Саладуха — гледачам: “Як доктар вас прашу: падніміцеся, разамніцеся крыху!”

8 сакавіка Аляксандр Саладуха даваў у Палацы спорту справаздачу за 25 гадоў творчай дзейнасці. Татальны абзвон прадпрыемстваў, пра які Еўрарадыё паведамляла месяц таму, прынёс плён: вольных месцаў у 5-тысячніку не было. Больш за тое: на хакейнай пляцоўцы паставілі “партэр” з амаль 900 дадатковых крэслаў, якія “забілі” самымі важнымі гледачамі.

 

 

Людзі пацяклі ў Палац спорту гадзіны за паўтары да канцэрта. “Дэлегацыя” з 42 чалавек прыехала на двух старэнькіх пазіках аднекуль з-за Самахвалавічаў. Але з якога прадпрыемства — так і не прызналіся.

Саладуха выйшаў на сцэну ў 19:20. Па змесце канцэрта артыст вырашыў не заганяцца і пачаў з новай праграмы. Першым нумарам — “Что надо”, наступнай песняй — падарунак ад Стаса Міхайлава “Тебе, любимая”. З партэра адразу ж пацягнуліся на сцэну з кветакмі.

 

 

“Першая ружа… Дзякуй! Хачу пазнаёміць вас: Зоя Андрэеўна, мая аперацыяністка з “Трастбанка”. Яна самая смелая: узяла першая ды і выйшла!” — з фірмовай непасрэднасцю прыняў кветкі Саладуха.

tebe_lubimaya.mp3

"Тебе, любимая".

І пайшлі-паехалі песні-блізняткі. Дожджык, бразготкі, дзёрзкія гітары, знаёмы з дзяцінства голас, які ні з чым не зблытаць, і лебедзі на экране. Прымітыўна, але якасна. На кожным узроўні свая культура.

 

 

 

Пасля песні пра сябе, каханую, на сцэне з’яўляецца маленькая дачка Аляксандра Саладухі. А за ёй і жонка спевака Наталля. “Я жыву з каралём беларускай музыкі”, — не саромячыся заяўляе яна, і дарыць мужу на 8 сакавіка цішотку. Зала нічога дзіўнага не заўважае.

 

 

У перапынку паміж новымі і вечнымі песнямі на сцэну пацягнуліся госці. Гурт “Лас Вегас” разам з музыкамі Аляксандра Саладухі неспадзявана дзяўбануў па хардкоры, сыны спевака з гурта “Элемент” так і засталіся недаіванушкамі недаinternational. А пасля — ізноў Саладуха. З “Виноградом”, “Здравствуй, чужая милая” і іншымі хітамі.

milaya.mp3

"Здравствуй, чужая милая!"

Здзіўляла тое, што Саладуха не рабіў нічога асаблівага. Ён не танчыў і нават не скокаў, як у былыя часы падчас сольнікаў на “Славянскім базары”. Ён амаль не размаўляў з гледачамі, акрамя дзяжурнага “нам патрэбная вашая падтрымка”. Ён нават “у людзі” схадзіў толькі аднойчы. І то не дайшоў да трыбунаў Палаца спорту, абмежаваўся шпацырам па ўскрайку партэра… Відаць, Аляксандр Антонавіч канчаткова паверыў у тое, што дастаткова яму проста выйсці на сцэну, як публіка завядзецца сама сабой. Вельмі небяспечнае перакананне для артыста, нават для заслужанага.

 

 

Людзі, здаецца, адчулі, што імі крыху грэбуюць. Сабраныя праз адміністрацыі прадпрыемстваў аматары прафсаюзнай халявы не спяшаліся адказваць спеваку ўдзячнасцю. Саладуха не раз і не два прасіў гледачоў узняцца з месцаў, але доўгі час танцы былі толькі на танцполе, які размясцілі зусім нязручна, па баках ад прыстаўных крэслаў.

pamiati_muliavina.mp3

"Памяти В. Мулявина"

А за тры песні да заканчэння канцэрта, калі галоўныя хіты ўжо адгучалі, людзі паціху пацягнуліся да гардэробаў. Спачатку нехта адзін пайшоў, за ім другі… Ніколі я не думаў пра беларускіх людзей з такой пагардай, як у гэтыя хвіліны. Саладуха спяваў, а яны павольна спускаліся долу, забыўшыся пра канцэрт. Чарга па футры апынулася важнейшай за музыку.

Я нават прадбачу, што б яны адказалі мне, каб прачыталі гэтыя радкі: “А што, стаяць там?! Навошта, калі можна схадзіць раней?!!” — і я не знайшоўся б, што ім адказаць. Ніякай павагі ні да спевака, ні адно да аднога, ні да сябе саміх. Для іх вы працуеце, Аляксандр Антонавіч, на іх вы спадзяецеся, іх лічыце сваёй публікай. Няўжо вы пасля такога зможаце паважаць самога сябе?

Але Саладуха не карыстаецца інтэрнэтам. Ён жыве ў цудоўным свеце за высокім бардовым плотам, на якім вісіць шыльда “Рэзідэнцыя Аляксандра Саладухі”. У яго ўсё добра. Яму можна толькі пазайздросціць.

kampakty-dvd.mp3

“Кампакты, dvd, касетачкі, фатаграфіі! Кампакты, dvd, касетачкі, фатаграфіі!” — прыгаворваючы, сыходзяць са сцэны, нібыта гуляюць па кірмашы, Саладуха і сыны. Сцэна, кірмаш… Ды якая розніца…

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі