Праект забудовы Курапат: зоны аховы падагналі пад “Бульбаш-хол”

Ад мемарыяла “Курапаты” да рэстарана, вядомага як “Бульбаш-хол” будзе ўсяго 50 метраў. У 240 метрах ад помніка хочуць паставіць выстаўны комплекс і аўтобусную стаянку. Гэта вынікае з “праекта дэталёвага планавання тэрыторыі”, які прэзентуюць улады Мінскага раёна.

“Сёння буду рыхтаваць зварот у пракуратуру. Бо выстаўлены толькі графічны матэрыял. Няма зацвярджаемай часткі праекта, там дзе тэхнічныя характарыстыкі і абгрунтаванні рашэнняў. Згодна з палажэннем “Аб правядзенні грамадскіх абмеркаванняў” гэта усё мусіць быць”, — Еўрарадыё глядзіць праект разам са старшынёй Добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антонам Астаповічам.

Такім праектам проста ўзаконьваюць тое, што ўжо збудавана, дадае Антон Астаповіч:

“Ідзе легітымізацыя ўжо адбыўшагася праекта. Бо тэрыторыя ўжо засвоеная. Гэта парушэнне заканадаўства, бо новыя ахоўныя зоны яшчэ не зацверджаныя, а праект парушае ахоўныя зоны, якія яшчэ маюць юрыдычную сілу”.

У Міністэрстве культуры пра новыя ахоўныя зоны Еўрарадыё нічога не кажуць, а спасылаюцца на пастанову “Аб ахоўных зонах”, якая прымалася 10 гадоў таму!

“Паглядзіце пастанову, якая зацвярджае ахоўныя зоны Курапат. Яна прымалася 12 траўня 2004 года. Тое, што сёння распрацоўваецца, гэта яшчэ распрацоўваецца”, — загадкава адказваюць у Мінкульце.

І запэўніваюць, што ім праект забудовы каля мемарыяла не паступаў. Але ў пастанове дзесяцігадовай даўніны ахоўныя межы ўдвая большыя: да рэстарана мусіць быць 100 метраў, а не 50, як у сёлетнім праекце. Некалькі ўжо збудаваных домікаў, што належаць рэстарану, гэтыя межы парушаюць.

Праект забудовы прапануе паставіць помнік у Курапатах — “Недабудаваны Храм”.

“Ва ўсе часы Чалавеку было ўласціва будаваць Храм пры жыцці ў падзяку Стваральніку. Ахвяры палітычных рэпрэсій 30-40-х гадоў ХХ стагоддзя былі сілком пазбаўленыя магчымасці дабудаваць свой Храм”, — апісваюць ідэю стваральнікі праекта забудовы.

Праўда, помнік хочуць ставіць у Заходняй частцы мемарыяла, з боку рэстарана. Курапаты — урочышча на сённяшнім ускрайку Мінска, дзе ў гады сталінскіх рэпрэсій былі знішчаныя і пахаваныя дзясяткі тысяч людзей.

Ахоўныя межы помніка: 50 метраў ад рэстарана і 240 ад выстаўнага комплекса

Лічба 6 абазначае палаткі-грыль ля ахоўных зон мемарыяла

А лічба 9 - аўтобусную стаянку

Прапанаваны варыянт помніка ў Курапатах "Недабудаваны Храм"

Фота - Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі