпадку гэта сведчыць не пра дабрабыт, а, хутчэй, пра адсутнасць няроўнасці паміж рознымі групамі насельніцтва.

Разам з тым, на Захадзе актыўна дапамагаюць бедным: у тых жа Францыі і Вялікабрытаніі апошнім часам рэзка вырасла папулярнасць “банкаў ежы”, якія раздаюць бясплатную ежу. У Беларусі, у асноўным, людзі сабе дапамагаюць і неяк выкручваюцца самі. Працягвае Аляксандр Чубрык:

“У нас даволі распаўсюджаныя такія рэчы як “стратэгіі пераадолення складанасцяў” — калі людзі дапамагаюць сабе самі. Гэта вядзенне натуральнай гаспадаркі, у Гродзенскай і Брэсцкай абласцях у нейкай ступені кантрабанда, працоўная міграцыя”.

Сапраўды, шмат хто марыць выехаць за мяжу, ратуючыся ад фінансавых праблем. Па словах эксперта BISS Андрэя Елісеева, 80% беларусаў, якія хочуць эміграваць, галоўнай прычынай пераезду называюць менавіта эканамічны фактар.

Андрэй Елісееў: “Але гэта не значыць што з’язджаюць менавіта людзі, якія знаходзяцца за рысай беднасці. Бо беларусы, якія жывуць за рысай беднасці, у асноўным, людзі з сельскай мясцовасці, малых гарадоў і гэтак далей. Яны не маюць дастаткова інфармацыі, яны не маюць аб’ектыўных магчымасцяў, каб эміграваць”.

З’язджаюць менавіта адукаваныя і больш-менш забяспечаныя, кажа Андрэй Елісееў, бо спадзяюцца дасягнуць яшчэ большых поспехаў у іншым месцы.

Фота: europedirectleeds.org.uk

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі