Павесіўся пасля пераводу з Печаў. Яшчэ адна страшная гісторыя ў арміі

Павесіўся пасля пераводу з Печаў. Яшчэ адна страшная гісторыя ў арміі

Смерць Аляксандра Коржыча ў вайсковай частцы ў Печах і разбіральніцтва, распачатае ў сувязі з гэтым, дало надзею на справядлівасць і іншым бацькам загінулых вайскоўцаў. Нягледзячы на заяву старшыні Следчага камітэта Івана Наскевіча пра паўторную праверку ўсіх падобных выпадкаў, справа 19-гадовага Паўла Старанкова дагэтуль застаецца па-за ўвагай сілавікоў, а лісты ды скаргі бацькоў — без адказу. Апроч сілавікоў, пошукамі Пашы займаўся атрад "Анёл", але ўсё безвынікова. Праз тры месяцы цела хлопца знайшлі рыбакі ў некалькіх кіламетрах ад часці. Экспертыза не здолела ўстанавіць, ці быў ён забіты. 

Пасля школы Павел Старанкоў пайшоў вучыцца на механіка ліфтаў у магілёўскі электратэхнічны каледж. Папрацаваўшы ў абласным цэнтры па спецыяльнасці, хлопец вырашае працягнуць навучанне, але не паступае. А 26 траўня 2016 года Паўла прызываюць у вайсковую часць 44540 пад Жодзіна, адкуль пасля прысягі накіроўваюць на вучобу ў 12-ю школу славутага Аб’яднанага навучальнага корпуса №72 ў Печах.

Ён мне тэлефанаваў з Печаў у ліпені і вельмі плакаў, быў вельмі засмучаны, — распавядае мама Паўла Валянціна Старанкова. — Я ў яго спыталася, ці цяжка служыць, ён адказаў, што цяжка. Але больш нічога не расказаў, можа, побач з ім стаяў хто. У жніўні я да яго прыехала, але ён ужо нічога не казаў, не скардзіўся ні на што. Разумееце, можа, яму загадалі, можа, нейкія разавыя выпадкі былі”. 

Павесіўся пасля пераводу з Печаў. Яшчэ адна страшная гісторыя ў арміі
Валянціна Старанкова з фотаальбомам сына. Фота: Валерый Прыгарын horki.info

Сям’я Старанковых жыве у вёсцы Хадосы Магілёўскай вобласці, таму грошы на Пашаву картку часцей пераводзілі сваякі з Мінска ды Магілёва.

“Шчыра кажучы, я ўжо не памятаю, колькі мы грошай яму давалі, — працягвае маці хлопца. — Ён жа ў нас адзін, таму мы не шкадавалі і не зацыкліваліся на гэтым пытанні. Перадавалі яму розныя перадачы — шкарпэткі, ласьёны для галення… Сваякі клалі грошы на картку, хто па 20, хто па 40 рублёў, але мы не лічылі. Тэлефон у яго быў, і мы, натуральна, клалі на яго грошы. Калі банкамат не працуе, дык цёця клала грошы. Але таксама не падлічвалі. 10-20 рублёў — толькі тэлефануй, толькі, каб усё было ў парадку!”

Часта ездзіць з беларуска-расійскага памежжа пад Мінск, каб наведаць сына ў войску, не атрымлівалася. Падчас рэдкіх сустрэч Валянціна Старанкова ніякіх сінякоў ці драпін у Паўла не заўважала. Запомнілася, як сын скардзіўся на тое, што вельмі доўга не бяруць праць вопратку. За час вучобы ў Печах Павел трапіў у медчастку з нейкім скураным раздражненнем. Пра гэта хлопец распавядаў маці без падрабязнасцяў, маўляў, пачала свярбець скура, амаль тыдзень лячыўся. У лістападзе, атрымаўшы спецыяльнасць, хлопец вяртаецца служыць у Жодзіна.

Павесіўся пасля пераводу з Печаў. Яшчэ адна страшная гісторыя ў арміі
Фота: Валерый Прыгарын horki.info

“Прыбыў ён у часць, патэлефанаваў мне і быў вельмі засмучаны, — узгадвае маці Паўла. — Ён папрасіў грошай, мы спыталі, колькі, кажа: колькі перавядзеце. Мы перадалі яго просьбу цётцы з Мінска. Яна пасля працы ўвечары ў чацвер перавяла яму 40 рублёў. У пятніцу яны прыйшлі, а ў суботу Паша ўжо знік. Дарэчы, гэтыя грошы апынуліся ў выніку некранутымі. У чацвер вечарам Паша зноў мне тэлефанаваў, быў засмучаны. Я спытала: “Што, Паша, кепска табе? Гэта ж часова, адслужыш гэты перыяд, прыйдуць малодшыя, тады і ты будзеш імі камандаваць”. А ён адказаў, што не будзе так ставіцца да маладых. Пыталіся, чым яму дапамагчы, ён сказаў пра грошы, мы сказалі, што грошы ўжо перавялі. Сказала, што перадам яму бандэроль! Але голас у яго быў вельмі засмучаны. А ў пятніцу зноў патэлефанаваў. Ці нехта побач быў, ці загадаў нехта, але сказаў толькі два выразы: “У мяне ўсё нармальна! У мяне ўсё нармальна!”. І на гэтым тэлефон адключыўся!”

У суботу, 12 лістапада 2016 года, сваякі чакалі ад Паўла званка. У выхадныя хлопец часцей тэлефануе, “бо менш кіраўніцтва, можа і да абеду набраць, і пасля абеду”. Але гэтым разам Паша нават не адказвае на СМС ад бацькоў. Увечары па тэлефоне паведамляюць, што Паша знік. Як такое магло адбыцца і па якой прычыне, ніхто не тлумачыць.

“Там былі хлопцы, землякі, з якімі прызываўся разам, якія прызываліся на паўгода раней, — працягвае Валянціна Старанкова. — Ніхто нічога не ведаў. Я адразу патэлефанавала яго аднакласніку, які на паўгода раней прызываўся туды, спытала тэлефон у яго мамы. Пытаюся ў яго: ці бачыў ты Пашку? Адказаў, што ў абед бачыў, а цяпер стаіць у нарадзе і нічога не ведае. Спытала, як сустрэлі ў часці Пашу, дык ён таксама не ведаў”. 

Знайшлі Паўла Старанкова на пачатку лютага 2017 года на беразе ракі Пліса побач з вёскай Залессе, што ў некалькіх кіламетрах ад Жодзіна і ў кіламетрах 13-і ад знакамітых Печаў. Хлопец нібыта павесіўся на бярозе прама на беразе рэчкі. Нягледзячы на блізкасць самога Жодзіна і дзвюх вёсак, яго не маглі знайсці амаль тры месяцы — усю зіму, калі на дрэвах няма лісця і берагі ракі праглядаюцца далёка.

“Мінскі следчы, які вёў справу, бо часць ў мінскай вобласці знаходзіцца, напісаў, нешта кшталту “следства прыпыненае да высвятлення дадатковых абставінаў”, — кажа маці Паўла. — Барысаўскія следчыя, якія разбіраліся ў здарэнні, бо цела знайшлі ў Барысаўскім раёне, адмовіліся распачынаць крымінальную справу, бо суіцыд. Экспертыза паказала, што парэшткі сапраўды належаць Паўлу, але ці гвалтоўная гэта смерць, усталяваць немагчыма, бо адсутнічаюць мяккія тканкі”.

Павесіўся пасля пераводу з Печаў. Яшчэ адна страшная гісторыя ў арміі
Фота: Валерый Прыгарын horki.info

Толькі ў верасні ў якасці доказу суіцыду вайскоўцы перадалі бацькам копію дзённіка Паўла, дзе сярод апісання вайсковых будняў знаходзяцца вершы пра смерць. Але Валянціна Старанкова перакананая, што почырк там зусім не Пашаў, ды і не схільны яе сын да вядзення дзённікаў.

“Калі вучыўся ў вайсковай школе, то вёў сшытак, маляваў там нейкія схемы, пісаў вучэбныя пытанні, вось там яго почырк. А ў гэтым дзённіку не яго почырк. Муж гэта адразу сказаў. Ён жа ў нас адзін, мы ж з ім заўсёды разам нешта малявалі, пісалі… мы ж ведаем! Ну, не яго гэта почырк і ўсё! Ды і ніколі ён нічога не пісаў. Калі час вольны, то сядаў за камп’ютар. Летам з’ездзіць да сяброў на ровары, недзе пагуляе ў футбол… Ну, што будзе ў дзённік пісаць малады хлопец? Ён лепей патэлефануе каму-небудзь, паразмаўляе… ну якія вершы!? Ён у вольны час усё рамантаваў камп’ютар, нешта разбярэ, пыласосам пачысціць, драты паправіць… Якія вершы?”

Хлопцы, якія служылі разам з Паўлам, пасля дэмабілізацыі на кантакт не ідуць, нічога не расказваюць, маўляў, “нічога не бачылі, не ведаем”. Прадстаўнікі часці, якіх адправілі на пахаванне хлопца, таксама былі нешматслоўнымі, але бацькам падалося, што і яны ў самагубства Паўла не вераць.

“На пахаванні нашы сваякі, цёткі Пашы, пыталі гэтых ваенных, якія прывезлі труну, — узгадвае Валянціна Старанкова. — Дык яны самі ў гэта не вераць. На пахаванні яны проста выконвалі загад, так і казалі, адбывалі павіннасць. Пазней нам распавядалі, што дваіх мясцовых хлопцаў, якія служылі ў той жа часці, нават ваенныя дастаўлялі дамоў пад кантролем. Чаму, не ведаю. Каб, можа. не распавялі чаго”.

Нагадаем, старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч заявіў, што запатрабаваў для дадатковай праверкі ўсе матэрыялы па фактах смерці і нанясення цялесных пашкоджанняў ваеннаслужачым за апошнія шэсць гадоў. Валянціна Старанкова ніякіх паведамленняў пра аднаўленне следства па смерці яе сына не атрымлівала. Скаргі ў пракуратуру і Адміністрацыю прэзідэнта, якія бацькі Паўла даўно даслалі чыноўнікам, таксама дагэтуль застаюцца без адказу. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі