Міхаіла Бабіча сватаюць у амбасадары Расіі ў Мінску. Што ён за чалавек?

Міхаіла Бабіча сватаюць у амбасадары Расіі ў Мінску. Што ён за чалавек?

СМІ і нефармальныя крыніцы ўсё часцей называюць Міхаіла Бабіча самым верагодным кандыдатам на пасаду амбасадара Расіі ў Беларусі. Беларускі бок гэтую інфармацыю не пацвярджае. Як распавялі Еўрарадыё ў прэс-службе Міністэрства замежных спраў Беларусі ў панядзелак, 16 ліпеня, агрэман (атрыманне папярэдняй згоды) на прызначэнне Бабіча расійскім амбасадарам у Мінску яшчэ не атрыманы.

Што вядома пра Міхаіла Бабіча?

Міхаілу Бабічу 49 гадоў. Ён ураджэнец Разані, кандыдат эканамічных навук. Вядома, што ў 1986-1995 гадах ён служыў у паветрана-дэсантных войсках і ў войсках КДБ. У 1990-м скончыў Разанскую вышэйшую ваенную камандную вучэльню сувязі, а ў 2005-м — факультэт перападрыхтоўкі і падвышэння кваліфікацыі Ваеннай акадэміі Генштаба ўзброеных сіл РФ. На гэты момант Бабіч застаецца адзіным з васьмі ўпаўнаважаных прадстаўнікоў прэзідэнта Расіі, які не фігуруе ў кадравых указах Уладзіміра Пуціна за гэты год.

Апошнія сем гадоў Бабіч займае пасаду ўпаўнаважанага прадстаўніка прэзідэнта Расіі ў Прыволжскай федэральнай акрузе. Па інфармацыі выдання The Times, менавіта там, у горадзе Шыханы быў выраблены атрутны газ "Навічок", які фігуруе ў "справе Скрыпалёў". Пры гэтым Міхаіл Бабіч быў кіраўніком дзяржкамісіі па хімічным раззбраенні і абвяргае гэтую інфармацыю: "Усе базы, дзе захоўвалася хімічная зброя, вядомыя. Шыханы да іх не адносяцца. У Саратаўскай вобласці быў аб'ект, але не там".

У Шыханах знаходзіўся Дзяржаўны інстытут тэхналогіі арганічнага сінтэзу. Інспекцыя АЗХЗ (Арганізацыя па забароне хімічнай зброі) не знайшла на гэтым аб'екце ніякіх слядоў хімічнай зброі: ні слядоў распрацоўкі, ні слядоў вытворчасці, ні слядоў захоўвання. Таму, у адпаведнасці з рашэннем АЗХЗ у 1998 годзе ДІТАС не быў уключаны ў пералік аб'ектаў па знішчэнні хімічнай зброі".

Бабіч і Украіна

Летам 2016 года Масква збіралася адправіць Бабіча паслом ва Украіну, але Кіеў яго кандыдатуру не ўзгадніў. Украінскі бок спасылаўся на тое, што Бабіч быў членам Саўбеза Расіі, падтрымліваў рашэнне па Крыме і ўводзе войскаў ва Украіну ў 2014 годзе.

У эфіры ўкраінскага "5 канала" у 2016 годзе глава Камітэта Вярхоўнай Рады Украіны па замежных справах Ганна Гапко заявіла, што гэтае прызначэнне — чарговая правакацыя Расіі:

"Мы бачым, што гэта чарговая правакацыя з боку Масквы, парушэнне вызначаных пратакольных рэчаў, а таксама этычных. Але гэта тыповыя паводзіны дзяржавы-агрэсара для таго, каб чарговы раз зняважыць Украіну. І мы маем поўнае права разглядаць працяглы час, і маем права па розных крытэрыях не дазволiць гэтаму паслу".

Намесніца кіраўніка МЗС Украіны Алена Зяркаль пацвердзіла, што пытанне аб зацвярджэнні паслом Міхаіла Бабіча знятае менавіта па ініцыятыве ўкраінскага боку.

Міхаіла Бабіча сватаюць у амбасадары Расіі ў Мінску. Што ён за чалавек?
Міхаіл Бабіч з Уладзімірам Пуціным. Фота: Reuters

“Беларускі фронт”

Аўтары ананімнага тэлеграм-канала "Незыгарь" сцвярджаюць, што Бабіч у працэсе ўзгаднення. Лукашэнка асцерагаецца атрымаць “сур’ёзнага” амбасадара і цягне: “Пуцін спяшаецца да думскіх канікул прызначыць моцнага дыпламата ў Беларусь, на беларускі фронт. Менавіта фронт. У бліжэйшыя месяцы пачнецца жорсткая сутычка за Беларусь”. Паводле інфармацыі “Незыгаря”, Міхаіл Бабіч ужо рыхтуецца да пераезда ў Мінск: "Будучы амбасадар Расіі з сабой возьме вельмі сур'ёзную каманду эканамістаў і паліттэхнолагаў ў пагонах".

Кіраўнік праекта Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў лічыць, што калі чалавека з такім бэкграундам, як у Бабіча, прызначаюць паслом, дык гэта відавочная спроба ўзмацніць уплыў Расіі ў Беларусі:

"Да гэтага нам прызначалі адстаўных чыноўнікаў, якія ў чаканні пенсіі праводзілі нядрэнна час у Мінску, што казала пра тое, што нейкіх асаблівых праблем паміж намі не было. Калі б нам прызначылі кадравага дыпламата, то можна было б сказаць, што Масква зацікаўлена ў развіцці адносін, у развіцці дагаворнай базы, камунікацыі і кааперацыі. Але да нас адпраўляюць чалавека, які апошнія 15 гадоў займаўся кантролем і наглядам за расійскімі рэгіянальнымі элітамі. Гэта прызначэнне адбудзецца напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі (яны плануюцца ў 2020 годзе). І гэты момант прымушае беларускае кіраўніцтва вельмі нервавацца".

Кар’ера Міхаіла Бабіча ў расійскіх сілавых структурах сапраўды прымушае ставіцца да яго кандыдатуры з асцярожнасцю. Так кіраўнік "Палітычнай экспертнай групы" Канстанцін Калачоў ў размове з выданнем РБК, ахарактарызаваў Міхаіла Бабіча як жорсткага ваеннага чалавека, які заўсёды дамагаецца пастаўленых мэтаў:

"Ён ўплывовы чалавек з вялікай колькасцю сувязяў, вопытам і навыкамі, так што, калі яму што даручаюць, значыць, гэта лічаць адказным напрамкам. Магчыма, Масква разыграе схему "добрага і злога паліцэйскага", дзе Бабіч праявіць ў перамовах звыклую жорсткасць, а потым будзе змякчэнне на ўзроўні ўзаемадзеяння першых асоб і ўрадаў".

“Амбасадар прадстаўнік свайго прэзідэнта”

Беларускі палітолаг Яўген Прэйгерман лічыць, што прызначэнне новага амбасадара, нават такога як Міхаіл Бабіч, не будзе яскравым сведчаннем таго, што расійская палітыка неяк змяняецца ў дачыненні да Беларусі:

"Беларуска-расійскія адносіны — шматфактарныя. У іх задзейнічана шмат асоб, на самых розных узроўнях. І амбасадар усю палітыку не вызначае. Ён толькі прадстаўнік свайго прэзідэнта. Пакуль гэтыя размовы пра жаданне прызначыць новага амбасадара нічога не значаць.

Сурыкаў вельмі доўга [з 2006 года. — Еўрарадыё] займае сваю пасаду, і з кожны дзень верагоднасць таго, што яго заменяць, узрастае. Што тычыцца асобы Міхаіла Бабіча, яшчэ пытанне не вырашанае. І беларускі бок пакуль не даў агрэман на яго. Ні адна суверэнная дзяржава не будзе трымаць чужога пасла, які будзе гуляць на пагаршэнне стасункаў, таму не варта чакаць ад любога расійскага пасла, што ён будзе тут “рэзкім голасам”".

Ці магчымая сітуацыя, што Аляксандр Сурыкаў складзе свае паўнамоцтвы, а Беларусь не зацвердзіць кандыдатуру Бабіча, і Масква на пэўны час застанецца без амбасадара ў Мінску? Так, і больш за тое: такое ўжо было. У 2005 годзе Лукашэнка “ануляваў” агрэман на расійскага амбасадара Дзмітрыя Аяцкава, які так і не даехаў да Мінска. Тады Расія засталася без амбасадара на некалькі месяцаў.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі