Маладая дзяўчына ходзіць у паліклініку раз на год, бабуля — 25 разоў

“У краіне каля 2% насельніцтва, мякка кажучы, занадта часта прыходзіць у паліклініку. Гэта досыць вялікая колькасць пацыентаў, таму што ёсць людзі, якія прыходзяць да лекара кожны дзень або праз дзень”, — цытуе БелТА словы дэпутата Палаты прадстаўнікоў Дзмітрыя Шаўцова.

Ён прапануе два варыянты: зрабіць наведванне паліклініцы па кошце талончыка на праезд ці даць 11 бясплатных наведванняў на год, а за астатнія браць грошы, ужо большыя, чым кошт талончыка.

Еўрарадыё выпраўляецца ў 15 мінскую паліклініку на Грушаўцы, каб абмеркаваць ініцыятыву дэпутата. Апоўдні людзей тут хапае, у чэргах па 6-7 чалавек.

“Я за платныя наведванні, хоць я і пенсіянерка, мне 76 гадоў, але тады будзе менш чарга. Часам прыходзяць бабулі, якія проста так, пагаварыць. Калі будзе задорага — дачка дапаможа”, — расказвае Зінаіда Фёдараўна.

За месяц яна ходзіць у паліклініку па некалькі разоў. А за год набяруцца ўсе 25 наведванняў, прызнаецца пенсіянерка.

Дзяўчына Аляксандра прыйшла за бальнічным.

“Платныя паліклінікі — няправільна. А калі нехта хварэе часта? Вось, калі больш паліклінік пабудаваць, то будзе лепш. А гэтыя ліміты нічога не вырашаць”, — даводзіць Аляксандра. Яна прыходзіць у паліклініку, добра, калі адзін раз на год.

Аляксей прыходзіць у паліклініку за даведкай, каб уладкавацца на працу. Лекара праходзіць за пяць хвілін і не хоча, каб бралі грошы за візіт.

“У мяне здароўе добрае. Але калі ў чалавека узрост 50+, то яму трэба будзе часта хадзіць, а калі яшчэ і плаціць за гэта, то не хопіць пенсіі”.

За ім з паліклінікі выходзіць маладая дзяўчына Анастасія. Яна таксама супраць аплаты паслуг медыкаў.

“Гэтае пытанне цяпер прапрацоўваецца, яшчэ рана казаць, наколькі гэта рацыянальна ці не. Ёсць людзі, якія ходзяць у паліклініку часта, гэта пацыенты з нейкімі хранічнымі захворваннямі”, — тлумачаць мне ў адміністрацыі 15 мінскай паліклінікі.

У 36 гарадской паліклініцы Мінска адміністрацыя выказваецца больш смела: плата за паліклінікі мусіць быць.

“Мы адназначна за! Мы ж не кажам пра усе наведванні за плату, мусяць застацца катэгорыі, якія будуць абслугоўвацца бясплатна. Ёсць катэгорыя, якая можа плаціць”, — кажуць у адміністрацыі.

Раней плату за паліклінікі прапаноўваў браць віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік. Паход да лекара у сакавіку віцэ-прэм’ер ацэньваў у 5 тысяч рублёў. Выходзіць, за паўгода лекар патаннеў на тысячу, бо талончык цяпер каштуе 4 тысячы.

Фота: ikirov.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі