Мінскі скутар-клуб: Трэба ўводзіць абавязковае страхаванне для скутараў

На форумах скутарыстаў скаргі: супрацоўнікі ДАІ час ад часу патрабуюць страхоўку на скутар. І нават даюць штрафы. Цікавімся ў ДАІ, ці абавязковая такая страхоўка?

“Мапеды (скутары) не падлягаюць абавязковаму страхаванню, толькі добраахвотнаму. Але іх і страхуюць добраахвотна, калі чалавек, напрыклад, адчувае адказнасць”, — тлумачыць Еўрарадыё ў Рэспубліканскай ДАІ.

Па законе, скутар належыць да катэгорыі мапедаў — аб’ём рухавіка меншы за 50 кубічных сантыметраў. Спрабуем застрахаваць такі “добраахвотна”.

“Як не страхавалі іх ,так і не страхуем. Кажуць, нешта зменіцца з 1 ліпеня. Калі нас абавяжуць, то будзем страхаваць. А цяпер нават няма тарыфаў, каб гэта зрабіць. А звыш 50 кубічных сантыметраў рухавіка — гэта як матацыклы страхуем”, — расказваюць у Белдзяржстраху.

У кампаніі strahovka.by гатовыя зберагчы ад страт у аварыі на скутары за 86 тысяч на год.

“86 тысяч на год. Тады ў выніку аварыі па вашай віне мы пакрываем вашу адказнасць. На 10 тысяч еўра максімальная выплата”, — адказваюць у кампаніі. Застрахуюць, калі будзе тэхпашпарт.

Неабавязковую страхоўку на скутар могуць прызнаць незаконнай, адразу кажа сябра рады мінскага скутар-клуба Віталь Філаценка:

“Скутар па нашых правілах — мапед. На яго няма абавязковага страхавання грамадскай адказнасці. Калі атрымаецца, што вы трапілі ў ДТЗ па сваёй віне і пацярпелы звернецца ў страхавую, то яму могуць адказаць, што дамова страхавання заключаная незаконна. Таму страхавыя па законе цяпер не могуць даць такі бланк”, — распісвае Віталь Філаценка.

І выказваецца за абавязковае страхаванне скутараў: гэта ўратуе пачаткоўцаў.

“Страхоўка каштуе капейкі, а камусьці выплачваць шкоду — гэта можа быць шмат. Пачаткоўцы, якія ездзяць першы-другі год, маюць шанец трапіць у аварыю. У мяне, праўда, была толькі адна аварыя і не па маёй віне. Але пачаткоўцы мусяць быць зацікаўленыя у зменах, бо гэта будзе для іх карысна”, — даводзіць Віталь Філаценка.

На 2011 год у Беларусі было зарэгістравана больш за тысячу скутараў. У 2010 годзе з іх удзелам адбылося 314 аварый. Віна кіроўцаў была прызнаная ў 208 выпадках.

Фота: http://bike.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі