The Blackmail "Seasickness"

Пасля амаль гадавой паўзы мінскія інды-рокеры The Blackmail вярнуліся на сцэну ды яшчэ з новай пласцінкай. Відавочна, што за час адпачынку музыкі ўзбадзёрыліся, з новымі сіламі ўзяліся за справу і паказалі некалькі нязвыклы для іх рамантычны і марскі міні-альбом "Seasickness".


"Seasickness" складаюць 4 кампазіцыі. Напісаныя яны падчас далёкіх падарожжаў музыкаў. Запіс трэкаў расцягнуўся на месяцы. У выніку хлопцаў стала "штарміць" ад песень, адсюль і назва — "Seasickness" (марская хвароба). "Тут я спяваю пра вымушаныя вандроўкі, далёкія краіны, далёкую дарогу да таго месца, куды звычайна ідуць усё жыццё, ад чаго сама вандроўка можа выклікаць марскую хваробу", — тлумачыць змест пласцінкі лідар The Blackmail Максім Кульша.


У "Seasickness" музыкі ствараюць пэўную атмасфернасць, не ўласцівую камандзе раней. Лета, сонца, мільгаценне пейзажаў за вакном цягніка, чырвоны заход над Жоўтым морам. Каб падкрэсліць вобразнасць песень, музыкі звяртаюцца да лёгкіх гукаў сінтэзатараў і "лятаючай гітары", над якімі ўладарыць сэксуальны барытон вакаліста.


З "Seasickness", які з-за атмасфернасці і "лятаючых гітар" музыкі лічаць эксперыментальным", The Blackmail загучалі яшчэ больш па-заходняму, нягледзячы на пентатанічныя ал-я-японскія проігрышы ў песні "Honey". Часам нават падаецца, што гэта самы брытанскі з усіх беларускіх прабрытанскіх гуртоў. Яго музыка цалкам пазбаўлена беларускіх нотаў, філасофіі і абшараў. Карані прарастаюць з туманнага Альбіёну, а ніяк з нашых палескіх балотаў. Але адрасаваная яна перш за ўсё нам, тутэйшым, каб мы маглі шырэй глядзець на свет і адчуваць на скуры лёгкі подых марскога брыза.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі