Эксперт: Захад вырашае ўкраінскае пытанне без удзелу Украіны

“Учора ў Жэневе адбыліся перамовы, якія прадэманстравалі, што вялікія краіны, вялікія гульцы ЕС, ЗША, Расія спрабуюць вырашыць праблему Украіны без самой Украіны. Па вялікім рахунку, думка самой Украіны мала каго хвалявала”, — перакананы кіеўскі палітолаг Косць Бандарэнка.

Свае словы ён падмацоўвае жалезабетонным фактам — Міністра замежных спраў Украіны, які прадстаўляў на перамовах пазіцыю афіцыйнага Кіева, у нейкі момант… просяць выйсці з залы паседжанняў. Маўляў, зараз мы з Расіяй вырашым усё без вас.

У выніку Расія нібы абяцае не ўводзіць войскі ва усходнюю частку Украіны, ЗША і ЕС таксама абавязваюцца пакінуць Кіеў у спакоі. Да украінцаў патрабаванне адно, затое якое — раззброіць усе незаконныя фарміраванні. У тым ліку, і “Самаабарону” з “Правым сектарам”. Косць Бандарэнка гаворыць, што зрабіць гэта будзе ну вельмі складана.

“Украінскай уладзе цяпер будзе цяжка. Ёй давядзецца раззбройваць не толькі сепаратыстаў на Усходзе, але і іншыя незаконныя узброеныя фармаванні. Такія як “Правы сектар”, “Самаабарона”, групоўкі Каламойскага і іншыя. Гэта можа выклікаць вельмі вялікую незадаволенасць”.

Расійскі эксперт і былы намеснік міністра замежных спраў РФ Андрэй Фёдараў расказвае Еўрарадыё, што жэнеўскія перамовы ўсё ж можна лічыць паспяховымі. Нават нягледзячы на тое, што асноўных праблем яны не вырашылі.

“Перамовы прайшлі дастаткова паспяхова. Яны прыпынілі працэс канфрантацыі. Але пры гэтым нельга сказаць, што яны прывялі да рашэння праблем”.

Адной з умоваў удзелу расійскага боку ў асобе міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова было табу на крымскую тэму. Ні прадстаўніца дыпламатыі ЕС Кэтрын Эштан, ні амерыканец Джым Кэры не павінны былі яе закранаць, міністру замежных спраў Украіны Андрэю Дэшчыцы заставалася толькі маўкліва пагадзіцца. Эксперт Фёдараў мяркуе, што забарона на абмеркаванне сітуацыі з Крымам не азначае прызнанне яго расійскім. Захад, хутчэй, пакуль проста не гатовы больш сварыцца з Расіяй.

“Ведаеце, гэта не значыць, што Захад прызнае Крым расійскім. Але гэта значыць, што на дадзены момант ЗША і ЕС не гатовыя ісці на абвастрэнне з Расіяй праз Крым. Праз спробы вярнуць яго Украіне, я б так сказаў”.

Такім чынам, цяпер перад Украінай стаіць задача, якой і ворагу не пажадаеш — не выкарыстоўваючы сілы раззброіць данецкіх сепаратыстаў і “Правы сектар” з “Самаабаронай”. Той яшчэ квэст. Асабліва, калі ўлічыць, што даць рады сепаратыстам Кіеў не змог нават з дапамогай дэсантнікаў на верталётах.

Што можа адбыцца, калі Украіна не зможа выканаць патрабаванні жэнеўскага пагаднення, здагадацца нескладана. За ўсходняй мяжой у нашай суседкі зараз знаходзіцца некалькі дзесяткаў тысяч добра ўзброеных і заўсёды гатовых дапамагчы ў любой справе “міратворцаў”.

Фота russiancouncil.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі