Каго цытаваў Лукашэнка і на што спасылаўся ў сваёй прамове

Каго цытаваў Лукашэнка і на што спасылаўся ў сваёй прамове

24 красавіка Аляксандр Лукашэнка выступіў з 1,5-гадзіннай прамовай перад Нацыянальным сходам. Большая частка паслання ўкладваецца ў рэчышча традыцыйнай рыторыкі кіраўніка краіны. Але некаторыя моманты выбіваліся з яе ці відавочна былі запазычаныя з іншых тэкстаў.

Кіраўнікі краін часцей за ўсё не пішуць тэксты самастойна. За іх гэта робяць спецыялісты — спічрайтары. Еўрарадыё заўважала, што, мяркуючы па апошняй прамове, Аляксандр Лукашэнка нядаўна памяняў спічрайтара.

Каб разабрацца, што да чаго і адкуль узятае, разглядаем пасланне Лукашэнкі з пункту канцэпцыі інтэртэкстуальнасці. Прамова пранізаная адсылкамі на іншыя тэксты. Па іх можна вызначыць, якую інфармацыю спажывае чалавек і ў якім інфармацыйным асяроддзі ён існуе.

Інтэртэкстуальнасць — тэрмін, уведзены ў 1967 тэарэтыкам постструктуралізма, французскай даследчыцай Юліяй Крысцевай для абазначэння сувязяў паміж тэкстамі. Тэксты (або іх часткі) могуць разнастайнымі спосабамі відавочна ці няяўна спасылацца адзін на іншы.

Ледзяная вайна

“Гучаць фразы пра пачатак халоднай вайны, нават больш — ледзяной”.

Першым, хто згадаў, што ў свеце ідзе не халодная, а “ледзяная вайна” быў кіраўнік МЗС Сербіі Івіца Дачыч. Яго выказванне тычылася высылкі расійскіх дыпламатаў з-за атручвання экс-палкоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля. Вялікабрытанія абвінаваціла ў злачынстве спецслужбы Расіі.

Напрыканцы траўня Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са спецпрадстаўніком Прэзідэнта Сербіі, міністрам унутраных спраў Нэбайшам Стэфанавічам. І тут у яго прамове ўсплывае цытата з выступу міністра замежных спраў Сербіі. Супадзенне?

Кіраўніцтва Беларусі сябруе з сербамі пра гэта можна меркаваць хаця б па размаху, з якім тыя вядуць будаўніцтва ў Мінску. Таксама варта разумець, што таксама за Сербію заўсёды “ўпісвалася” Расія прыгадаць хаця б марш-кідок расійскіх дэсантнікаў у Прышціну ў 1990-я. Так што, ужыванне “сербскай” метафары — зусім не выпадковасць.

Нервовая сістэма сучаснай цывілізацыі

“Інтэрнэт становіцца нервовай сістэмай сучаснай цывілізацыі”

Цытата належыць Міхаілу Вяршыніну. Яна даслоўна ўзятая з яго кнігі “Палітычная камунікацыя ў інфармацыйным грамадстве”: “Гісторыя трыумфу інтэрнэта яшчэ вельмі кароткая, але ўжо цяпер інтэрнэт робіцца нервовай сістэмай сучаснай цывілізацыі, здзяйсняе якаснае пераўтварэнне эканамічнай, сацыяльнай і палітычнай структур грамадства”.

Міхаіл Вяршынін — палітолаг, кандыдат філасофскіх навук, прафесар. Працуе ў Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным політэхнічным універсітэце.

З "нервовай сістэмай" у Беларусі апошнім часам не ўсё спакойна. Папраўкі ў закон “Аб СМІ” ўводзяць шэраг абмежаванняў камунікацыі ў глабальным сеціве. Калі інтэрнэт гэта нервовая сістэма, дык спробы яго кантраляваць гэта седатыўныя прэпараты?

Карта з мяжой пад Мінскам

“Да гэтага часу ў асобных краінах карты малююць з мяжой пад Мінскам”

Гэта адсылка да гісторыі з картай Польшчы ў аэрапорце Шапэна ў Варшаве. На той карце Польшча выяўленая ў межах пачатку 1939 года, калі ў яе склад уваходзілі заходнія землі Беларусі, заходнія землі Украіны, а таксама Вільня.

Перарваны палёт

“Чаму нашым грамадзянам больш выгадна лётаць адкуль заўгодна: з Вільні, Кіева, Варшавы, але не з Мінска”.

Падобна да таго, што Лукашэнка ператвараецца ў лабіста лоўкостаў (у тым ліку і расійскай авіякампаніі “Победа”), якія спрабуюць, ды ўсё не могуць прыйсці ў Беларусь. Гутаркі вакол гэтага сціхаюць доўгія гады. У момант, калі кіраўнік Беларусі казаў пра палёты, гендырэктар “Белавія” і дырэктар Нацыянальнага аэрапорта “Мінск” павінны былі напружыцца. Менавіта яны часцей за ўсіх агучваюць прычыны, па якіх танныя авіякампаніі не могуць прыйсці ў Беларусь.

Таксічная прапаганда

"Я гляджу на некаторых, іх называюць яшчэ "гаваркія галовы", яны ўжо закасалі рукавы, гатовыя ўзяць мінімум кулямёты і гранатамёты, і ваяваць з усім светам".

Тут адсылка і да Дзмітрыя Кісялёва з яго радыеактыўным попелам, і да вядучых праграмы "Вести 24", якія распавядаюць, што браць з сабой у бамбасховішча. А, магчыма, і да нядаўняй прамовы Уладзіміра Пуціна, які ў жывым эфіры распавядаў па расійскіх тэлеканалах пра найноўшае ўзбраенне, здольнае знішчыць увесь свет.

Высновы

Гледзячы на цытаты і адсылкі ў пасланні Аляксандра Лукашэнкі, можна сказаць што і ён сам, і тыя, хто працуе над яго тэкстамі, у першую чаргу чытаюць расійскія СМІ і амаль цалкам пагружаныя ў расійскае інфармацыйнае поле.

Яны цытуюць расійскіх навукоўцаў, адсылаюць да дзеянняў расійскіх вядучых, да навін, якія публікуюць расійскія выданні. Хаця, варта прызнаць, што і беларускія СМІ яны чытаюць, іначай не было б згадак пра лоўкосты і скандал з картай Польшчы. Не засталося без іх увагі і абмеркаванне ў незалежных беларускіх СМІ магчымага рэферэндуму, і заяўленай Лукашэнкам перадачы часткі прэзідэнцкіх паўнамоцтваў іншым галінам улады.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі