“МММ”: Да нас ідуць і чыноўнікі, і з міліцыі

120224 Martin MMM.mp3

“Прадпрымальніцкай дзейнасці не вядзецца, ніякіх грошай мы не бярэм. Людзі прыходзяць пракансультавацца наконт відаў інвестыцый. Калі ў чалавека ёсць праблемы з камп'ютарам, ён можа скарыстацца ім на месцы”, — тлумачыць Еўрарадыё кіраванец звяна “МММ-курс” у Беларусі Аляксей Саладун.

А калі Еўрарадыё ставіць пад сумнеў законнасць такой піраміды, яе ўдзельнікі спасылаюцца на... рашэнне Валгаградскага суда!

“Ёсць рашэнне Валгаградскага суда па позвах, якія былі да новай піраміды Маўродзі. Калі тут і будуць нейкія праблемы, дык аналагічныя. Мы ўжо кансультаваліся з юрыстамі”, — кажа Уладзімір, удзельнік “піраміды” з Мінску.

У студзені 2012 года суд Валгаграда прызнаў дзейнасць адноўленай “МММ” законнай. Але гэта праблемы Расіі.

“Яны мусяць быць зарэгістраваныя ў любым выпадку. Калі фізічная асоба кансультуе па фінансавых пытаннях — значыць, мусіць быць ліцэнзія аўдытара, якую выдае Міністэрства фінансаў. У прынцыпе, калі даецца кансультацыя па фінансавых пытаннях, дык гэта мусіць быць суб’ект гаспадарчай дзейнасці”, — паведамляюць у Міністэрстве па падатках і зборах.

Карэспандэнт Еўрарадыё накіраваўся ў так званы мінскі офіс “МММ”. На дзвярах таблічка: “МММ-2011. Консультационный центр”. Зранку 24 лютага нікога няма. У суседнім офісе, які займае салон прыгажосці, увогуле не заўважалі, каб хтосьці заходзіў па кансультацыі да “пірамідчыкаў”.

“Не бачылі мы там нікога. Раней тут камп'ютары рамантавалі. А цяпер… Маўродзі пакуль не прыязджаў”, - кажа супрацоўніца салону прыгажосці.

У Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС са скаргамі на “піраміду” Маўродзі ніхто не звяртаўся.

“Ніякіх пытанняў па “пірамідах” не ўзнікала. Скаргаў не было. Даўно былі, калі “МММ” нешта тут рабіла. Цяпер мы з такім не сутыкаліся”, — тлумачыць чыноўніца. І супакойвае, што развіццё “піраміды”... трымаюць на кантролі.

Нічога не могуць сказаць Еўрарадыё пра дзейнасць "піраміды" і ў Камітэце дзяржаўнага кантролю.

“Цалкам усё кантраляваць немагчыма. Я наогул не ўпэўненая, што гэта ўваходзіць у нашу сферу. Калі там махлярства, дык гэта ўжо іншая сфера. Калі чалавек стаў ахвярай, ён можа звярнуцца да нас, а там юрысты падкажуць”, — адказвае супрацоўніца Дзяржкантролю.

Пакуль дзяржава “трымае развіццё “піраміды” на кантролі”, прадстаўнік “МММ” гаворыць, што ў яе ўступаюць чыноўнікі і нават міліцыянты.

“У нас ёсць і чыноўнікі, і супрацоўнікі фіскальных органаў, і міліцыя нават”, — распавядае Аляксей Саладун.

“Піраміда” Сяргея Маўродзі аднавілася ў 2011 годзе праз інтэрнэт. Як пішуць на сайце праекту, там 15 мільёнаў чалавек.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі