Фанаты “Вікторыі” не едуць у Мінск, бо... баяцца

Чэшская газета Dnes піша, што верагодна, маленькая колькасць жадаючых паехаць у Мінск на матч Лігі чэмпіёнаў звязана і з менш прывабным іменем саперніка, у параўнанні з Барселонай і Міланам.

Большасць фанатаў аргументуе нежаданне ехаць тым, што не маюць грошай і вольнага часу. Але на форумах не рэдкія і такія каментары: “Няма, чаму здзіўляцца, многія баяцца незнаёмага асяроддзя, мы ўсе ведаем, як стромна на Усходзе”.

Пра свае перасцярогі з нагоды паездкі ў краіну, “якой кіруе аўтарытарны прэзідэнт Лукашэнка” кажа і кіраўнік фанацкай арганізацыя Pfans Роман Бакала, які таксама не едзе на гульню: "Я б не сказаў, што гэта адгаворка. З размоў з фанатамі я ведаю, што, многія не едуць з-за таго, што гэта Беларусь. Ніхто не ведае, што там будзе наконт бяспекі”.

Тым часам футбалісты "Вікторыі" больш баяцца не Лукашэнку, а нападаючага Кежмана. Паўабаронца плзеньскай каманды Даніэл Коларж напярэдадні матчу распавёў, што не думае, што гульня БАТЭ будзе моцна адрознівацца ад той, што была ў Празе, адзначыў, што гульцы саперніка добра падрыхтаваныя фізічна і маюць свой стыль гульні.

“Акрамя таго, у нападзенні ў іх Матэя Кежман, вялікая індывідуальнасць. З гэтага вынікае, што праціўнік не будзе для нас лёгкім”, – перадае словы Коларжа інтэрнэт-версія газеты Dnes.

Нагадаем, матч БАТЭ-"Вікторыя" адбудзецца 23 лістапада на мінскім стадыёне "Дынама". Пачатак гульні  - 21.00. Гэты матч стане вырашальным для абедзвюх каманд. У выпадку перамогі БАТЭ дакладна забяспечыць сабе месца ў плэй-оф Лігі Еўропы. Нічыя ўмацуе пазіцыі барысаўчан, але ўсё будзе залежыць ад апошняга тура. А вось пройгрыш каманды Віктара Ганчарэнкі хутчэй за ўсё пакіне беларускіх заўзятараў без еўракубкавай вясны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі