Прэм’ер-міністр ДНР: Мы нічым не абавязаныя Украіне, толькі СССР

Еўрарадыё трымае слова, дадзенае падчас перамоў з Аляксандрам Захарчанкам пра вызваленне 8 палонных украінскіх ваенных, і публікуе інтэрв’ю з ім.

Еўрарадыё: Вы адгукнуліся на нашу просьбу дапамагчы ў вызваленні 8 ваеннапалонных украінскіх салдат з першага спісу, але адмовіліся прымаць другі спіс. Чаму?

Аляксандр Захарчанка: Я скажу шчыра: у нас ёсць цэлая камісія па гэтым пытанні. Магу вывесці на чалавека, які за гэта адказвае, і вы з ім можаце канкрэтна гаварыць па ваеннапалонных. Не ўсё так проста — узяў ды памяняў. Яны ледзь-ледзь дамовіліся пра асаблівую сістэму, і не вельмі хочацца яе парушаць. Блытаніна ў гэтых рэчах не зусім патрэбная. А другое… проста зразумейце правільна, ёсць розныя ваеннапалонныя. Ёсць артылерысты, ёсць снайперы, ёсць людзі, якія па неасцярожнасці альбо глупстве ўдзельнічалі ў карных расстрэлах, гэта ўсё здымалі на відэа, і гэтае відэа таксама ёсць… Просяць чамусьці звычайна за іх.

Адзінае, што я магу сказаць і супакоіць: мы сваім палонным не ламаем рукі і ногі, не збіваем іх да паўсмерці — гэтага няма. А вось хлопцы нашы, якія прыехалі пару дзён таму пасля першага афіцыйнага абмену… Каб вы разумелі сітуацыю: з 31 аднаго чалавека, якіх яны везлі на абмен, адзін чалавек па дарозе памёр ад знясілення. Яны ў тэрміновым парадку памянялі на некага іншага, замянілі. Дык вось, цяпер з 31 чалавека 26, тыя, што былі ў палоне месяц і больш, ляжаць пад кропельніцамі, бо не могуць есці — ім заліваюць глюкозу. Ва ўсіх шматлікія траўмы, пераломы рук, ног, рэбраў, страсенне мозгу. Нават тыя, хто там 5 дзён праседзеў, збітыя да непазнавальнасці. Пальцы зламаныя пласкагубцамі — здзекуюцца так.

Еўрарадыё: Чытаю сведчанні ўкраінскіх вайскоўцаў, якія былі ў палоне ў ДНР, і чытаць гэта вельмі страшна — вашых падначаленых абвінавачваюць нават у большай жорсткасці…

Аляксандр Захарчанка: Давайце я вам раскажу. Узяць хаця б апошні з абменаў (размова адбывалася 13 верасня — Еўрарадыё) — мы аддалі ім 36 чалавек, якія прыйшлі на сваіх нагах, а ў абмен атрымалі 18 ляжачых. І гэта не параненыя былі — паламаныя ногі, пашкоджаныя пазваночнікі, копчыкі. Знясіленыя дарэшты, некаторыя ледзь да аўтобуса дайшлі. Дактары “хуткай” адразу вымушаныя ім дапамогу аказваць. Гэтыя ж (украінскія ваеннапалонныя — Еўрарадыё) сытыя, нармальныя. Хлусіць не буду: пры затрыманні ў першыя гадзіну-дзве — так, прыкладаюцца. Але потым умовы ўтрымання нармальныя: трапляюць у… арганізацыі, цэнтры ўтрымання палонных і ядуць, спяць на белых ложках. Але пакуль яны туды трапяць, то могуць і на жалезных паспаць дошках, і на зямлі — гэта вайна. Я не кажу, што ў нас такога няма — могуць і морду набіць. Але не здзекуюцца. Калі ты з бою яго бярэш, у цябе толькі што забілі сябра, то хто тут стрымаецца, каб не даць прыкладам у галаву? Даюць. Але потым не б’юць. А тут наадварот: як у палон бяруць, то не б’юць, а біць пачынаюць потым, калі яны сядзяць. Катаванні, ні вады, ні ежы, не даюць спаць — пастаянныя здзекі. Вось у чым праблема і розніца паміж намі і імі. Мы кормім сваіх ваеннапалонных, а там не, мы не б’ём, а там б’юць, мы не спрабуем завербаваць, бо не бачым у гэтым ніякага сэнсу, а там вярбуюць, здымаюць на відэа прызнанні нейкія, пагражаюць сем’ям. Яны не вызваляюць тых, хто не дае згоды на супрацоўніцтва. Там працуе выведка, контрвыведка, СБУ.

Еўрарадыё: Ну, да вас, я ведаю, таксама прафесіяналы гэтай справы з таго Прыднястроўя прыехалі: пытанні нацбяспекі, да прыкладу, курыруе былы міністр дзяжбяспекі Прыднястроўя Уладзімір Анцюфееў (30 снежня 2011 года Анцюфеева звольнілі з пасады міністра дзяржбяспекі Прыднястроўя, у лютым 2012 года ён з’ехаў у Маскву, а ў чэрвені таго ж года супраць Анцюфеева завялі крымінальную справу па абвінавачванні ў крадзяжы альбо знішчэнні шэрагу архіўных крымінальных спраў. 10 чэрвеня 2014 Анцюфееў прызначаны першым намеснікам старшыні Савета міністраў ДНР па працы з праваахоўнымі органамі — Еўрарадыё)

Аляксандр Захарчанка: Ёсць прафесіяналы… Але які сэнс вербаваць чалавека, які з’язджае ў горад, да прыкладу, Нежын, і з якім няма ніякай сувязі? Для нас ваеннапалонныя, калі сыходзяць, то ўжо не вяртаюцца на пазіцыі. Мы з імі працуем, і шмат хто з іх проста застаецца ў нас служыць. Так што ў гэтым плане працуем, і ў нас цэлы танкавы батальён сфармаваны з такіх людзей.

Еўрарадыё: У другім спісе ёсць чалавек, лёс якога сваякам невядомы. Жонка просіць праз вас хаця б даведацца, ці ёсць ён сярод палонных. А гэта азначае — ці жывы. Хаця б у гэтым вы можаце дапамагчы ў абыход той спецыяльнай камісіі па вызваленні палонных?

Аляксандр Захарчанка: Я вам патлумачу сітуацыю: мы да гэтага часу знаходзім магільнікі іх (пакінутыя ўкраінскай арміяй — Еўрарадыё) на вызваленай тэрыторыі. Там, у магільніках, 300 чалавек закапаныя, з іншага 173 трупы выцягнулі. Апазнаць іх не можам, просім бацюшку — прыходзіць, адпявае іх, паведамляем месцы пахавання і ўсё. Стараемся высветліць з якога падраздзялення, па нашыўках ці яшчэ па чым, калі ёсць нейкія пасведчанні — збіраем і перадаем украінскаму боку. Яны ж павінныя заносіць іх у спісы загінулых. Ёсць моманты, якія ні яны, ні мы прыбраць не можам, бо ні яны, ні мы на тую тэрыторыю не можам прабіцца — тэрыторыя абстрэльваецца. Увялі двухгадзіннае перамір’е, каб прыбраць тых, хто загінуў, але ўсё адно ёсць пэўныя моманты… Калі ляжаць у нейкіх лагчынах і адразу можна не знайсці. І таму да гэтага часу знаходзяцца трупы там, трупы тут. А ёсць трупы, якія ўвогуле апазнаць немагчыма — абгарэлыя ці толькі палова тулава. Вось цела з дроту лініі перадач мы толькі пазаўчора знялі. А такіх трупаў яшчэ 4 — высакавольтныя лініі, падабрацца не можам. Навокал усё замініравана, не пройдзеш, а пакуль размініруем, яшчэ дні тры-чатыры пройдзе. Сапёраў не хапае. Танк падбілі, выбухам падкінула цела, і яно павісла на дроце — такое таксама ёсць.

Еўрарадыё: Я чытаў, што нібыта ўкраінскага вайскоўца спецыяльна закінулі на дрот лініі высакавольтнай перадачы…

Аляксандр Захарчанка: Якім чынам цела можна закінуць на вышыню 7-8 метраў, чым? Два чалавекі стаяць на мінным полі і яго падкідваюць? Логіку трэба ўключаць: побач стаіць падбіты танк, і выбухам цела проста выкінула з танка. Падкінула разам з танкавай вежай, вежа ўпала, а цела павісла на дроце.

Еўрарадыё: Вернемся да палонных: па звестках Цэнтра па вызваленні палонных, у вас застаецца звыш 800 украінскіх вайскоўцаў. Чаму зацягваецца працэс вызвалення? Калі вы такія добрыя — вызвалілі б усіх ды ўсё!

Аляксандр Захарчанка: Мы хочам іх памяняць на тых, каго хочам вярнуць! Мы падаем спісы людзей, якія ўзятыя ў палон імі. А нам даюць зусім іншых людзей. Ці то не паспелі “апрацаваць”, ці то не могуць знайсці, бо яны загінулі ў палоне, але казаць, што яны забітыя, не хочуць. А мы стаім на сваім: мы спіс далі, і дайце нам менавіта гэтых людзей. Плюс нашых вайскоўцаў засталося ў палоне недзе каля 86 чалавек. А было 103, і на той момант у нас было 683 іхных у палоне. Часта прыязджалі бацькі па сваіх дзяцей, і мы нікога не бралі ў абмен, а проста ім сыноў аддавалі. Некага забрала Руслана — падаравалі ёй, і яна больш за 30 чалавек звезла. І мы ў абмен нікога не бралі, бо ў нас іх палонных больш, чым нашых у іх. А вось калі браць цывільных, арыштаваных у Харкаве, тых, хто выходзіў на мітынг у Запарожжы, хто рыхтаваў рэферэндум у Марыупалі, то іх колькасць вялізная. Іх таксама дамовіліся мяняць на вайскоўцаў.

Еўрарадыё: У мінулым інтэрв’ю вы сцвярджалі, што на вашым баку не ваюе расійская армія. Чым вы патлумачыце тое, што з невялікай часткай Данецкай вобласці, якую займае ДНР, не можа справіцца ўся ўкраінская армія і батальёны добраахвотнікаў?

Аляксандр Захарчанка: А чаму ніхто не можа перамагчы Афганістан? Народ перамагчы нельга. У Афганістане сяляне днём на полі працуюць, а ноччу яны партызаны. Тая ж сітуацыя і тут. Немагчыма перамагчы тых, хто свае рэсурсы чэрпае з народа: аднаго забілі — пяцёра ўстала. Калі забітая сям’я, разбураны снарадам дом, то ўзнікае жаданне адпомсціць, і тут загадваць ісці ў бой не трэба — самі бягуць.

Еўрарадыё: А ўзбраенне адкуль пастаянна бярэцца — танкі, БТР, “Грады”?

Аляксандр Захарчанка: Няўжо вы думаеце, што мы ў пустэчы жылі? У Данецкай вобласці стаяла 4 танкавыя дывізіі, у нас былі свае сховішчы з узбраеннем, з боепрыпасамі. Так што танкі ў нас і тыя, што стаялі на глыбокай кансервацыі, і тыя, што былі ўзятыя ў баі. Далей: у нас прамысловы рэгіён, тут 4 заводы, якія выраблялі ўзбраенне для арміі, 8 спецыяльных заводаў для рамонту падбітай тэхнікі. Усе гэтыя заводы ў нас — у Данецку і Макееўцы.

Еўрарадыё: Дарадца прэзідэнта Парашэнкі, валанцёр Юрый Бірукоў, расказваў нам у інтэрв’ю, што з сябе ўяўляе тэхніка ў глыбокай кансервацыі — куча металалому. І вы так хутка іх робіце баяздольнымі?!

Аляксандр Захарчанка: Яны аднаўляюць свае танкі, і мы тое ж робім. Адно магу сказаць: мы ваюем на той жа старызне, што і яны.

Еўрарадыё: На сайце Цэнзар.нет апублікаваны расказ танкіста Яўгена Сідарэнкі, які ў баі пад Ілавайскам захапіў самы новы расійскі танк  Т-72Б -3 і на ім выходзіў з акружэння…

Аляксандр Захарчанка: Не трэба яму было курыць лёгкія наркотыкі! Т-72 — гэта новае слова ў танкабудаванні, там такія навароты!

Еўрарадыё: Вы да таго, што ў ДНР такіх танкаў няма?

Аляксандр Захарчанка: Т-72 ёсць. Ажно 8 штук — гэта вялікая ваенная таямніца. Гэта танкі, якія могуць ездзіць. Ёсць тыя, якія ездзіць не могуць, і яны стаяць на блокпастах закапаныя. Скажу шчыра, мы падчас баёў пад Ілавайскам забралі шмат танкаў, якія стаялі ўжо заведзеныя і кінутыя ўкраінскай арміяй. Зараз яшчэ адна цікавая акалічнасць: падчас перамір’я мы аб’явілі: “Калі хочаце застацца жывымі — ідзіце ў палон, памяняецеся, і паедзеце дамоў”. І цяпер украінскія салдаты масава здаюцца ў палон, каб трапіць дамоў.

Еўрарадыё: Вы ўсё жыццё пражылі ва Украіне, а цяпер усё робіце для таго, каб краіна развалілася на часткі. Не шкада радзімы?

Аляксандр Захарчанка: Я шмат над гэтым думаў, і скажу вам першаму: кожны чалавек нечаму нечым абавязаны — роднаму дому за тое, што там вырас, бацькам абавязаны за права жыць на гэтым свеце і сваім выхаваннем, абавязаны дзяржаве за тое, што цябе вучыла і лячыла. І сёння ваюе хто? Тыя, хто нічога не павінны Украіне як дзяржаве. Мы абавязаныя Савецкаму Саюзу: за выхаванне, за першы званок у школе, за першы выпускны вечар, за першы салют Перамогі. А Украіна ў прапагандзе сваёй за 23 гады не зрабіла ні-чо-га!  Мы не абавязаныя Украіне, а абавязаныя іншай дзяржаве, СССР, якая нас вырасціла. А потым іншая дзяржава рэшткі гэтага здабытку раскрала. А Украіна пасля развалу СССР была другой пасля Расіі і па колькасці арміі, і па прамысловасці, і па ўсім астатнім!

Еўрарадыё: Скіравалі б свае амбіцыі не на развал краіны, а на адраджэнне яе славы і дабрабыту!

Аляксандр Захарчанка: У мяне б нічога не атрымалася: каб змяніць нешта, мне б давялося лезці ў палітыку, якую я да апошняга часу лічыў бруднай справай. А чаму мы ўзняліся? Бо пачалі кранаць тыя святыя моманты жыцця, якія кранаць нельга: нельга чапаць мову, на якой ты думаеш, — гаварыць я магу на некалькіх мовах, нельга чапаць святы, якія для мяне і маіх дзяцей святыя, нельга чапаць веру, у якой я з дзяцінства вырас. Нельга прымушаць народ рабіць тое, чаго ён не хоча. Калі для Заходняй Украіны заўжды бліжэйшай была Еўропа, то для нас — Расія. А яны гэтага не ўлічылі. І таму цяпер ваююць усе слаі насельніцтва: і бізнесмены, і таксісты, і шахцёры, і будаўнікі, і настаўнікі.

Еўрарадыё: У мяне склалася ўражанне, што вы верыце ў магчымасць адраджэння СССР.

Аляксандр Захарчанка: Я не кажу, што гэта магчыма. Я толькі тлумачу прычыну, з якой людзі ўзняліся. Калі ты не ўспрымаеш дзяржаву як сваю, ты з ёй жывеш з меркантыльных меркаванняў, але ўспрымаеш яе як штучнае ўтварэнне, калі няма пачуцця гонару за краіну, то… Затое ёсць пачуццё прыніжэння ад таго, што мы з вялікай і магутнай ператварыліся ў забытую Богам дзяржаву. Калі вы гледзіце парад Перамогі 1982 года на Краснай плошчы і жабрацкі парад на Храшчаціку ў 2010 — ёсць пра што казаць.

Еўрарадыё: Вы кажаце пра незалежнасць ДНР. Сапраўды верыце, што так і будзе, што гэта не будзе звычайным пратэктаратам Расіі?

Аляксандр Захарчанка: А наколькі дзяржава Украіна была пратэктаратам Расіі яшчэ 5 гадоў таму? І для ДНР, і для Украіны Расія — гэта той кірунак, які ў любым выпадку нельга з рахунку скідваць. Гэта і эканамічныя сувязі, і духоўныя, і культурныя, і агульная гісторыя. Гэтак жа, як мяне шмат што звязвае і з Беларуссю: мой дзед доўгі час служыў і жыў у Беларусі, мой бацька там вырас. Дзед быў танкістам, і дзякуючы яго расказам я выдатна разбіраюся ў бронетэхніцы. Але ніколі не думаў, што некалі давядзецца прыгадваць танкі, на якіх ён некалі служыў.

Еўрарадыё: У выніку сёння ні адзін з бакоў не хоча адступаць: вы настойваеце на тым, каб украінскія войскі вывелі за межы Данецкай вобласці і прызналі незалежнасць ДНР, Кіеў не можа адмовіцца ад тэрытарыяльнай цэласнасці краіны. Дзе кампраміс?

Аляксандр Захарчанка: Мне вельмі цікава паглядзець, чым закончыцца рэферэндум у Шатландыі і як на незалежнасць Шатландыі адрэагуе Еўропа. І што яны потым будуць казаць нам з гэтай нагоды.

Еўрарадыё: На правядзенне рэферэндуму ў Шатландыі далі згоду ўсе бакі…

Аляксандр Захарчанка: У Канстытуцыі Украіны закладзенае права на самавызначэнне тэрыторый шляхам рэферэндуму. Мусіць быць выкананне закона. Дарэчы, вось я з вамі размаўляю, а ў мяне тут, літаральна за два кіламетры, ідзе абстрэл “Градамі”.

Еўрарадыё: Чыімі?

Аляксандр Захарчанка: Ну, Украіна па нас страляе!

Еўрарадыё: Дзмітрый Тымчук сёння раніцай напісаў, што за мінулыя суткі з вашага боку пазіцыі ўкраінскіх войскаў былі абстраляныя 40 разоў…

Аляксандр Захарчанка: Мне стала сорамна… За такія словы Тымчука. Хай сюды прыедзе і паслухае, са сведкамі пагаворыць, якія тут сядзяць — як Данецк абстрэльвае ўкраінская армія. Афіцыйна кажу: цягам апошняй ночы нашы пазіцыі абстралялі 68 разоў на ўсёй працягласці лініі фронту. З іх 38 разоў зафіксавала АБСЕ, усё астатняе было заснятае на відэа і АБСЕ перададзенае. Прыязджайце — самі ўсё пабачыце. Са свайго боку абяцаю паказаць вам абсалютна ўсё і ўплываць на вашае меркаванне ніякім чынам не буду. Магу заявіць афіцыйна: прэм’ер-міністр Захарчанка афіцыйна запрашае беларускіх журналістаў, каб яны маглі самі пашукаць адказы на ўсе пытанні, якія ў вас ўзнікаюць. Каб потым заявіць пра прысутнасць ці адсутнасць тут расійскіх войск, пра тое, хто тут змагаецца і як, на якой мы тэхніцы ездзім і дзе яе бяром, за што мы жывем, чаго мы хочам. Зробіце тут шэраг рэпартажаў пра апалчэнцаў, палонных, мірных жыхароў, пра пасяўную, як людзі арганізоўваюцца ў фермерскія гаспадаркі і як рыбу ловяць у Азоўскім моры на прастрэленых лодках. Паглядзіце, як мы танкі рамантуем, вырабляем мінамёты, снарады і патроны. Нават ППШ робім. Чаго вы смеяцеся? У нас цэлыя падраздзяленні імі ўзброеныя. Іх можна вырабляць нават у школьных майстэрнях. Якасць, канечне, гэтай зброі не зусім, але хуткастрэльнасць добрая і для штурмавых падраздзяленняў самае тое. Карацей, прыязджайце, бяспеку я забяспечу. Калі толькі ўкраінская міна не прыляціць…

Фота: Reuters

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі