Коля Лукашэнка ў цягніку: кепскі піяр ці пераходны ўзрост?

Коля Лукашэнка ў цягніку: кепскі піяр ці пераходны ўзрост?

“Без мамы і таты” ў плацкартным вагоне сын кіраўніка Беларусі выправіўся на Магілёўшчыну. Фотадоказ гэтага экстрэмальнага падарожжа з’явіўся некалькі дзён таму ў СМІ. Факт самастойнай паездкі Мікалая Лукашэнкі па “месцах баявой славы” бацькі пацвердзіла прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі. Але ці сапраўды гэта была звычайная паездка, а не пачатак нейкай піяр-кампаніі?

На думку рэкламшчыка Андрэя Гусарава, нічога ад сапраўднай піяр-кампаніі ў гэтым фота Колі няма.

Гусараў: “Па шчырасці, як прафесіянала мяне гэта сітуацыя абсалютна не кранула. Вось калі б Мікалай паляцеў на самалёце Wargaming і быў на яго крыле, а яшчэ лепш — калі б сеў на шпагат, то, магчыма, я палічыў бы гэта піяр-акцыяй. А так гэтую паездку нечым надзвычайным я не лічу”.

Аналітык “Ліберальнага клуба” Вадзім Мажэйка ўпэўнены: казаць, што такім чынам Аляксандр Лукашэнка пачынае сваю перадвыбарчую кампанію да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, таксама не выпадае.

Мажэйка: “Не думаю, што на падставе аднаго фота варта казаць пра выбарчую кампанію 2020 года. Я не ўпэўнены, што большасць беларусаў прыгадае, што выбары ў 2020 годзе будуць. Хаця, у прынцыпе, для любога палітыка ў любы час і ў любой краіне нармальнай з’явай было паказаць, што і ён, і яго сям’я такія ж, як увесь астатні народ. Што яны ядуць тую ежу, якую набываюць у тых жа крамах, што і ўсе, і ездзяць тымі ж цягнікамі. Але, думаю, гэта занадта вялікія ідэі для нашай краіны, і ініцыятыва падлетка падаецца мне больш рэалістычнай, чым нейкая канспіралогія”.

“Калі за гэтым мы пабачым развіццё падзей — калі заўтра Мікалай пачне рабіць сэлфі і завядзе твітар-акаўнт, — тады будзем казаць пра нешта больш маштабнае. Але пытанне канчатковай мэты. Любы праект будуецца на наступным падмурку: мэта, задача, сродкі дасягнення, вынік. Якім можа быць вынік ад гэтага фота і такой піяр-акцыі?” — падтрымлівае калегу Андрэй Гусараў.
 

Цалкам размову з Андрэем Гусаравым і Вадзімам Мажэйкам можна паглядзець тут:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі