праекты

  • На краі свету
Мінулы раз мы яшчэ начавалі на вуліцы. Цяпер вятры сталі невыноснымі, а тэмпература ўначы блізіцца да нулю.

На вуліцы не паспіш – трэба разрульваць начлег у хатах. А за час падарожжа па трапічнай частцы Аргентыны, мы ўжо адвыклі ад гэтага. 


Начавалі – гучна сказана. Спалі мы на аўтазапраўцы ўсяго тры гадзіны. А трэцяй ночы наш кіроўца фуры працягваў свой шлях на Поўдзень Патагоніі. І мы разам з ім. Аўтаспын у Патагоніі – проста казка. Адлегласці паміж гарадкамі – велічэзныя. Паміж імі – нічога, скрозь адны пампасы, ссохлая трава. А ноччу пад колы аўтамабіляў выскакваюць сотні трусаў. Раніцай – уся дарога ў крыві. Паабапал пасуцца сваякі ламаў – гўанакі.


Шчыльнасць насельніцтва ў Патагоніі – усяго 2 чалавекі на кіламетр квадратны. Клімат тут непрыгодны для жыцця. Аднак здабыча нафры ўсё ж прымусіла некаторых амерыканцаў атабарыцца тут. 


Раніцай мы з Верасьнем і Калюнем выйшлі на трасу. Тэмпература не сказаць, каб вельмі нізкая, але вецер прадзімае наскрозь. Выстаўляеш руку з пальцам, а яе зносіць назад. Ды і сам з цяжкасцю трымаешся на зямлі. Кажуць, тут вецер нават машыны часам пераварочвае. Рэдкія аўтамабілі, што праязджаюць паўз нас, не спыняцца. Кіроўцы толькі разводзяць рукамі.


Раптам дзесьці на гарызонце замаячыла знаёмая фігура – «Жыгулі». Крэхчучы і кульгаючы, машына спынілася каля нас. Вось ён, гэты аўтамабіль, які завязе нас на край свету – у самы паўднёвы горад Ушуаю. 


Неўзабаве дарога ўпёрлася ў ваду. Перад намі быў той самы Магеланаў праліў, па якім калісьці дзядзька Магелан абплываў Паўднёвую Амерыку. За пралівам – архіпелаг Вогненная Зямля. Пабачыўшы на востраве мясцовых індзейцаў, якія сядзелі голымі, а грэліся толькі абмазваючыся тлучам цюленеў і палячы вогнішчы, Магелан назваў гэтую невядомую дагэтуль зямлю – Дымнаю. Потым яе перайменавалі ў Вогненную. 


Калі паром перавёз нас на той бок, мы пабачылі сапраўдны агонь, які вывяргала зямля. Тут, на Т'ерра дэль Фўэга, здабываюць газ. І ён, вырываючыся з недраў зямлі, станновіцца вечным агнём. 


Усяго на востраве – каля 250 тысячаў жыхароў. Асноўны іх занятак – здабыча газу і жывёлагадоўля (тут разводзяць авечак і гўанакаў). 


Чым больш на Поўдзень – тым больш мяняецца клімат. Па-ранейшаму холадна, але вецер не такі моцны, яго спыняюць горы. Паціху сталі з'яўляцца дрэвы, рэчкі, азёры.


На «Жыгулях» мы так і не даехалі да Ушуаі. Спачатку пасярод кіламетраў і кіламетраў нічога ў машыны скончыўся бензін. Зганяўшы на траку ў бліжэйшы горад за 30 кіламетраў, кіроўца прывёз паліва, і мы зноў рушылі. Аднак ужо ў трыццаці кіламетрах ад Ушуаі ў нас адвалілася кола. 


І мы развіталіся з гаспадаром "Жыгулі" ды застопілі апошнюю ў гэтым падарожжы фуру. Так мы прыехалі самы паўднёвы горад планеты, на край свету – Ушуаю. 


Раніцай 17 красавіка надвор’е не заладзілася. Дождж змяняўся снегам. А той у сваю чаргу пераўтвараўся ў град. На небе – ніводнага прасвету. Але бліжэй да поўдня развіднелася, на небе з’явілася сонца. І снег на гарах ярка заблішчэў.


Сёння роўна год, як мы з усімі рэчамі за плячыма пакінулі дом і адправіліся ў Амерыку з табурэткай. Сёння праз год табурэт памочыць свае ножкі і тым самым атрымае апошні прытулак.


Мы доўга ішлі па краі зямлі, прабіраючыся па слізкіх схілах, пералазячы праз паваленыя дрэвы ды зарасці калючак. І нарэшце знайшлі гэтае месца.


На шляху да гэтага месца мы праехалі аўтаспынам і прайшлі пешшу каля 30 тысячаў кіламетраў, пабывалі ў 14 краінах, вывучылі паўтары новыя мовы, сустрэлі кучу добрых людзей, пазнаёмілі іх з беларускімі народнымі песнямі, знайшлі добрых сяброў. 


Гэтая экспедыцыя расставіла ўсё па-месцах. Мы ўсталявалі беларускі зэдлік разам з Калюнем і Алісай на беразе праліва Бігля. Кірыл разам з Лёнем - маленькі табурэцік, які насіла Лёніна дачка Магдалена (свой украінцы згубілі),  на беразе праліва Дрэйка. Расійскі і літоўскі зэдлікі знайшлі пакой непадалёк ад нашага.


З-за сумных падзеяў у Беларусі, нам было не да вялікіх подзвігаў. Зэдлік з гомельскай кухні застаўся з іншага боку планеты на краі свету. А мы – назад дадому. Пачаўся новы адлік.

 

 

ph