фанатэка

  • Рэпартажы
  • Казкі Сяргея Вітушкі загучалі вядомымі галасамі

Казкі Сяргея Вітушкі загучалі вядомымі галасамі

У Мінску мінула прэзентацыя аўдыёкнігі “Дзінь-Дзілінь: пара гуляць у казкі”.

Аўтар: Маша Калеснікава 20.02.2012 13:07

120220 Ma6a Kniga.mp3

У маленькіх беларусаў з’явілася новая казачная аўдыёкніга. Яна называецца “Дзінь-Дзілінь: пара гуляць у казкі”, а яе аўтар — вядомы беларускі літаратар Сяргей Вітушка, які зараз жыве ў Вільні. Адмыслова для прэзентацыі дыска казачнік прыехаў у Мінск.

 

Сяргей Вітушка

“Я вельмі ўсцешаны, што гэтыя казкі былі добра, удзячна прынятыя чытачамі і слухачамі, і гэта штурхае мяне далей сачыняць, пісаць, успамінаць, перадумваць і з нашых залатых, народных казак рабіць сучасныя казкі, — дзеліцца сваёй радасцю Сяргей Вітушка. — Я пастараюся не мяняць іхняй сутнасці, іхняга духу, але толькі трошкі сцерці пыл, зняць паціну, каб яны зноў заблішчалі і парадавалі ўсіх нас”.


На аўдыёкнігу трапіла 12 казак, якія прачыталі вядомыя культурныя беларусы і адзін шведскі амбасадар. Дарэчы, Стэфан Эрыксан лічыць сябе мінчуком, таму казка “На Купалле” ў яго трапным выкананні здзівіла аўтара кнігі.

Стэфан Эрыксан

Сяргей Вітушка: Я калі напісаў гэтую казку, то думаў, што яна будзе зразумелай толькі мінчукам, тым, хто нарадзіўся тут і гэтыя помнікі ўспрымае не як помнікі, а як жывых персанажаў. І я вельмі здзівіўся і парадаваўся, што чалавек здалёк, з-за мора гэтую казку зразумеў і так удала прачытаў. Ці пазналі вы ў гэтых персанажах жывых асобаў?

 

Стэфан Эрыксан: Ну, а як жа! Я ж не першы год жыву ў Мінску!

 

На думку ўдзельніка праекту паэта Адама Глобуса, які і сам сачыняе урбаністычныя чорныя казкі, складаць байкі закладзена ў генах беларусаў.

 

Адам Глобус: “Некалі яшчэ ў 1980-х я зразумеў, што беларусам не так многа і дадзена. Ну, што мы добра ўмеем рабіць? Ну, бульбу садзім, кабана гадуем і казкі складаем і расказваем. Вось гэты ў нас ёсць. З блюзам у нас горш, але песні мы таксама любім”.

Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі, адзін з ініцыятараў праекту, лічыць, што казкі Сяргея Вітушкі, як эмацыйны ўсплеск, будуць цікавымі не толькі беларускім, але і замежным дзеткам.

Сяргей Харэўскі

Сяргей Харэўскі: “Казка любога народу на любой мове зводзіць нас у нейкі свет, які не вымагае тлумачэнняў. Гэта тлумачыцца ўсё эмацыйна. У немалой ступені гэта залежыць і ад таго, хто чытае, і ад мастакоў, якія гэта аздабляюць. І ў гэтым сэнсе гэты праект начытаны і аздоблены таленавіта, мае бясспрэчна вялікую каштоўнасць”.


Аматар і шукальнік казак Алег Хаменка лічыць, што аднойчы казкі Сяргея Вітушкі стануць народнымі.

 

Алег Хаменка: “Па вялікім рахунку, мы проста забыліся імёны тых, хто прыдумаў казкі, якія мы зараз завем народнымі. Цяпер змянілася сацыяльная прастора, і аўтарства песні, якая пайшла ў народ, мы ведаем. І вельмі ганаруся якраз тым, што мы ведаем імя аўтара гэтых казак, а казкі, па сутнасці, сталі народнымі”.

Алег Хаменка

Друкаваная версія кнігі Сяргея Вітушкі “Дзінь-дзілінь” у ілюстрацыях Міхала Анемпадыстава з’явілася яшчэ ў 2011 годзе і стала самай прадаванай дзіцячай кнігай кнігарні “ЛогвінаЎ” за мінулы год. Яе аўдыёверсія ўбачыла свет дзякуючы "Радыё Рацыя" і музычнаму парталу Tuzin.FM.

 

P.S. У планах Сяргея - новыя казкі і Тэатр для пальчыкаў!

Адзін з ініцыятараў праекту Сяргей Будкін

Напрыканцы сустрэчы прысутных дзетак частавалі цукеркамі


Каментары

Што думаеш? Выкажы сваё меркаванне

На сайце не адлюстроўваецца.
To prevent automated spam submissions leave this field empty.
Стужка навінаў:

Ім стане Лінас Лінкявічус. Ён заменіць Эдмінаса Багдонаса.

Такім чынам, хакейны клуб развітаецца адразу з двума галкіперамі.

Удзельнікаў аўтагонак пакаралі штрафамі.

Пра гэта паведамляецца ў справаздачы асноўнага банку краіны.

Пра гэта заявіў капітан наваполацкай каманды Мікіта Букаткін.

Еўрарадыё высветліла, аўтамабілі якіх марак найбольш запатрабаваныя ў гаражах беларускіх дзяржаўных установаў.

Старшыня Беларускага таварыства дружбы паміж краінамі аспрэчвае тэзіс, што паміж дзяржавамі не можа быць дружбы.

З чацвярга, 24 траўня "Белтэлекам" павялічвае на 20% кошт міжнародных званкоў у гэтыя краіны.

Калі ставіць візу ў сталічным аэрапорце. Еўрарадыё даведалася навошта чыноўнікі збіраюцца адмяніць "хуткія" візы для замежнікаў.

Музей Беларускага Палесся зладзіў фізкультурную выставу.