Маленькі бункер пад полем з бульбай. Ці рыхтуюцца беларусы да ядзернай вайны?

Маленькі бункер пад полем з бульбай. Ці рыхтуюцца беларусы да ядзернай вайны?

Былы рэпарцёр Washington Post Рональд Кеслер у кнізе “Белы дом Трампа: змена правілаў гульні” распавядае, што Барак Абама на выпадак ядзернай пагрозы падрыхтаваў пад рэзідэнцыяй прэзідэнтаў ЗША пяціпавярховы бункер"Бомбасховішча Суднага дня". Выданне BBC раскручвае гісторыю: Абама такі не адзін. Заможныя амерыканцы купляюць бункеры, бо баяцца расійскіх ракет.

Мода ці параноя?

Параноя буяе па абодва бакі Атлантыкі. New York Post піша, што Пуцін рыхтуе велізарныя падземныя бункеры пад Масквой. The Independent сцвярджае, што шведскія ўлады пачалі інспектаваць бункеры на выпадак атакі з боку Расіі. А ў самой Расіі ўжо каторы гадоў працуюць некалькі фірм, якія займаюцца выключна будаўніцтвам vip-бункераў.

Кошт бюджэтнага варыянту — ад 160 тысяч рублёў (каля 5 млн расійскіх). Штогадовае комплекснае абслугоўванне аб'екта каштуе каля дзвюх тысяч рублёў. Але ці ёсць сэнс лічыць грошы, калі гаворка ідзе пра магчымасць перажыць ядзерны Апакаліпсіс?

Маленькі бункер пад полем з бульбай

У буйных мінскіх праектных бюро “Мінскграмадзянпраект” і “Белжылпраект” Еўрарадыё распавялі, што з просьбай стварыць праект да іх… ні разу не звярталіся. Але нават калі б гэта здарылася, дык паўсталі б пэўныя складанасці. “Звычайныя грамадзяне” не могуць замовіць праект такога кшталту.

“Так, мы праектуем такога роду абʼекты. Аднак грамадзяне не могуць пабудаваць на сваім участку бамбасховішча, каб яно ім лічылася афіцыйна. Прыватныя ўчасткі выдаюцца для пабудовы жылога дома. А гэта адмысловыя будынкі, — тлумачаць ва Упраўленні ваеннага праектавання, што профільна займаецца бамбасховішчамі. Для іх праектавання патрэбныя тэхнічныя ўмовы МНС і грамадзянскай абароны. Вы, вядома, можаце зрабіць сабе склеп з тоўстымі сценамі і перакрыццямі, але ён будзе бамбасховішчам толькі ў вашых фантазіях”.

Іншы выхад — купіць стары ваенны бункер. Некалькі гадоў таму яны перыядычна ўсплывалі на аўкцыёнах ад Мінабароны. Але гэта дорага, працаёмка і праблематычна. А мяркуючы па тым, што яны зніклі з аўкцыённых спісаў, Мінабароны ці прадало усе бункеры, ці перадумала прадаваць іх насельніцтву.

Ключ ад бункера… у ЖЭСе!

У Мінску больш за 1.000 дзеючых ахоўных збудаванняў. Вялікая колькасць старых бамбасховішч знаходзіцца у падвалах старых дамоў, школ, заводаў і адміністрацыйных будынкаў. У жылых дамах яны ў падпарадкаванні ЖЭСаў. Гэтыя сховішчы зачыненыя на замкі, а ключы… — у супрацоўнікаў жыллёва-эксплутацыйных службаў. І якая ад іх карысць? У выпадку, калі сховішча можа экстрана спатрэбіцца, супрацоўнік ЖЭСа папросту не паспее яго адчыніць.

Напрыклад, сховішча ў доме № 14 на вуліцы Брылеўскай ў Мінску. ЖЭС №79, дзе знаходзяцца ключы ад яго, месціцца на іншай вуліцы, у амаль што кіламетры ад гэтага дома. А вось і маршрут, якім мужны дворнік нясе запаветныя ключы пад завыванні сірэны паветранай трывогі. У выпадку ракетнага залпа па Мінску шанец схавацца ў дзяржаўным бамбасховішчы набліжаецца да нуля.

Маленькі бункер пад полем з бульбай. Ці рыхтуюцца беларусы да ядзернай вайны?

Наогул жа, варта задумацца аб пераездзе ў Албанію. Там у часы "халоднай вайны" было створана каля 700 тысяч бункераў і рознага кшталту ахоўных збудаванняў з разліку: адна пабудова на чатырох жыхароў. Невялікія, не асабліва зручныя, але ва ўмовах радыеактыўных пустак — цудоўнае месца для ўладкавання базы, дзе можна адпачыць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі