Прадстаўніцтва ЕС: У Беларусі рэалізуецца 110 праектаў на 110 мільёнаў еўра

Прадстаўніцтва ЕС: У Беларусі рэалізуецца 110 праектаў на 110 мільёнаў еўра

Чарговы форум Усходняга партнёрства пройдзе 24 лістапада ў Бруселі. Ужо вядома, што Арменія падчас яго плануе падпісаць пашыранае пагадненне аб супрацоўніцтве з ЕС, Украіна, Малдова і Грузія разлічваюць на новыя прэферэнцыі ў межах праграмы “Усходняе партнёрства плюс”. А чаго можа чакаць Беларусь?

“Нам чакаць нічога не варта. Ніякіх прарыўных рашэнняў у дачыненні да Беларусі не будзе. Тут варта нагадаць, што Беларусь не так даўно даслала ў Брусель спіс сваіх праектаў-пажаданняў, якія б яна хацела рэалізаваць у шматбаковым плане ў межах Усходняга партнёрства. Але, нагадаю, тое ж самае было зроблена ў 2010 годзе, яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў (пасля якіх у выніку разгону Плошчы-2010 адносіны паміж Беларуссю і ЕС у чарговы раз сапсаваліся. – Еўрарадыё) і тады з боку Бруселя не было ніякага адказу наконт фінансавання гэтых праектаў. Будзем спадзявацца, што гэтым разам нешта з прапанаваных Беларуссю праектаў ЕС прафінансуе. Адзінае, што гэта за праекты, пакуль трымаецца ў сакрэце. Пра іх не кажуць ні беларускія ўлады, ні еўрапейскія”, — кажа старшы аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Дзяніс Мельянцоў.

Толькі і пры сённяшнім, даволі нізкім узроўні ўключанасці Беларусі ў праграмы супрацоўніцтва як з Еўрасаюзам наўпрост, так і ў межах ініцыятывы Усходняе партнёрства, грошы на розныя праекты наша краіна атрымлівае немалыя. Да прыкладу, цяпер у Беларусі рэалізуецца каля 110 розных праектаў на агульную суму каля 110 мільёнаў еўра, кажа кіраўніца Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын.

“Мы ахопліваем вельмі шырокі спектр сфер супрацоўніцтва. З 2014 па 2017 гады мы найбольш увагі надавалі эканамічнаму развіццю на мясцовым узроўні, супрацоўніцтву ў сферы аховы навакольнага асяроддзя і сацыяльнай ўключанасці людзей у жыццё грамадства. У наступны перыяд супрацоўніцтва мы плануем найперш звяртаць увагу на ажыццяўленне так званых “рыжскіх прыярытэтаў”. А гэта эканоміка, кантакты паміж людзьмі і належнае кіраванне”.

За грошы Еўрасаюза ажыццяўляюцца ў Беларусі як буйныя праекты ў галіне “зялёнай эканомікі”, транспамежнага супрацоўніцтва, кіравання, так і малыя праекты ― ад развіцця турызму ў рэгіёнах да пабудовы спартовых пляцовак ў дварах.

“У нас ёсць праект, паводле якога 200 мясцовых ініцыятыў атрымліваюць падтрымку. І людзі самі вызначаюць, што ім больш патрэбнае, пляцоўка для заняткаў спортам на адкрытым паветры ці энергаэфектыўная рэканструкцыя будынка школы. Мне гэтыя праекты падаюцца больш важнымі, бо ў іх удзельнічаюць людзі, якія сапраўды хочуць палепшыць сітуацыю ў сваёй супольнасці”, — кажа Андрэа Віктарын.

Праектаў даволі шмат, і грошы выдаткоўваюцца немалыя, але, ці ведаюць беларусы як пра гэтыя праекты, так і пра тое, за чые грошы яны робяцца? Невялікае апытанне на вуліцах сталіцы паказвае: пра тое, што ў нашай краіне рэалізуюцца нейкія праекты за грошы ЕС, людзі ведаюць, але, якія, ніхто назваць не змог. Толькі адзін апытаны ўзгадвае пра пункт пропуску на мяжы з Літвой, які пабудавалі за грошы Еўрасаюза. Чаму так адбываецца?

“Так даволі часта бывае, што ў рэпартажах, якія публікуюцца пасля цырымоніі завяршэння праекту, роля ЕС не згадваецца. Не пішуць, што зроблена гэта было, дзякуючы фінансавай дапамозе Еўрасаюза. Ва Уваравічах мы адкрывалі пляцоўку для заняткаў спортам і дзіцячую пляцоўку ― яны былі зробленыя ў межах аднаго з мясцовых праектаў, што фінансаваў ЕС. На цырымоніі адкрыцця былі дзеці са сцяжкамі Еўрасаюза. А калі потым афіцыйнае інфармагенцтва дало рэпартаж з падзеі, на фота дзеці са сцяжкамі чамусьці не патрапілі”, ― кажа Андрэа Віктарын.

“Мясцовыя жыхары ведаюць, дзякуючы каму і за чые грошы пляцоўкі былі пабудаваныя. Гэтага дастаткова”, ― кажуць кіраўнікі ЕС.

У Прадстаўніцтве ЕС нават стварылі фотавыставу “Праекты ў асобах”, каб падштурхнуць людзей да актыўнасці, каб яны паверылі, што любы самы фантастычны праект пры жаданні можна рэалізаваць. Нават калі большасць не даведаецца, дзякуючы чыім высілкам і фінансам гэта было зроблена, запэўнівае Андрэа Віктарын.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі