Ці адменяць артыкул 193-1 КК, які трымае ў напружанні грамадскіх актывістаў

Ці адменяць артыкул 193-1 КК, які трымае ў напружанні грамадскіх актывістаў

Сумна вядомы артыкул 1931 Крымінальнага кодэкса ўжо больш за 10 гадоў трымае ў напружанні ўсіх грамадскіх актывістаў, чые арганізацыі пад рознымі нагодамі не хоча рэгістраваць Мінюст. У 2006 годзе па 1931 на паўтара гады “закрылі” лідара “Маладога фронту” Змітра Дашкевіча і чацвярых сябраў кампаніі назірання вы выбарамі “Партнёрства”, шмат хто іншы атрымаў штрафы.

І вось, улады саспелі да таго, каб прыбраць спрэчны артыкул з КК. Адпаведны законапраект ужо накіраваны з Саўміна ў Палату прадстаўнікоў.

Але ці гатовыя дэпутаты прагаласаваць за адмену артыкула, што карае “за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі”?

 

Была б арганізацыя, а артыкул знойдзецца

“Думаю, гэты артыкул можна і адмяніць, бо ў межах нашага заканадаўства ёсць і іншыя метады, каб тую дзейнасць, якая не ідзе на карысць нашай краіне, не дапускаць. Трэба глядзець правапрымяняльную практыку: колькі там было прынята і якіх рашэнняў. Я бачыў статыстыку, што, здаецца, апошнія гады чатыры гэты артыкул не выкарыстоўваўся. Калі ён не выкарыстоўваўся, то, можа, ён і не патрэбны?” ― разважае дэпутат Валерый Барадзеня.

Старшыня камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк спачатку абедзвюма рукамі падтрымлівае ініцыятыву. Але потым суцяшае імпэт:

“Мы ведаем шмат арганізацый, якія не рэгістраваліся і не збіраюцца рэгістравацца, але, між тым, там жорсткая іерархія, структура падпарадкавання, і яны рэальна існуюць. Тут трэба падумаць, я буду глядзець гэты тэкст ― д’ябал заўсёды ў дэталях.

На сёння ў мяне і катэгарычнага адмаўлення няма, і цалкам станоўчай, сфармуляванай пазіцыі таксама няма. Бо, напрыклад, “Ісламская дзяржава” таксама незарэгістраваная арганізацыя. Зразумела, што тут маецца на ўвазе наша ўнутранае палітычнае поле, але калі браць у шырокім кантэксце, дык ёсць маса тэрарыстычных арганізацый, якія не ходзяць у Мінюст рэгістравацца.

Будзем глядзець, але ў любым выпадку, чалавека пакараць можна па складзе злачынства: нават калі мы не караем за дзейнасць ад імя арганізацыі, дык мы можам пакараць яго за склад злачынства ― калі ён здзяйсняе рэчы, што супярэчаць Канстытуцыі, Крымінальнаму ці Адміністрацыйнаму кодэксу”.

 

Адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі не знікне канчаткова

З тым, што галоўнае, каб арганізацыя была, а артыкул знойдзецца, пагаджаецца юрыст незарэгістраванага праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч. Іншая справа, нават калі гэты праект закона будзе ўхвалены дэпутатамі, дык адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі не знікне канчаткова.

“Гэта ўсё, вядома, паўмеры. Бо ўводзіцца адміністрацыйная адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, якая прадугледжвае штраф у памеры да 50 базавых велічынь. Складаць пратаколы і прыцягваць да адказнасці будуць органы МУС і Мінюста. А штрафамі таксама жыццё можна “ўпрыгожыць” максімальна ― абмежаванняў па колькасці штрафаў няма, хоць штодня выпісвай. Калі ж у вас узнікаюць вялікія запазычанасці перад бюджэтам, то гэта цягне за сабой і канфіскацыю маёмасці, і абмежаванне выезду за мяжу. Таму мы настойваем, што дзяржаўная рэгістрацыя ― гэта права, а не абавязак арганізацыі. І ніякай адказнасці за адсутнасць рэгістрацыі ўвогуле не павінна быць”, ― тлумачыць пазіцыю праваабаронцаў Валянцін Стэфановіч.

Стэфановіч упэўнены: ініцыятыва адмены гэтага скандальнага крымінальнага артыкула народжаная жаданнем “пусціць пыл у вочы” заходнім партнёрам.

“Улады падумалі, што гэта крок, які добра будзе ўспрымацца на Захадзе. Бо, скасаваўшы гэты артыкул, яны нічога асабліва не губляюць: калі ёсць жаданне пасадзіць каго-небудзь за што-небудзь, то повад заўжды можна прыдумаць. Але цяпер гэты крок будзе актыўна “прадавацца”, будуць казаць, што мы робім крок сур’ёны на шляху дэмакратызацыі і дэкрыміналізацыі”.

Цяпер гэты “дэкрыміналізацыйны” законапраект будзе вывучацца дэпутатамі і рыхтавацца да першага чытання. У якім выглядзе ён будзе вынесены на разгляд, пакуль ніхто з парламентарыяў прадказаць не бярэцца.

Фота Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі