Шарэпка: Можа, у Беларусі людзі заможныя і могуць плаціць 60 еўра, а не 35?

111222 Luka6uk 6arepka.mp3

Падводзячы вынікі старшынства Польшчы ў Еўрасаюзе, амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка шчыра прызнаецца, што наладзіць добрыя адносіны з нашай краінай ім так і не ўдалося.

Лешак Шарэпка: “Я вымушаны сказаць, што ў палітычных пытаннях прагрэсу няма. Нашы ўсе ўмовы, пра якія мы раней казалі, на якіх можна пачаць дыялог з беларускімі ўладамі, засталіся тыя ж самыя. Найперш, павінны выйсці на свабоду ўсе палітычныя зняволеныя і неабходна рэабілітаваць усіх, хто мае прысуды па палітычных прычынах. Але тут нічога істотна не змянілася — адносіны замарожаныя”.



А старшыня прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Майра Мора ў адказ на пытанне карэспандэнта Еўрарадыё дадае, што ўмовы для аднаўлення дыялога з уладамі Беларусі не зменяцца незалежна ад таго, якая краіна будзе старшынстваваць у ЕС.

Майра Мора: “Адносіны Еўрасаюза з Беларуссю замарожаныя найперш з-за таго, што ў Беларусі груба парушаюцца правы чалавека. Пакуль гэтая сітуацыя не будзе вырашаная, не будуць вызваленыя і адноўленыя ў сваіх правах усе палітзняволеныя — гэты палітычны дыялог не адновіцца”.




Але не толькі ў вялікай палітыцы Польшчы не ўдалося наладзіць нармальную супрацу з беларускімі ўладамі за час свайго старшынства. Гэта тычыцца, да прыкладу, так званага малога памежнага руху.

Лешак Шарэпка: “Мы спрабавалі ўпэўніць беларускі бок, што ў некаторых пытаннях можна абстрагавацца ад не вельмі добрых палітычных узаемаадносін. І канцэнтравацца на нейкіх канкрэтных пытаннях накшталт малога памежнага руху. Мы завяршылі вырашэнне ўсіх прававых пытанняў, звязаных з малым памежным рухам, яшчэ ў верасні мінулага года. І чакаем рэакцыі беларускага боку. Беларускі бок афіцыйна кажа, што няма палітычнага клімату. І гэта прыклад таго, як палітыка ўплывае на супрацоўніцтва на лакальным узроўні”.

І нават прапановы польскага боку наконт змяншэння кошту шэнгенскіх віз не знайшлі водгуку ў беларускіх уладаў.

Лешак Шарэпка: “З чэрвеня мы прапаноўваем пачаць перамовы наконт аблягчэння візавага рэжыму. Вынікам падпісання вашым бокам адпаведнага пагаднення прывяло б да таго, што замест 60 еўра вы плацілі б 35. І цягам 6 месяцаў мы не атрымалі ніякай афіцыйнай рэакцыі на гэта. Толькі неафіцыйна адзін з чыноўнікам з МЗС сказаў, што гэта — не прыярытэт для беларускага боку. Для Украіны гэта быў прыярытэт, для Расіі — прыярытэт, а для Беларусі — не прыярытэт! Можа, у Беларусі людзі заможныя і яны могуць плаціць 60 еўра, а не 35?"

Не зважаючы на ўсё гэта, Еўрасаюз, кажа Майра Мора, не адмаўляецца ад рэалізацыі ў Беларусі пэўных праектаў у самых розных галінах. Сёлета іх кошт склаў 50 мільёнаў еўра, у наступным годзе сума можа павялічыцца ледзь не ўдвая.

Майра Мора: “Праекты на суму амаль 85 мільёнаў еўра знаходзяцца ў стадыі распрацоўкі і разгляду. У гэтыя аб’ёмы фінансавання ўваходзяць 19,3 мільёна еўра, якія прызначаюцца на падтрымку грамадзянскай супольнасці Беларусі. Гэта і аказанне дапамогі праваабаронцам, ахвярам рэпрэсій, прадстаўленне беларускім студэнтам стыпендый для навучання ў ВНУ Еўрасаюза. А таксама — фінансаванне Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, які працуе ў Вільні”.




А Польшча, нягледзячы на завяршэнне свайго старшынства, плануе рэалізоўваць у будучыні розныя культурныя праекты. Да прыкладу, кажа Лешак Шарэпка, плануецца заснаваць прэмію за лепшы літаратурны твор на беларускай мове.

Пераемнікам Польшчы на пасадзе старшыні ЕС стане Данія. Амбасады гэтай краіны ў Беларусі няма, і дэлегаваць права прадстаўляць краіну-старшыню амбасадзе іншай дзяржавы датчане не могуць. Таму, кажа Майра Мора, калі хтосьці з Беларусі захоча нешта перадаць старшыні, зрабіць гэта можна будзе толькі праз яе офіс.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі