Ці заўважылі настаўнікі павышэнне заробкаў?

Прэм’ер Міхаіл Мясніковіч абяцаў павышэнне заробкаў з 1 верасня на 15-18%.

"Мы плануем з 1 верасня падняць заробкі лекараў і настаўнікаў у сярэднім яшчэ на 15-18%. Для гэтага ёсць сродкі ў бюджэце краіны, рэалізуюцца меры па аптымізацыі выдаткаў і даходаў", — цытуе словы Мясніковіча БЕЛТА.

Па пастанове Савета міністраў заробкі настаўнікаў і педагагічных работнікаў павышаюць ў залежнасці ад катэгорыі. Правяраем, наколькі ўзляцелі прыбыткі педагогаў.

“Настаўнік з вышэйшай катэгорыяй да павышэння меў 5,7 мільёна, пасля павышэння — 6,8 мільёна. Настаўнік першай катэгорыі меў 4,1 мільёна, паля павышэння — 5,4 мільёна. Другая катэгорыя амаль 4 да павышэння, пасля павышэння — 4,6. У маладых спецыялістаў пасля павышэння 4,3 мільёна, раней было 3,6”, — такія лічбы агучваюць у аддзеле адукацыі Центральнага раёна Мінска.

Настаўніцы са Светлагорская з вышэйшай катэгорыяй дадаюць да заробку 800 тысяч.

“Без адукацыі на заводзе больш зарабляюць. А ў мяне на дзве стаўкі каля 5 мільёнаў" , — расказвае Таццяна Анатолеўна.

Настаўніца гісторыі з другой катэгорыяй Юлія павышэння не адчула. За верасень дзяўчына атрымала 5 мільёнаў.

“Я асабліва не адчула, раней у мяне атрымлівалася калі 4,3 мільёна, калі 4,7. Але крышачку вырас заробак”, - тлумачыць Юлія.

Настаўнік без катэгорыі Павел кажа пра павышэнне заробка на некалькі соцень тысяч.

У гэтым годзе у мяне менш працоўных гадзін. Але па гадзінах, што я працаваў, я падлічыў, невялікі рост ёсць”, — паведамляе нам добрую навіну Павел.

Калі няма катэгорыі, то няма і павышэння, падлічвае Максім, які адпрацоўвае ў школе размеркаванне. Заробак пасля павышэння ў яго вырас крыху больш, чым на 100 тысяч.

“Зацікавілі маладога спецыяліста. У мяне на дзве стаўкі выходзіць цяпер у раёне 4 мільёнаў”.

У выхавацелкі з дзіцячага садка Вольгі аклад вырас, а заробак — не.

“Я б сказала, што ён паменшыўся. Але кожны раз заробак розны, калегі кажуць, што ў іх таксама ён панізіўся пасля павышэння”, — расказвае Вольга.

У жніўні сярэдні заробак настаўнікаў Белстат ацэньваў у 4,3 мільёна. Агулам супрацоўнікі адукацыі атрымоўвалі 3,8 мільёна.

Фота: www.ea.nl

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі