Лукашэнка вывучыў новы выраз: "У чорным целе"

Ілюстрацыя: самае вядомае чорнае цела ў свеце.
Ілюстрацыя: самае вядомае чорнае цела ў свеце.

Аляксандр Лукашэнка двойчы за два тыдні прамаўляе фразу, якую раней не казаў:

"Мы не можам у чорным целе трымаць народ", — гэта чыноўнікам сёння на нарадзе па эканоміцы.

"У нас чыноўнікаў менш, чым у іншых краінах, пры гэтым трымаем іх у чорным целе", — гэта ў Пасланні парламенту і народу 24 красавіка.

Што азначае гэты фразеалагізм? Першапачаткова конегадоўчы тэрмін "трымаць у чорным целе" абазначаў "карміць умерана, не даваць тлусцець, каб мяса было пазбаўленае тлушчавых праслоек, было цёмным". Пасля фраза стала азначаць фізічныя нягоды: "трымаць у чорным целе" азначае не даваць есці ўволю, апранаць у лахманы.

Чыноўнікі ў сакавіку зараблялі ў сярэднім 1261 рубель 70 капеек, сярэдні заробак у краіне — 926 рублёў 80 капеек. Хто тут у чорным, а хто ў белым — вырашайце самі.

Як новы выраз патрапіў у актыўны слоўнікавы запас Аляксандра Лукашэнкі?

Можна было б выказаць здагадку, што кіраўнік дзяржавы выпадкова падгледзеў яго ў апавяданні Тургенева "Му-му", якое чытаў для урока рускай літаратуры яго малодшы сын Мікалай. Але "Му-му" праходзяць у пятым класе, а Мікалай Лукашэнка ўжо заканчвае сёмы клас, так што, гэтую версію мы адкідваем.

Напярэдадні красавіцкага паслання Еўрарадыё пісала пра тое, што ў Аляксандра Лукашэнкі змяніўся спічрайтар. Магчыма, ён і падкінуў кіраўніку дзяржавы новы выраз. Як і многія іншыя цытаты з прамоваў Лукашэнкі, гэтая запазычаная з расійскага інфармацыйнага поля.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі