Мінтранс умешваецца ў працу аўташкол – курсы кіроўцаў падаражэюць

Мінтранс умешваецца ў працу аўташкол – курсы кіроўцаў падаражэюць

Аўташколы будуць абавязаныя трымаць ва ўласнасці не менш за 50% вучэбных аўтамабіляў. Пастанова Савета міністраў пра гэта вынесеная на грамадскае абмеркаванне, якое працягнецца да 23 красавіка. Распрацоўшчык  дакумента – Міністэрства транспарту.

"У першую чаргу ад гэтых змен пацерпяць кліенты"

Новаўвядзенне заяўляецца з выключна чыстай і светлай мэтай – падвысіць адказнасць юрыдычных асобаў, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку вадзіцеляў. Але разам з адказнасцю (і неабходнасцю купляць дадатковыя аўто і выдаткамі па падтрыманні аўтапарка) падвысяцца і кошты вучэбных курсаў. Калі, вядома, аўташколы не знойдуць спосаб абысці папраўку:

"У першую чаргу ад гэтых змен пацерпяць кліенты,– распавядае Еўрарадыё Дзмітрый, дырэктар адной з прыватных мінскіх аўташкол.– У чым сэнс гэтай папраўкі і 50% для аўташкол? З аднаго боку, гэта можа быць для таго, каб засцерагчы навучэнцаў. Напрыклад, калі школа банкрутуецца  і на ёй ёсць нейкія аўтамабілі, яны прадаюцца з малатка, і навучэнцы давучваюцца або аўташкола разлічваецца з кліентамі. Гэта магчымая падушка бяспекі.

Але што забароніць аўташколе купіць якое-небудзь ламачча, каб яно проста лічылася, для галачкі? І яны будуць у шакаладзе! Але навучанне будуць праходзіць на машынах, якія на ладан дыхаюць. Іноў пацерпяць у першую чаргу вучні".

“Найму кіроўцу на свой аўтамабіль. Ён будзе яго "рэзаць" уздоўж і ўпоперак”

Змены могуць выбіць з рынку малыя аўташколы, у якіх няма свайго вялікага аўтапарка і якія не маюць сродкаў, каб утрымліваць яго. Большая частка іх вучэбных аўтамабіляў належыць інструктарам.

"Калі машына належыць індывідуальнаму прадпрымальніку, ён працаўладкаваны ў аўташколе, за яго яна плаціць падаткі. Ён трымае свой аўтамабіль у чысціні і парадку. Яму выгадна добра ставіцца да свайго аўтамабіля, – працягвае Дзмітрый. – Аўташколе выгадней, калі інструктар сам сочыць за сваёй машынай. Таму што калі ствараць уласны аўтапарк, дык патрэбна адразу ж некалькі механікаў, рамонтная майстэрня, дадатковыя бухгалтары.

Ну і яшчэ, пытанне ў стаўленні. Вось глядзіце, найму кіроўцу на свой аўтамабіль. Яму не будзе шкада гэтай машыны, ён будзе яе "рэзаць" уздоўж і ўпоперак. Будзе выкарыстоўваць і па сваіх асабістых справах, і халтурыць. Я ж за гэтым не змагу прасачыць. А індывідуальныя прадпрымальнікі зацікаўленыя ў добрым стане сваіх машын, таму што ад гэтага залежыць іх праца, іх хлеб".

Новыя ўмовы працы ўдараць найперш па прыватніках, бо ў дзяржаўных аўташколах такой праблемы няма. Ужо цяпер іх аўтапаркі практычна цалкам знаходзяцца ў іх уласнасці. Кіраўнік ДТСААФ Ленінскага раёна Уладзімір Прадзеін распавёў Еўрарадыё, што на іх гэтыя змены ніяк не ўплываюць: "Мы  ДТСААФ, і ў нас усё сваё. У нас цяпер аўтапарк на 90% складаецца з машын, якія ва ўласнасці аўташколы".

Прадзеін лічыць, што прапанаваная Мінтрансам папраўка – вельмі патрэбная і своечасовая: "Я лічу, што гэты дадатак вельмі правільны. І зрабіў бы нават не 50%, а ўсе 80%. Я марную грошы на рамонт і падтрыманне аўтамабіляў у добрым стане, а яны наймаюць інструктараў са старымі машынамі і, натуральна, у іх ніякіх лішніх растрат на іх няма, за ўсё адказвае ўладальнік аўто", – дадае суразмоўца Еўрарадыё.

Білет да Мінска каштаваў 6 рублёў, а зараз 7 рублёў

Сітуацыя з аўташколамі нешта няўлоўна нагадвае. Зусім нядаўна мы назіралі, як дбанне пра пасажыраў прывяло да фактычнай манапалізацыі дзяржавай рынку міжгародніх пасажырскіх перавозак. Пры гэтым дзяржаўныя перавозчыкі таксама здзіўляліся, як гэта прыватнікі ўсімі праўдамі і няпраўдамі скарачаюць свае выдаткі, каб зрабіць бізнес больш рэнтабельным. А Мінтранс прыйшоў і ўсё адрэгуляваў.

“«Полацкі экспрэс»[буйны прыватны перавозчык. Еўрарадыё] паехаў? Так. Білет да Мінска каштаваў 6 рублёў, а зараз 7 рублёў. Так, падаражанне будзе, але не ў два разы, таму што даражэе ўсё, тое ж паліва, – апраўдвае новыя парадкі Сяргей Дубіна, начальнік упраўлення аўтамабільнага і гарадскога пасажырскага транспарту Мінтранса.– Магчыма, у некага не было GPS-трэкераў, магчыма, з'явяцца выдаткі за заезд на аўтавакзал, аўтастанцыю або дыспетчарскі пункт (ад 1 да 6 рублёў)”.

Выдаткі перавозчыкаў растуць, а плацяць за гэта пасажыры. Каму трэба сказаць за гэта “дзякуй”?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі