Мінінфармацыі: Пакуль сайты не рэгіструем! Гэта ж у вас сайт не як tut.by?

“Найбольш папулярныя і ўплывовыя інтэрнэт-рэсурсы патрапяць у разрад СМІ і будуць несці адказнасць перад законам за распаўсюджванне любой інфармацыі — аж да адклікання рэгістрацыі”, — перадае БЕЛТА словы намесніка міністра інфармацыі Дзмітрыя Шадко.

Калі такое ліцэнзаванне ўвядуць — выйграюць замежныя рэсурсы і беларускія сайты, якія працуюць з-за мяжы, адразу гаворыць Еўрарадыё стваральнік партала tut.by Юрый Зісер:

“Справядліва, каб навінавыя сайты знаходзіліся ў адных умовах з традыцыйнымі медыя. Але ўсялякае ліцэнзаванне — гэта абмежаванне свабоды. Ад гэтага выйграюць расійскія канкурэнты, замежныя сайты, беларускія сайты, якія знаходзяцца за мяжой. У цывілізаваным свеце няма ліцэнзавання СМІ наогул. У Еўропе зараз адмененае ліцэнзаванне нават тэлебачання”.

Пры жаданні ўлады могуць абмежаваць доступ да любога рэсурсу і зараз, упэўнены рэдактар партала “Ежедневник” Сяргей Сацук:

“Гэта не накіравана на закрыццё рэсурсаў. Хутчэй, гэта робіцца, каб узяць пад кантроль пэўны кавалак інфармацыі, гэта накіравана на фільтрацыю інфармацыі, асабліва перад прэзідэнцкімі выбарамі”

Журналісты партала goals.by атрымоўваюць акрэдытацыі на футболы-хакеі і без рэгістрацыі сайта, гаворыць кіраўнік партала Максім Беразінскі:

“Не адчуваем сябе зашчэмленымі. А калі будзе ўведзена рэгістрацыя, можа, тады ўзнікнуць нейкія праблемы з акрэдытацыяй. Трэба зразумець, што гэта будзе за рэгістрацыя і як яна будзе праходзіць”, — тлумачыць Максім Беразінскі.

“Пакуль мы сайты не рэгіструем. Гэта будуць уносіцца змены. Тым больш там гаварылася аб буйных. Вы ж не адкрываеце сайт на ўзроні tut.by?” — ва ўпраўленні электронных СМІ Міністэрства інфармацыі адразу адсякаюць нашае жаданне зарэгістраваць умоўны сайт як СМІ. І не могуць сказаць, рэсурс з якой наведвальнасцю лічыцца ўплывовым. Раяць звярнуцца пазней.

Нагадаем, пакуль у Беларусі электронныя навінавыя парталы не рэгіструюцца, а, адпаведна, не падпадаюць пад існуючы закон "Аб СМІ", і папярэджанне ім вынесці немагчыма.

Фота: img.tumix.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі