Настаўніца года: У мяне мама настаўніца, сёстры настаўніцы, дачка ідзе выкладаць

Настаўніца года: У мяне мама настаўніца, сёстры настаўніцы, дачка ідзе выкладаць

У конкурсе “Настаўнік года” сёлета перамагла Святлана Румянцава з Наваполацка. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры перамагае ў такім конкурсе ўпершыню. Святлана працуе ў школе 24 гады, пасля заканчэння віцебскага ўніверсітэта імя Машэрава педагог не мяняла месца працы.

Еўрарадыё: Наколькі гэта наогул складаны конкурс?

Святлана Румянцава: Складаны, бо ўсе канкурсанты — лепшыя прадстаўнікі сваіх рэгіёнаў. Амаль увесь год рыхтавалася. За перамогу далі пуцёўку ў санаторый, грашовы сертыфікат на 920 рублёў. Яшчэ будзе сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам, кажуць, там таксама могуць быць нейкія падарункі.

Еўрарадыё: А чаму вырашылі стаць менавіта настаўніцай?

Святлана Румянцава: У мяне мама настаўніца, сёстры Алена і Таісія — таксама настаўніцы, дачка ў наступным годзе скончыць універсітэт і будзе настаўніцай. Але спецыяльнасці ва ўсіх розныя. Мама — матэматык, сёстры — хімік і біёлаг, дачка будзе настаўніцай англійскай мовы.

Еўрарадыё: Цяпер шмат кажуць пра праблемы ў школе, пра залішнюю папяровую працу, напрыклад. А вы якія актуальныя праблемы бачыце?

Святлана Румянцава: У мяне асноўная праблема ў тым, што не хапае часу ўсё паспець на ўроку на якасным узроўні. Але не скажу, што паперак дужа шмат, апошнім часам іх паменшала. Як класны кіраўнік, я абавязаная весці некаторыя паперкі. Але асноўнае — гэта журнал, план-канспект урока.  Як класны кіраўнік, два разы на год я наведваю сем’і, пішу акты. Але гэта праца патрэбная, бо класны кіраўнік не можа працаваць, не ведаючы ўмовы, у якіх жыве дзіця.

Еўрарадыё: А ёсць цяпер дзеці, якія добра па-беларуску гавораць, літаратуру чытаюць?

Святлана Румянцава: Вучні вельмі стараюцца. Але над маўленнем трэба працаваць. Калі на ўроку чуюць якасную беларускую мову, на перапынку, то яны пранікаюцца.

Еўрарадыё: Каго з сучасных аўтараў, якія пішуць па-беларуску, можаце назваць, хто падабаецца?

Святлана Румянцава: Мне падабаецца Валерый Гапееў, Андрэй Федарэнка, Рублеўская. А моладзь больш класікаў чытае, Караткевіча, напрыклад. Гэты год быў пад знакам конкурсу, часу чытаць не было асабліва. Хачу цяпер Віктара Марціновіча пачытаць.

Еўрарадыё: А што з заробкамі ў настаўнікаў?

Святлана Румянцава: Усё залежыць ад кваліфікацыі і ад самога настаўніка. У мяне цяпер 27 гадзін, таксама я настаўнік-метадыст (гэта ўзровень пасля вышэйшай катэгорыі) і класнае кіраўніцтва. Прэміі за алімпіяды і творчыя конкурсы, у мяне выходзіць больш за 900 рублёў, ад прэміі залежыць.

Еўрарадыё: Можа, вы, як дасведчаны спецыяліст, маеце аўтарскія ўрокі?

Святлана Румянцава: Мой досвед — гэта сістэма пазнавальных заданняў на ўроках беларускай мовы. Я шмат публікавалася ў часопісах, цяпер рыхтую з калегай дапаможнік па алімпіядных заданнях для вучняў восьмых і пятых класаў.

Еўрарадыё: Ці праўда, што цяпер вучні менш ведаюць?

Святлана Румянцава: Дакладна, не. Вучні розныя. Наша дзяўчынка з 9 класа ў гэтым годзе выйграла і гарадскі, і абласны конкурс, цяпер едзе на рэспубліканскі. Многія добра вучацца і рыхтуюцца да паступлення. У мяне ніколі не было стобальнікаў, самы лепшы вынік 97 балаў. Сёлета мая выпускніца набрала 91 бал. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі