Конрад Паўлік: Бязвізавы рэжым паміж Беларуссю і ЕС цалкам магчымы

Конрад Паўлік: Бязвізавы рэжым паміж Беларуссю і ЕС цалкам магчымы

Ці з’яўляецца карта паляка пагрозай нацыянальным інтарэсам Беларусі і як бы ў Польшчы паставілася да выдачы Мінскам карты беларуса беларусам Польшчы? Чаму палякі адмаўляюцца набываць электрычнасць БелАЭС? На гэтыя ды іншыя пытанні ў жывым эфіры адказаў Надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Конрад Паўлік.

 

Пра ўзаемаадносіны паміж Польшчай і Беларуссю

 

Для кожнага пасла важна, каб падчас яго дыпламатычнай місіі адбываўся пэўны дыпламатычны працэс. Я рад, што мая місія, якая пачалася ў сакавіку 2016 года, супала з працэсам нармалізацыі паміж нашымі краінамі. Для мяне больш важнымі падаюцца будаўніцтва, магчымасць даць штуршок новым дзеянням, чым знішчэнне і разбурэнне. І за апошнія паўтара года мы ўзнавілі шмат якія кантакты на ўзроўні ўрадаў і розных ведамстваў, усталявалі міжпарламенцкія кантакты, развіваем бізнес. Палякі актыўна карыстаюцца бязвізавым рэжымам для паездак у Гродна і на Аўгустоўскі канал. Практычна кожны тыдзень у Беларусі праходзіць нейкае мерапрыемства, звязанае з Польшчай. І Беларусь у Польшчы вельмі актыўна працуе над тым, каб паказаць сябе з лепшага боку. У мяне складваецца ўражанне, што абодва бакі стараюцца дагнаць страчаны час і вярнуць страчаныя шансы. Але гэта пэўны працэс, які патрабуе ветлівасці, сумеснай працы і стварэння атмасферы даверу. Мы павінны, як правільна заўважыў ваш міністр Уладзімір Макей, пазбаўляцца старых стэрэатыпаў і забабонаў. А яны ёсць, і перашкаджаюць глядзець адзін на аднаго аб’ектыўна. Мы можам, пры ўзаемнай добрай волі абодвух бакоў гэтыя спрэчныя пытанні вырашыць. Ёсць некалькі сфер, у якіх мы павінны папрацаваць. Найперш, гэта прававая база. Час штурхануць гэты працэс наперад.

 

Пра карту паляка і магчымае з’яўленне карты беларуса

 

Мы не павінны ствараць міфаў вакол карты паляка. Для Польшчы карта паляка ― перш за ўсё маральная кампенсацыя для былых грамадзян Польшчы, для тых людзей, якія адчувалі сябе палякамі, у якіх у савецкія часы было складанае жыццё з-за таго, што яны прызнавалі сябе палякамі, адкрыта казалі пра свае карані. Таму для нас карта паляка — своеасаблівая маральная кампенсацыя гэтым людзям. Але мушу сказаць, што большаць не карыстаецца картай паляка, трымае яе як сімвал на палічцы ў кухні. Большасць людзей карыстаецца картай паляка для таго, каб атрымаць бясплатную польскую візу, ці моладзь, каб паступіць у польскае ВНУ. Мы выдалі каля ста тысяч карт паляка беларусам, гэта прыкладна палова карт, якія мы выдалі па ўсім свеце. Але, па нашай інфармацыі, нягледзячы на гэта, з Беларусі ў Польшчу з’ехала толькі каля тысячы ці дзвюх тысяч чалавек. Да ўсяго, карта паляка выдаецца на 10 гадоў, пасля яе трэба аднаўляць. Мяркую, што вялікая колькасць тых, хто яе атрымаў, працягваць яе не прыйдуць. Бо шмат хто атрымліваў яе з прынцыпу, дзеля, так бы мовіць, маральнага задавальнення, але ні разу ёй так і не скарыстаўся.

Калі казаць пра карту беларуса, то тут важна, што гэта будзе азначаць у плане палітыкі ў дачыненнях з дыяспарай. Калі гэта будзе аналаг карты паляка, то я не думаю, што для Польшчы гэта будзе нейкім выклікам. Мы праводзім вельмі адкрытую палітыку адносна нацменшасцяў у Польшчы. У беларускай, як і ў іншых нацменшасцяў, ёсць свая газета, ёсць магчымасць навучання па-беларуску ― беларускія школы працуюць у Бельску-Падляскім і ў Гайнаўцы. У нас ёсць тэлеканал з праграмамі па-беларуску, у Беластоку працуе беларускамоўная радыёстанцыя.

 

Пра “палітызаванасць” пытання БелАЭС і адмову набываць з яе электрычнасць

 

Польшча зацікаўленая ў тым, каб усе, калі ёсць такія, непаразуменні, звязаныя з будаўніцтвам Беларускай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы, былі спакойна высветленыя і прапрацаваныя. Для нас самае галоўнае пытанне ― пытанне бяспекі. Але мы ні ў якой ступені, і я гэта падкрэсліваю, не зацікаўленыя ў палітызацыі гэтага пытання. Што тычыцца набыцця электраэнергіі з Астраўца Рэспублікай Польшча, то на дадзены момант мы ў такім імпарце не зацікаўленыя, не маем у ім патрэбы. У нас ёсць свае рэсурсы, з якіх мы вырабляем электраэнергію, найперш, гэта буры і каменны вугаль. Таму, у плане электраэнергіі Польшча самазабяспечаная. Наша краіна імпартуе мінімальную колькасць электраэнергіі, калі ўвогуле імпартуе. Беларускі бок пра гэта ведае і, як мне падаецца, разумее.

 

Пра беларускіх турыстаў у Польшчы, візы і бязвізавы рэжым

 

Турыстычная плынь з Беларусі ў Польшчу была, ёсць і будзе. Хай іх было не шмат, але пачынаючы з 2015 года іх колькасць расце. І гэта рэальнасць. Мне пра гэта неаднаразова казалі польскія тураператары. Што да віз, то ў 2015 і ў 2016 гадах тры нашы консульствы ў Беларусі выдавалі штогод каля 400 тысяч віз ― больш паловы ўсіх “шэнгенаў”, што атрымлівалі беларусы. Штодня, без святаў і выходных, выдавалася больш за 1 тысячу віз беларусам ― гэта велізарная колькасць! Пры гэтым, менш за 1% заяўнікаў атрымалі адмову ў візе. А з адкрыццём у вашай краіне візавых цэнтраў якасць абслугоўвання візавых кліентаў значна палепшылася. А ў сувязі з тым, што адбываецца ўсё больш паўторных падач на візу, то павялічваецца колькасць шматразовых і шматгадовых віз.

Мне падаецца, што бязвізавы рэжым паміж Беларуссю і ЕС, каб беларусы, як малдаване, грузіны ці ўкраінцы, маглі без віз ездзіць у Еўрасаюз, цалкам магчымы. Мы павінны рухацца ў гэтым накірунку і садзейнічаць прыняццю такога рашэння. Гэта задача для абодвух бакоў ― беларускага і еўрапейскага. Безвіз будзе толькі ўмацоўваць узаемаразуменне, садзейнічаць узаемным кантактам

 

Пра беларускую мову

 

Я вучу беларускую мову. І нават час ад часу стараюся размаўляць па-беларуску. Праўда, часцей ― не публічна, падчас прыватных сустрэч у цішы кабінета. Хацелася б больш часу выдзяляць на гэтае маё вучэнне, але не заўжды ёсць такая магчымасць ― павестка пасла дастаткова актыўная, шмат розных падарожжаў. Спадзяюся, што бліжэй да сярэдзіны маёй місіі я здолею хаця б частку інтэрв’ю даць па-беларуску. Тут галоўнае, каб, адказваючы на пытанні, адчуваць сябе разняволеным і каб лексіка была дастаткова багатай.

 

Цалкам размову з паслом Польшчы Конрадам Паўлікам можна паглядзець:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі