Коктыш: Расія аплаціла Лукашэнку год спакою, але не дала захаваць твар

Еўрарадыё: Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей знайшоў для Беларусі яшчэ мільярд долараў. Макей паведаміў журналістам, што гэтыя грошы будуць атрыманыя “з іншай крыніцы”, не з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. На фоне таго, што ідуць перамовы з кімсьці з расійскіх алігархаў аб куплі “Беларуськалія” ці не падаецца табе, што пачаўся распродаж "беларускага фамільнага срэбра"?
Кірыл Коктыш: “Мне здаецца, што менавіта гэта і пачынаецца. Вядзецца размова аб 50% “Беларуськалія” і ўжо нават аб’яўлены кошт, ён будзе цалкам ацэнены ў 30 мільярдаў, гэта значыць, што Беларусь зможа атрымаць 15 мільярдаў. Такія чуткі на пустым месцы ўзнікаць не будуць, таму мне здаецца, што гэта праўда”.
Еўрарадыё: Крэдыт ад фонду ЕўрАзЭС выдаюць на ўмовах, што будуць прыватызаваныя актывы дзяржпрадпрыемстваў на 7,5 мільярдаў долараў. Калі зараз за “Беларуськалій” даюць 15 млрд долараў, то на гэтым умовы будуць выкананыя нават удвая. І далейшая прыватызацыя ў Беларусі спыніцца?
Коктыш: “Мне так не здаецца. У Беларусі ўвогуле сёння можна прадаць нешта каля 10-15 прадпрыемстваў. І пакуль размова ідзе аб найбольш буйных, бо другога “Беларуськалія” проста няма. Ёсць два нафтаперапрацоўчыя камбінаты, яны прыносяць 50% прыбытку , і “Беларуськалій” прыносіць 30% прыбытку. Гэта азначае, што на ўсё астатняе прыходзіцца 20% — гэта ўжо крошкі. Таму такіх “Беларуськаліяў” у Беларусі небагата... Прыватызацыя не спыніцца, проста не будзе што прадаваць, бо крызіс ідзе, бо ў Беларусі экспартнаарыентаваная эканоміка, знешнія рынкі пападалі”.
Еўрарадыё: Ці ёсць нейкія чуткі, калі продаж “Беларуськалія” будзе здзейснены?
Коктыш: “Ён можа цягнуцца гадамі. Перамовы будуць. І няма адразу 15 мільярдаў, каб іх так адразу пакласці на стол. Гэта можа быць праграма, як было з "Белтрансгазам", якая будзе размеркавана на некалькі гадоў. Бо проста аддаць грошы і потым не атрымаць кантролю над прадпрыемствам, гэта таксама не выключанае развіццё сітуацыі. Зараз пакуль рана спекуляваць, але такая здзелка была б выгодная Керымаву, і канешне ж, была б выгодная “Беларуськалію”. Бо ўтварэнне Еўразійскай манаполіі дазволіла б кантраляваць нешта каля 35-40% сусветнага рынку, гэта даволі багата і канешне ж, можна было б падняць нават кошты на тую ж соль. Таму тэарытычна, гэтая здзелка можа прынесці і прыбытак. Але пытанне ў тым, як будуць размяркоўвацца прыбыткі, атрыманыя з гэтай зделкі”.
Еўрарадыё: Калі вяртацца да тэмы мільярда, пра які паведаміў Макей, ці ён зменіць нешта ў краіне?
Коктыш: “Не. Аб ратаванні беларускай сітуацыі сёння не ідзе размова. Сёння ідзе гаворка, каб забяспечыць гэтак званую "мяккую пасадку", каб не было нейкіх "землятрусаў," каб не было нейкіх сацыяльных катаклізмаў, і, так ці інакш, ціха і мірна ўзровень жыцця панізіўся б. Гаворка ідзе толькі пра гэта. Сёння недахоп валюты ацэньваецца на 7-8 мільярдаў долараў — гэта ацэнкі ўладаў. Пры тым, што сёлета нічога такога не павінна было здарыцца. Бо Беларусь недаатрымлівае толькі 1 мільярд з плану прыбытку па гэтым годзе. І пры бюджэце ў 15 мільярдаў, гэта, канешне, кропля, якую можна было не заўважыць. Адкуль узяўся недахоп? Гэта таксама відавочна — адбыўся класічны калапс даверу. Адразу пасля выбараў насельніцтва панесла свае грошы здаваць і абменьваць на трывалую валюту. Насельніцтва проста не паверыла, што далей так будзе працягвацца. І гэта палітычная прычына ў сённяшнім эканамічным крызісе. Заліваць грашыма гэты пажар немагчыма, ды і столькі грошай ніхто не дасць. І нават, калі б залівалі, то нічога б не атрымалася б. Сістэма ўвайшла ў перыяд трансфармацыі. Як яна будзе існаваць пры адсутнасці фактару даверу? Гэта вельмі цікава. Усе мы станем удзельнікамі нечаканага і цалкам новага этапу беларускага развіцця”.
Еўрарадыё: Ці выратуе Расія?
Коктыш: “Адсутнасць даверу кіраўніцтва паміж Расіяй і Беларуссю існуе недзе з 2006 года, калі Расія пачала будаваць абыходныя нафта- і газаправоды. Тут нічога не змянілася. Калі дагэтуль Расія вымушана была дапамагаць, бо любая дэстабілізацыя ўдарыла б і па расійскіх, і па еўрапейскіх інтарэсах, то зараз такой вымушанасці ўжо не будзе. Зараз Расія дала мільярд, каб не было дэстабілізацыі, каб аплаціць год спакою, але яна не дазволіла Лукашэнку захаваць свой твар і не мае такога намеру. Яго праблемы Масква вырашаць не будзе”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі