Мэр Харкава абяцае аднавіць знесены помнік Леніну

"Гэта можа быць сімвалічная дэсаветызацыя Украіны, але варта памятаць, што мы ведаем таксама з нашай гісторыі, што такія моманты эйфарыі часам дорага абыходзяцца ў будучыні", — піша ў Твітары польскі міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі мінулай зімой, калі украінцы валяць з п’едэсталу свайго першага Леніна.

Было гэта ў ахопленым Еўрамайданам Кіеве. Тады шмат хто засцерагаў дэманстрантаў ад настолькі радыкальных дзеянняў. Пасля масавых расстрэлаў на Майдане і уцёкаў Януковіча ленінапад працягнуўся ў іншых гарадах цэнтральнай і заходняй частак Украіны. А напрыканцы верасня дайшоў да усходняга Харкава. Самага вялікага ва Украіне Леніна — вышынёй ажно 20 метраў — валілі натоўпам. Спачатку падпілавалі ногі, а потым сцягнулі за шыю. На пастаменце перфаратарам выбілі папулярнае “Слава Украіне!”. Мэру Харкава, мільянеру Генадзю Кернэсу гэта недаспадобы.

“Сёння ноччу па-варварску быў разбураны помнік Леніну. Гэта быў самы вялікі манумент Леніну ва Украіне — помнік манументальнага мастацтва мясцовага значэння. Помнік знаходзіўся на дзяржаўным уліку як аб'ект культурнай спадчыны. Але манумент разбурылі. Павалілі на зямлю. Абломкі разабралі на сувеніры тыя людзі, якія гэты помнік люта ненавідзелі”, — гаворыцца ў заяве Кернэса, апублікаванай на сайце гарсавета.

Кіраўніцтва харкаўскай абласной адміністрацыі больш гнуткае. Галава АДА Ігар Балута нават паспявае падпісаць пастанову аб дэмантажы помніка Леніну у працэсе яго разбурэння. А міністр унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў да лёсу помніка Леніну ўвогуле абыякавы.

“Ленін? Хай падае. Абы людзі не пацярпелі. Толькі б гэты крывавы камуністычны ідал, сыходзячы, не дадаў сабе ахвяр. Абы нягоднікі і падлы не скарысталіся бурай эмоцый харкаўчан, не выкарыстоўвалі гэта для чарговых сутыкненняў”, — напісаў міністр Авакаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Тым часам чарговыя сутыкненні ў Харкаве на глебе любові альбо нелюбові да бессмяротнага кіраўніка сусветнага пралетарыяту цалкам могуць адбыцца. Мэр Генадзь Кернэс ужо паабяцаў “абавязкова аднавіць незаконна разбураны помнік”. Так што новая народная украінская гульня “Павалі Леніна” можа працягвацца даволі доўга.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі