Port Mone "Thou"

Port Mone запісалі і неўзабаве выпусцяць другі альбом — нібыта вызначыліся з выдаўцом. Між "Thou" і першай пласцінкай "Dip" шлях у 4 гады. За гэты час каманда сыграла сотні канцэртаў, агучыла нямое кіно, стала часткай тэатра танца, засвяцілася ў калабарацыі з украінскай "ДахайБрахай". Адпаведна, з моцных і арыгінальных пачаткоўцаў музыкі ператварыліся ў магутных прафесіяналаў, здольных сілай сваёй музычнай думкі рухаць горы і пранікаць у душы вайскоўцаў у заблакаваных ваенных частках у Крыме.


У адрозненне ад дэбютніка, які скараў эмацыйнай рознабаковасцю, ненавязлівым чаргаваннем лёгкіх і псіхадэлічных карцінак-вандровак па душэўных калідорах, "Thou" разглядае эмоцыю пад мікраскопам. У новым альбоме Port Mone паглыбляюцца ў асабістае, схаванае, нябачнае, засяроджваюцца на ўнутраным, закрытым ключамі, выкінутымі ў мора.


За размовамі акардэона, бас-гітары і перкусіі ўзнікае трэк "Nina" — гэткі струмень святла, дзіцячы позірк, подых палёў. "Nina" на пласцінцы як прасвятленне, вяртанне ў рэальнасць, адцягненне ўвагі ад таго, што турбуе.


Port Mone малююць буйнымі мазкамі. Іх аповед доўгі, разважлівы, задуменны і філасофскі. Ім ёсць што сказаць. Кожнаму. Яны не пакутуюць на акадэмізм. Яны такі я ж адкрытыя. Проста цяпер больш разумеюць.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі