Карнавал замест рэвалюцыі: Майдан ператвараецца ў забаву

4 снежня ў цэнтры Кіева пачынаецца шумна — дэманстранты з Майдана Незалежнасці ідуць у бок Кабінета міністраў, каб ізноў яго заблакаваць. Гэта новая стратэгія ўкраінскай апазіцыі, расказвае адзін з лідараў Алег Цягнібок.

“Мы пераходзім ад дзённай акцыі пікетавання Адміністрацыі прэзідэнта да кругласутачнай акцыі пікетавання Адміністрацыі прэзідэнта, урадавага квартала і ўтрымання ўсіх тых ключавых кропак, якія цяпер ёсць. Але наша патрабаванне ў такім выпадку іншае — не толькі адстаўка ўраду, але і правядзенне датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў”.

Тым часам прэзідэнт Віктар Януковіч едзе ў Кітай з афіцыйным візітам і невядома, калі адтуль вернецца. Бо на зваротным шляху збіраецца правесці перамовы з Уладзімірам Пуціным у Маскве. Не асабліва перашкаджае блакада і прэм’еру Азараву.

“Я прашу грамадзян праявіць разважлівасць і разблакаваць працу дзяржаўных органаў. Кожны дзень і нават гадзіна такога блакавання наносіць адчувальную шкоду краіне, і, у прыватнасці, яе бюджэту”, — стрымана піша ён на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку". І абяцае пакараць усіх вінаватых у начным разгоне Майдана.

Гэтага ж патрабуюць і апазіцыянеры. Першы суд над удзельнікамі сутычак з праваахоўнікамі праходзіць 3 снежня, 4-га судзяць меркаваных удзельнікаў штурму Адміністрацыі. Сярод іх нават былы дырэктар гурта “Акіян Эльзы” і сябра Святаслава Вакарчука Юры Балотаў. Сведкамі па справах выступаюць міліцыянты. Рашэнне суддзяў — пакінуць падазраваных пад вартай на два месяцы. “Каб пабоі зажылі”, — тлумачаць праваабаронцы.

У паспяховасць дзеянняў апазіцыі не асабліва верыцца. Адзінае, на што зараз яна можа разлічваць, — рэзкае ўзрастанне хвалі пратэстаў і колькасці мітынгуючых, прызнае баксёр і палітык Віталь Клічко.

“Гэта наш сённяшні план дзеянняў, наш пакет. І мы з ім будзем рухацца. Маем дакладны план. Асноўная задача нашай акцыі — яе пашырэнне”.

Прамаўляе Клічко не вельмі ўпэўнена. Колькасць удзельнікаў пратэстаў паступова зніжаецца. І нават на Майдане апазіцыянераў слухаюць далёка не ўсе. Людзі становяцца ў чэргі, каб наведаць захоплены будынак гарадской адміністрацыі, гуляюць у футбол на Крышчаціку, спяваюць і п’юць піва на Майдане, грэючыся ля металічных бочак з распаленым вуголлем. Уначы людзі ездзяць па вуліцах з уключанай аварыйкай і сігналяць з усяе моцы. Радуюцца і весяляцца. Пратэсты ў Кіеве ператвараюцца ў масавыя гулянні. Але дастаткова ад’ехаць ад Майдана адзін прыпынак на метро, каб зніклі ўсе прыкметы рэвалюцыйных падзей.

Яшчэ адна надзея апазіцыі — на Еўрасаюз. Лідар фракцыі “Бацькаўшчына” ў Вярхоўнай Радзе Арсеній Яцэнюк расказвае, што спрабуе ўсталяваць кантакт з Еўрасаюзам. У прыватнасці, толькі што сустракаўся з сакратаром Савета Еўропы.

“У нас толькі што адбылася сустрэча са спадаром Ягландам Торнб’ёрнам — гэта генеральны сакратар Савета Еўропы. Мы паінфармавалі аб той сітуацыі, якая склалася ва Украіне. Расказалі пра механізмы правакацый, якія арганізоўвае ўлада”.

Яцэнюк гаворыць, што спадзяецца на дапамогу Еўропы ў вырашэнні палітычнага крызісу. Якой можа быць гэтая дапамога — канкрэтна не ведае.

Што будзе далей з Еўрамайданам, пакажуць бліжэйшыя дні. Відавочна, што толькі на актывістах апазіцыйных партый пратэсты доўга не пратрымаюцца. Калі лідары не прапануюць нешта новае і цікавае — пратэсты заціхнуць самі па сабе, без удзелу “Беркута” і іншых сілавых структур. Танцы ля напалову разабранай навагодняй ёлкі на Майдане людзям здольныя надакучваць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі