Пасол Бельгіі: У ідэале, візу для беларусаў трэба было б адмяніць увогуле

Пасол Бельгіі: У ідэале, візу для беларусаў трэба было б адмяніць увогуле

Жан-Арцюр Рэжыбо з’яўляецца паслом Каралеўства Бельгія адразу ў чатырох краінах ― Расіі, Беларусі, Арменіі і Узбекістане. Напярэдадні саміту Усходняга партнёрства дыпламат наведвае Мінск. Падчас сустрэчы з карэспандэнтам Еўрарадыё Жан-Артур Рэжыбо шчыра, але дыпламатычна разважае пра перспектывы збліжэння ЕС і Беларусі, правы чалавека, эканамічныя сувязі, неабходнасць міратворчай місіі на Данбасе і пераконвае, што ён ― не шпіён.

Еўрарадыё: Пасольства Бельгіі знаходзіцца ў Маскве, пра Беларусь вы ведаеце толькі “дыстанцыйна”? Што вас здзівіла ў нашай краіне?

Жан-Арцюр Рэжыбо: Свае даверчыя граматы я ўручыў кіраўніку Беларусі ў траўні. З таго часу я прыязджаю ў вашу краіну ўжо чацвёрты раз. Безумоўна, я не ведаю гэтую краіну гэтак жа добра, як тыя, хто тут жыве. Але мне падабаецца сюды прыязджаць. Я лічу, што паміж беларусамі і бельгійцамі няма асаблівай розніцы: усе мы еўрапейцы, усе мы імкнёмся неяк рэалізаваць сябе ў жыцці ― грамадскай і прафесійнай. Пакуль мы не ведаем добра адзін аднаго і ў гэтым мэта нашага кіраўніцтва ― пазнаёміць людзей нашых краін, як на ўзроўні асабістым, так і на ўзроўні дзяржаўным. Прызнаюся шчыра: калі я прыехаў сюды ўпершыню, мяне здзівіла, што Мінск ― вельмі сучасны ва ўсіх сэнсах горад. Мы павінны знайсці агульную мову. І таму я заўжды кажу: гэта важна, вывучаць замежныя мовы. Гэта мая парада моладзі. Я ўжо не такі малады, але таксама люблю вучыцца і хачу вывучыць рускую мову.

Еўрарадыё: Вы ж не толькі ў Расіі пасол, але ў і Беларусі, можа, і беларускую мову вывучыце?

Жан-Арцюр Рэжыбо: Пакуль не планую. Але з-за пэўнага падабенства рускай і беларускай моў я ўжо магу чытаць і разумець асобныя беларускія словы. Найбольш мне падабаецца, што калі ў беларускай мове пішацца “а”, то яно і чытаецца як “а”, не тое, што ў рускай мове, дзе, бывае, пішуць “о”, але чытаецца яно як “а”!

Еўрарадыё: Якія крокі робяць Мінск і Брусель, каб пацяпленне адносінаў паміж нашымі краінамі ішло як мага хутчэй?

Жан-Арцюр Рэжыбо: Бельгійская палітыка неадрыўна звязаная з палітыкай Еўрасаюза. Як сябра ЕС, Бельгія таксама вызначае палітыку ЕС. На гэтым тыдні ў Бруселі пройдзе саміт Усходняга партнёрства, на якім будзе прадстаўленая і Беларусь. Бельгія падтрымлівае крокі па аб’яднанні еўрапейскай супольнасці і Беларусі. Важна, каб у гэтых адносінах кожны з партнёраў адчуваў сябе добра. Паступова трэба выбудоўваць лепшае ўзаемаразуменне паміж бакамі, але ж мэтай ― рэалізаваць нейкія канкрэтныя мэты і праекты.

Еўрарадыё: Што вы маеце на ўвазе пад “аб’яднаннем еўрапейскай супольнасці і Беларусі”, можа, уваходжанне Беларусі ў ЕС?

Жан-Арцюр Рэжыбо: Гэта не стаіць на павестцы дня ў дадзены момант, але гэта і не стаіць па-за межамі абмеркавання такой магчымасці ў прынцыпе. Еўрасаюз адкрыты для ўсіх краін Еўропы, але ўваходжанне ў яго звязанае з выкананнем шмат якіх эканамічных і палітычных крытэрыяў. Пакуль у гэтых аспектах нашы краіны моцна адрозніваюцца. Мы б хацелі пераадолець гэтую розніцу, каб працаваць разам.

Еўрарадыё: Які на сёння ўзровень узаемаадносінаў паміж нашымі краінамі?

Жан-Арцюр Рэжыбо: Такога ўзроўню даверу, як хацелася б, няма. Не сакрэт, што ў палітычным плане ў нас няма агульнага погляду на рэчы, што адбываюцца. Мы даволі часта робім заўвагі нашым беларускім калегам датычна правоў чалавека. Але мы верым у дыялог і будзем далей яго весці. Мы будзем не толькі размаўляць, але і слухаць тое, што кажуць нам. Да прыкладу, мы вельмі цэнім імкненне Беларусі паспрыяць урэгуляванню канфлікту ва Украіне.

Еўрарадыё: Што сёння для вас на першым месцы ў стасунках з Беларуссю: правы чалавека ці рэгіянальная бяспека і эканоміка?

Жан-Арцюр Рэжыбо: Усе гэтыя пытанні маюць аднолькавае значэнне. Немагчыма развіваць эканамічныя стасункі, не вяртаючыся да пытання правоў чалавека. А выкананне правоў чалавека вельмі важнае ў вырашэнні эканамічных праблем. І таму мы гатовыя абмяркоўваць усе гэтыя пытанні, кранаючы і палітычныя, і эканамічныя аспекты.

Еўрарадыё: Якія чаканні Бельгіі ад саміту Усходняга партнёрства?

Жан-Арцюр Рэжыбо: Мы чакаем вызначэння нейкіх мэтаў, якіх будзем прытрымлівацца. Я кажу не пра нейкія агульныя дэкларацыі, а пра пастаноўку канкрэтных мэтаў, якія рэальна змогуць палегчыць жыццё канкрэтных грамадзян. Гэта можа быць ахова навакольнага асяроддзя, транспарт, крыніцы энергіі і гэтак далей.

Еўрарадыё: За некалькі дзён да пачатку саміту паміж Беларуссю і Украінай разгарэўся шпіёнскі скандал. Некаторыя эксперты кажуць, што час для скандалу абраны не выпадкова. Гэты скандал можа неяк сапсаваць беларускія пазіцыі падчас саміту?

Жан-Арцюр Рэжыбо: Я не вельмі добра ведаю падрабязнасці гэтага скандалу. Мы аддаем перавагу адкрытым перамовам і адкрытай дыпламатыі. Гаварыць адкрыта і давяраць адзін аднаму больш важна за нейкі шпіянаж.

Еўрарадыё: Які ж шпіён прызнаецца, што ён шпіён! Вы, дарэчы, на якую спецслужбу працуеце?

Жан-Арцюр Рэжыбо: Які з мяне шпіён ― я нават у войску не служыў! Што праўда, чатыры гады працаваў на Міністэрства абароны. Я не шпіён, але мая задача — сустрэцца з як мага большай колькасцю людзей з тых краін, дзе я з’яўляюся паслом. Сёння я бяру ўдзел у беларуска-бельгійскім бізнес-форуме, пазней еду на сустрэчу ў адну са сталічных ВНУ, заўтра буду на сустрэчы ў беларускім МЗС. Будуць сустрэчы і з чыноўнікамі, і з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці. Усё гэта не мае ніякага дачынення да шпіянажу, бо ўсе гэтыя сустрэчы адкрытыя і празрыстыя. Тое, што нас цікавіць як дыпламатаў, гэта паслухаць розныя пункты гледжання, якія існуюць у краіне. Каб зразумець краіну, трэба слухаць усіх.

Еўрарадыё: Якія вы ставіце перад сабой мэты, чаго хочаце дасягнуць за час працы паслом?

Жан-Арцюр Рэжыбо: Перш за ўсё, лепш даведацца пра вашу краіну. Калі я прыехаў, у мяне было такое ж адчуванне, што штодзённае жыццё не такое, якім я сабе яго ўяўляў да прыезду. Вельмі прыемным сюрпрызам, у прыватнасці, была магчымасць мець зносіны з людзьмі, слухаць іх. Гэта пераканала мяне ў тым, пра што я казаў вам на пачатку, што на самой справе мы значна больш блізкія, чым можна падумаць. Мая першая місія — спрыяць лепшаму разуменню паміж нашымі краінамі. Мая другая місія, і менавіта таму я сёння тут, — падтрымліваць развіццё эканамічных адносін паміж Бельгіяй і Беларуссю. І гэтую задачу я выконваю не адзін, а разам з маімі гандлёвымі аташэ. Нарэшце, трэцяя місія — гэта магчымасць абмяркоўваць з урадам Беларусі міжнародныя пытанні, у якія мы ўсе ўцягнутыя: пра Украіну, пра еўрапейскую бяспеку, многія іншыя рэчы, якія мы можам абмеркаваць разам. У прыватнасці, Бельгія цяпер кандыдат у Савет бяспекі па мандаце на два гады. І я прыехаў растлумачыць тут, у Беларусі, чаму мы з'яўляемся кандыдатам, і выслухаць бачанне Беларусі датычна Савета бяспекі.

Еўрарадыё: Ці цікавая з турыстычнага пункту гледжання Бельгія для беларусаў, колькі віз выдаецца штогод?

Жан-Арцюр Рэжыбо: У адпаведнасці з правіламі “Шэнгена”, амаль немагчыма дакладна даведацца, колькі людзей наведваюць Бельгію. Адзін прыклад: мы выдаём каля 200 віз штогод беларускім грамадзянам. Але гэта вельмі маленькая лічба. Цяпер ёсць прамое паветранае паведамленне паміж Беларуссю і Бельгіяй, і за 6 месяцаў 6 тысяч чалавек, якія ім скарысталіся. Ёсць шмат людзей, якія наведваюць Бельгію па шэнгенскіх візах, выдадзеных іншымі дзяржавамі, не Бельгіяй.

Еўрарадыё: Можа, калі б візы былі не 60, а 35 еўра, а то і ўвогуле бясплатнымі, то і турыстаў з Беларусі было б больш?

Жан-Арцюр Рэжыбо: У ідэале, візу трэба было б адмяніць. Гэта рашэнне, якое можа быць прынятае ў будучыні, гэта тое, што трэба абмяркоўваць. Гэта пытанне, да якога мы ставімся добразычліва. Але гэта працэдура, якая патрабуе шмат часу, бо ёсць шмат тэхнічных аспектаў, якія трэба абмеркаваць разам. Колькі каштуе працэдура атрымання візы? Кожны раз, калі мы просім людзей запоўніць анкеты, з'яўляюцца выдаткі. І мы працуем з установамі, якія задавальняюць запыты на візу. І кошт віз павінен дазваляць пакрыць гэтыя выдаткі.

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі