Героі Дня Волі-2017 распавядаюць, як жывуць праз год пасля затрыманняў

Героі Дня Волі-2017 распавядаюць, як жывуць праз год пасля затрыманняў

Дзень Волі 2017 года ў Мінску – гэта жорсткія затрыманні, “суткі” ды штрафы. Нягледзячы на ўсё гэта, многія выйшлі на вуліцы на наступны дзень. Усміхаліся, калі іх цягнулі ў аўтазак, уздымалі адабраны сцяг, працягвалі стаяць на месцы пасля папярэджанняў аб затрыманні. Напярэданні санкцыянаванага Дня Волі-2018, мы запыталіся, як склаўся іх лёс і ці збіраюцца героі на свята.

Андрусь Асмалоўскі –хлопец, які падняў з асфальту бел-чырвона-белы сцяг. "Поднимаем флаг обратно", — прамовіў ён, і ўзняў сцяг угару. Адбылося гэта літаральна ў некалькіх метрах ад аўтазака. Хлопца схапілі ў той жа момант, відэа са сцягам сабрала безліч праглядаў.

Героі Дня Волі-2017 распавядаюць, як жывуць праз год пасля затрыманняў

“Уражваюцца нават прыхільнікі кіруючага рэжыму”

“Увесь час пасля таго выпадку адчуваў толькі гонар ды павагу, — узгадвае Андрусь. –  Ніякага негатыву на працы не было, бо я – індывідуальны прадпрымальнік, займаюся архітэктурнымі праектамі. Тыя, з кім упершыню знаёмлюся, пачынаюць пазнаваць, маўляў “А, гэта ты такі!”. Уражваюцца нават прыхільнікі кіруючага рэжыму. Ставяцца станоўча, захапляюцца, не гледзячы, што нашыя погляды не сыходзяцца.

Прыемна, калі мой учынак стаў для кагосьці прыкладам. Людзі перастаюць баяцца вулічных акцый, тым больш дазволенных мерапрыемстваў. Я паказаў сваім прыкладам, што першае затрыманне не мае складаных наступстваў. Проста на цябе складаюць пратакол і чакаюць, калі ты парушыш у наступны раз. Тады паграджае 15 сутак. А так не. Вельмі спадзяюся актыўна паўдзельнічаць у юбілеі і гэтым разам. Гэта вялікае свята”.

“Патрабаваў звольніць Лукашэнку

Андрэй Хранкоў – першы, хто прыйшоў пратэставаць на Кастрычніцкую плошчу 26 сакавіка. Ён стаяў насупраць Палаца Рэспублікі , яму давалі 10 хвілін, каб сысці. Андрэй не паслухаў міліцыянтаў. Узялі прыкладна праз паўгадзіны. 

Героі Дня Волі-2017 распавядаюць, як жывуць праз год пасля затрыманняў

“Год прайшоў добра, – кажа суразмоўца. –  Нічога асабліва ў маім жыцці не змянілася. Усё як было, так і ідзе.

Сваю грамадзянскую пазіцыю выказваў, схадзіўшы мінулай вясной на Кастрычніцкую плошчу яшчэ раз. Патрабаваў… звольніць Лукашэнку.  Гэта быў звычайны дзень – здаецца, пятніца. Я правёў адзіночны пікет –  выходзіў з белым аркушам паперы. Прастаяў недзе 10 хвілін, забралі і адвезлі ў Ленінскае РУУС.  Праз тыдзень адбыўся суд, прысудзілі штраф. Зараз вінен дзяржаве рублёў 350 ці 400, не памятаю. Мяне абвінавачваюць у несанкцыянаваным пікеце. Штраф я не плаціў, нядаўна прыязджалі судовыя выканаўцы – забралі прынтар. Зараз хочуць заблакаваць тэлефонны нумар.

Што цікава, першы выпісаны штраф за пікет пасля 25 сакавіка (лаяўся матам і ўсё такое), з мяне не патрабуюць. А вось пасля другога выпадку -  узяліся. Тут ім не сорамна, а за першы як бы сорамна трошкі. Такая карціна.

Сябры і блізкія ўжо не адгаворваюць недзе ўдзельнічаць. Раней такое здаралася. Што тычыцца працы, то я працую адзін і ўвогуле лічуся беспрацоўным. Таму на працы аглядвацца ні на каго не трэба. А вось наконт афіцыйнага беспрацоўя, мяне плануюць накіраваць у ЛПП. Я, вядома, супраць. Таму пабачымся 25 сакавіка.

З усіх лідараў апазіцыі я ўспрымаю і паважаю толькі Міколу Статкевіча. Страшна ці не? Заўсёды страшна, можа здарыцца ўсё што заўгодна.


“Мяне тая падзея вельмі моцна загартавала па жыцці…” 

Любоў Дзядзінкіна ўпэўнена: Дзень волі  не мусіць быць забытым, і яго трэба святкаваць на вуліцах Беларусі ўсім народам. У мінулым годзе яе ўсмешлівае сэлфі з сяброўкай на фоне шэрагу шчытавікоў, якія перакрывалі праспект Незалежнасці падчас разгону вулічнай акцыі, імгненна разляцелася па СМІ і сацыяльных сетках. Але што было пасля?

Героі Дня Волі-2017 распавядаюць, як жывуць праз год пасля затрыманняў

“У жніўні мяне звольнілі з працы. Праблемы пачаліся, канешне, раней... звольнілі не вельмі прыгожа. Маглі б патэлефанаваць, папярэдзіць. Але  мне падаецца, што калі штосьці такое непрыемнае адбываецца, то потым падарункам лёсу штосьці іншае прыходзіць у жыццё.

Я пайшла ў Парк Чалюскінцаў з сябрам, а там раздавалі ўлёткі, маўляў, клуб набірае дзяцей на каратэ. Сябар сказаў мне: "Ідзі, падыдзі". Я падышла, і чалавек мне сказаў, што так, ім патрэбны трэнер. Цяпер вось я працую ў беларускамоўнай 4 гімназіі. Так склаліся абставіны, што год таму я пайшла на Дзень Волі, на такое беларускае свята, і вось патрапіла на працу ў месца, дзе бацькі шануюць беларускую мову.

На Дзень волі я заўседы хадзіла са сваім мужам Андрэем. Ён памёр. Праз год я вырашыла, што павінна абавязкова схадзіць на 25 сакавіка. Без яго. Мне было страшна, шчыра кажу. Я хацела даказаць, што я нічога не баюся. Цяпер я не баюся тых праблем, якія ў мяне ўзнікаюць у жыцці. У маім жыцці з'явіліся абсалютна іншыя людзі. Такое пачуццё, што ўсё, што было там, засталося за нейкай сценкай. Проста я сама змянілася.

Людзі вакол мяне бясстрашныя. Што б ні здарылася, яны ўстаюць і ідуць далей”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі