Мікола Статкевіч вучыць у турме англійскую мову
Палітвязень нядаўна адзначыў дзень народзінаў у турме, ў які ягоныя аднадумцы зладзілі каля муроў турмы акцыю падтрымкі — феерверк.
Як распавяла ў інтэрв’ю Радыё Свабода жонка палітыка Марына Адамовіч, Статкевіч у апошнім лісце перадаваў падзякі ўсім, хто яго павіншаваў. Палітвязень таксама піша, што яму вярнулі раней канфіскаваныя газеты. Цяпер ён займаецца англійскай мовай і шмат чытае. Умовы знаходжання ў турме сталі нашмат лягчэйшымі, бо цяпер адышла спёка. Правакацыяў з боку турэмнай адміністрацыі больш няма.
Мікола Статкевіч адзіны з былых кандыдатаў у прэзідэнты, які дагэтуль ўтрымліваецца за кратамі. Статкевіч пакараны на 6 гадоў зняволення нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў пасля выбараў 19 снежня 2010 году, вынікі якіх апазіцыя палічыла сфальсіфікаванымі. Утрымліваюць Статкевіча ў крытай магілёўскай турме. Палітык адмаўляецца падпісваць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі.