Кошт бяспошлінных пасылак вырасце амаль удвая

“120 еўра. Раз на месяц. На такую суму можна без пошліны атрымаць пасылкі”, — гавораць мне ў даведцы “Белпошты”.

Усё даражэйшае — толькі з мытным афармленнем. Не дзіва, што шмат хто набывае тавары на “Амазоне” і яго шматлікіх кітайскіх аналагах праз знаёмых у Вільні і Кіеве. Танней і хутчэй выходзіць.

Але вось цуд —  праз тры месяцы сума, на якую можна будзе раз на месяц набываць нешта за мяжой з дастаўкай у Беларусь па пошце, вырасце амаль удвая. Кіраўнік краіны ўжо падпісаў адпаведны ўказ.

“У адпаведнасці з указам, да 200 еўра павялічваецца норма бяспошліннага ўвозу тавараў для асабістага карыстання ў міжнародных паштовых адпраўленнях і ў адпраўцы экспрэс-дастаўкі, агульная вага якіх не перавышае 31 кг”, — паведамляюць у прэс-службе кіраўніка краіны.

Указ №360 уступае ў сілу праз тры месяцы пасля падпісання. Гэта значыць, у канцы кастрычніка. Навіна ўжо ўскалыхнула інтэрнэт-форумы. Асабліва радыя аматары кітайскага інтэрнэт-шопінгу. Нядзіўна. На адным з папулярных сайтаў усяго за пяць хвілін на суму ў 200 еўра “апранаюся” з ног да галавы. Красоўкі за 20, штаны за 40. Кашуля, цішотка, гара шкарпэтак, шорты — на усё гэта “трачу” яшчэ 100 еўра. Дваццатка застаецца на гадзіннік. Якасць тавару такая ж, як у беларускіх крамах, пішуць пастаянныя кліенты на форумах крамаў: “Той самы Кітай паўсюль, толькі ў інтэрнэце нашмат танней”.

Усю гэтую вопратку можна набыць прыкладна на 200 еўра на сайце кітайскай анлайн-крамы. 

Што танней — цяжка не пагадзіцца. Але нашмат марудней. У адным са сталічных паштовых аддзяленняў Еўрарадыё расказваюць, што цяпер пасылкі на мытні затрымліваюцца ў сярэднім на 15-20 дзён.

“Пакуль не пройдзе мытню. Калі пасылка пройдзе мытню, то мы вам яе выдадзім. Апрацоўвацца яна будзе тыдні 2-3”.

Пасля мытні рэчы яшчэ чакаюць гаспадароў на пошце — супрацоўнікаў часта не хапае для своечасовага і хуткага разбору патоку пасылак з Кітая. Што будзе ў канцы восені, паштавікі пакуль не ведаюць. Відавочна, што колькасць міжнародных пасылак толькі вырасце, а чакаць іх беларусам давядзецца даўжэй.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі