Пра якую “чырвоную рысу” Лукашэнка папярэдзіў амбасадараў?

Карбалевіч лічыць, што пагрозы кіраўніка краіны былі звычайнай рыторыкай, а дэкан БДУ ўпэўнены, што да гэтай рысы мы ніколі не дойдзем.

Аўтар: Зміцер Лукашук 20.02.2012 16:55

 

120220 Eurafokus.mp3

 

Напярэдадні пасяджэння Савета міністраў краін ЕС кіраўнік Беларусі скарыстаўся магчымасцю і папярэдзіў еўрапейцаў пра небяспеку пераходу пэўнай мяжы ў пытанні санкцый.

Аляксандр Лукашэнка: “Гэтыя санкцыі, якімі вы, еўрапейцы, размахваеце перад нашым носам, вы зразумейце — мы пакуль трываем. Але калі толькі вы пераступіце чырвоную рысу, мы адкажам вельмі жорстка”. Лукашэнка: Калі толькі вы пераступіце чырвоную рысу, мы адкажам вельмі жорстка

Гэта было сказана 20 лютага, калі кіраўнік прымаў даверчыя граматы ў паслоў Аргенціны, Ізраіля, КНР, Люксембурга, Нарвегіі, Сан-Марына, Эфіопіі і Японіі, а таксама ў апостальскага нунцыя.

На думку палітолага Валерыя Карбалевіча, усе пагрозы — звычайная агрэсіўная рыторыка ў стылі Аляксандра Лукашэнкі, за якой нічога не стаіць.

Валерый Карбалевіч: “У Еўропе ўжо ўсе прызвычаіліся да такой агрэсіўнай палітыкі Лукашэнкі, і наўрад ці хто будзе звяртаць на яе ўвагу. Еўрапейскіх палітыкаў наўрад ці гэтым можна напалохаць. Калі яны не гатовыя рабіць нейкія рашучыя крокі, то не з прычыны гэтых грозных заяваў Лукашэнкі, а з прычыны больш важных прагматычных матываў — найперш, эканамічных”. Карбалевіч: Еўрапейскіх палітыкаў наўрад ці гэтым можна напалохаць

На сустрэчы кіраўніка Беларусі з амбасадарамі не было прадстаўнікоў вядучых еўрапейскіх краін. Затое быў, да прыкладу, амбасадар Кітая. Але эксперт не лічыць, што сказанае адрасавалася найперш яму. Маўляў, заявы рабіліся тады і ў прысутнасці тых, хто ў зручны момант апынуўся побач.

“Лукашэнка проста скарыстаўся момантам, каб зрабіць заяву наконт знешнепалітычнай пазіцыі нашай краіны”, — лічыць дэкан факультэта міжнародных адносінаў БДУ Віктар Шадурскі. Праўда, на тэму, што гэта за “чырвоная рыса”, якую згадаў кіраўнік краіны, і што трэба зрабіць еўрапейцам, каб яе перакрочыць, дэкан разважаць не стаў. Адзначыў толькі, што наўрад ці мы да яе хоць калі дойдзем, а не тое што — перакрочым.

Віктар Шадурскі: “Зразумела, што Беларусь зацікаўленая ў эканамічным развіцці, і тыя краіны, якія завязаныя на Беларусь, — на транзіт і гэтак далей. Таму — да чырвонай рысы яшчэ вельмі доўга. І мы яе наўрад ці дасягнем. Ды і бакі гэтага не хочуць. А спіс... Ну, спіс (неўязных у ЕС беларускіх чыноўнікаў — Еўрарадыё) існуе, ён ёсць і неяк усе навучыліся з гэтым спісам жыць”. Шадурскі: да чырвонай рысы яшчэ вельмі доўга. І мы яе наўрад ці дасягнем

Прагназаваць, ці прыслухаюцца еўрапалітыкі да слоў Лукашэнкі падчас сваёй сустрэчы 23 лютага і абмеркавання магчымага пашырэння санкцый супраць нашай краіны, эксперт не стаў. Але ўпэўнены, што яны ўважліва слухаюць усё, што кажа кіраўнік нашай краіны.

У адрозненне ад калег, палітолаг Юрый Шаўцоў ведае самае балючае месца беларускага рэжыму, ціск на якое можа стаць той чырвонай рысай, якую Лукашэнка заклікаў не пераходзіць.

Юрый Шаўцоў: “Самае горшае, што можа зрабіць Еўрапейскі саюз для Беларусі, — перакрыць экспарт беларускай нафтаперапрацоўкі ў Еўропу. Калі гэта адбудзецца, то гэта паставіць беларускую эканоміку на мяжу калапсу. І тады адзіным выйсцем для Беларусі стане рэзка ідэнтыфікаваць свае адносіны з Расіяй”.

І першымі, лічыць эксперт, пацерпяць дыппрадстаўніцтвы краін ЕС — яны могуць застацца без амбасадараў, як іх калегі з ЗША. Але ці дойдзе да гэтага, Шаўцоў прагназаваць не стаў.


Каментары

Што думаеш? Выкажы сваё меркаванне

На сайце не адлюстроўваецца.
To prevent automated spam submissions leave this field empty.
Стужка навінаў:

У першым кваліфікацыйным раўндзе яна саступіла ў трох партыях Алізі Карнэ з Францыі — 4:6, 6:2, 4:6, інфармуе "Прессбол".

Ім давядзецца шыць "розныя вырабы", рабіць "нескладаны рамонт", збіраць мэблю, а таксама наводзіць парадак у дварах навучальных установаў.

Паводле слоў жонкі праваабаронцы Наталлі Пінчук, гэта адбылося ў аўторак, 22 траўня.

Палітолаг Павел Усаў тлумачыць механізмы дзеяння рэжыму праз асобных грамадзянаў, нават з рэжымам не згодных.

У сённяшняй заяве амерыканскага фінансавага ведамства "Трастбанк" і "Крэдэксбанк" былі ўключаныя ў секцыю 311 Патрыятычнага Акту ЗША.

На другім месцы па колькасці беларускіх грамадзян, якія адбываюць пакаранне за здзейсненыя злачынствы — Польшча.

Гэтая краіна атрымала самы высокі паказчык па індэксе найлепшага жыцця, які разлічвае Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця.

У Мінску працягваюць пакідаць жыхароў некаторых вуліц без гарачага водазабеспячэння.

З турмы дызайнер просіць, каб калегі напісалі яму пра “Млын моды”.

Яны могуць з'явіцца ў школе з польскай мовай навучання, каб "разгрузіць" перапоўненую суседнюю школу.