Street-art пераехаў у сцены класічнай галерэі

Каб убачыць шэдэўры Рэнесансу зараз не трэба ехаць у Луўр ці галерэю Уфіцы.

Аўтар: Еўрарадыё 27.06.2011 17:40

У Мінску адкрылася поўнамаштабная рэтраспектыва работ street-art мастака Андрэя Бусла "Aeternus et momentum".

 

Праект "Aeternus et momentum" дае магчымасць убачыць Мінск такім, якім яго яшчэ не бачылі. У ім Андрэй Бусел сутыкае вечныя вобразы Рэнесансу з недаўгавечнай тэхнікай street-art і занядбанымі будынкамі нашай сталіцы.

 

Як адзначае куратар выставы Аксана Жгіроўская, мастацтва стрыт-арта не вельмі распаўсюджанае ў Мінску, ды і мастакі стрыт-арта часцей за ўсё ананімныя і знаходзяцца на мяжы закона. Андрэю даводзілася працаваць і па начах, каб пазбегнуць спрэчак з міліцыянтамі.

 

Андрэй Бусел: "Здаралася, што і хапалі, але неяк не каралі. Хутчэй, нават неяк добразычліва ставіліся. Калі ты не проста малюеш балончыкам на чыстай сцяне, людзі разумеюць, што ты не займаешся графіці і што ты не вандал. Больш ставяцца с цікаўнасцю, чым з непрыязнасцю".

Андрэй Бусел, Аксана Жгіроўская, Ганна Чыстасердава

Захаванне і перанос мастацтва стрыт-арта ў галерэю - гэта сусветная практыка, тлумачыць Аксана Жгіроўская, але ў Беларусі гэтую з’яву можна назіраць упершыню.

 

Аксана Жгіроўская: "Гэтыя працы перамясціліся ў галерэйную прастору, і тым самым з’явіліся на арт-полі. Мне падаецца, што гэты вельмі істотна. У нас атрымалася зрабіць нябачнае бачным. І спадзяюся, гэта будзе садзейнічаць легітымнаму становішчу мастакоў стрыт-арта. А таксама дапаможа таму, што працы гэтых мастакоў маглі б прадавацца".

Сяргей Шабохін

Куратар "Галерэі Ў" Сяргей Шабохін называе стрыт-арт Андрэя Бусла не проста вобразам жыцця, а рамантызацыяй жыцця мастака.

 

Сяргей Шабохін: "Бо вельмі рамантычна глядзіцца тое, што твая праца можна знікнуць ужо заўтра! Па сутнасці, гэта ўнікальны праект для Беларусі, калі стрыт-арт дэманструецца ў прасторы Галерэі сучаснага мастацтва Ў, так як у Беларусі такой практыкі няма".




 

Выстава Андрэя Бусла разбівае стэрэатыпы пра стрыт-мастацтва, якое ў Беларусі прадстаўлена перш за ўсё графіці. Як правіла, мастакі стрыт-арта – з’ява субкультурная, і на сваіх творах аўтары пакідаюць альбо знакі той ці іншай субкультуры, альбо іх асабістыя лагатыпы.

 

У інтэрпрэтацыі Андрэя Бусла Рэнесанс і ёсць яго лагатып, лагатып мастацтва ў свядомасці чалавека. У працах, выкананых у старых ці разбураных будынках горада, Андрэй сцірае межы паміж высокім і вулічным мастацтвам. Месцы для сваіх прац мастак знайшоў яшчэ задоўга да таго, як пачаўся праект.

 

Шматлікія з абраных аўтарам месцаў знаходзяцца ў цэнтры горада, у некаторыя аўтар трапляў выпадкова – паглядзець, што гэта за будынак і пазнаёміцца з яго гісторыяй.

 

Андрэй Бусел: "Можна сказаць, што спачатку было праведзена, так бы мовіць, "даследаванне". Проста ў працэсе жыцця ў горадзе "выхопліваюцца" некаторыя кавалкі сцэн, якія звяртаюць на сябе ўвагу. І з імі хочацца нешта зрабіць, неяк пагуляць, прыдумаць нейкі новы фармат. Хочацца ўносіць у горад нешта сваё".

 

Для сваіх прац Андрэй выкарыстоўвае розныя тэхнікі – напрыклад, аэраграфію, постэр, папяровыя скульптуры.

 

Андрэй Бусел: "Можна сказаць, што гэта аб’ёмны постэр. Нешта раздрукоўваецца, нешта дамалёўваецца, вырываюцца нейкія кавалкі, замалёўваюцца. Часта ўжо ў працэсе знаходзіцца нейкая свая канкрэтная тэхніка для канкрэтнай працы".

 

Жыццё такіх карцін часта вельмі кароткае – некаторыя з сваіх шэдэўраў Андрэй Бусел нават не паспеў зняць на фотакамеру. А самыя "удачлівыя" з твораў "дажываюць" і да 6 месяцаў. Але ў канкрэтным асяроддзі кожная карціна выглядае зусім па-іншаму, кажа аўтар, і запрашае паглядзець тыя з прац, якія яшчэ захаваліся сярод гарадскіх пейзажаў і сцен.

 

Увогуле, стрыт-арт – не адзінае захапленне Андрэя Бусла.

 

Андрэй Бусел: "Тут прадстаўлены невялікі кавалак, таго, што я раблю. Зараз мы з маімі сябрамі, напрыклад, нейкія расліны высаджваем у горадзе, штрых-коды на дрэвах і шмат іншага".

 

У дзень адкрыцця "Aeternus et momentum" галерэя была перапоўненая жадаючымі паглядзець на творы Андрэя Бусла і паслухаць гурт "Портмоне", які суправаджаў выступ. Зазірнуў нават міністр культуры Павел Латушка! Але сярод узнёслых од у адрас мастака было і шмат тых, хто застаўся незадаволенымі выставай, называючы карціны мёртвым стрыт-артам.

Валянцін Акудовіч

Андрэй Лянкевіч

"Портмоне"

Павел Латушка

 

 

Сяргей Шабохін патлумачыў нам, чаму ўсё ж такі гэтая "дакументацыя" – патрэбная сучаснаму беларускаму мастацтву з’ява.

 

Сяргей Шабохін: "Беларускае мастацтва абдзелена архівацыяй, праглядам таго, што ўжо было зроблена па-за выставачнай прасторай. І сам стрыт-арт займае маргінальную пазіцыю ў Беларусі. Па сутнасці тое, што адбываецца зараз, - гэта яго легалізацыя. Таму гэтая выстава – істотны досвед для беларускага мастацтва".

 

Выстава "Aeternus et momentum" працягнецца да 22-га ліпеня


Каментары

Што думаеш? Выкажы сваё меркаванне

На сайце не адлюстроўваецца.
To prevent automated spam submissions leave this field empty.
Стужка навінаў:

У першым кваліфікацыйным раўндзе яна саступіла ў трох партыях Алізі Карнэ з Францыі — 4:6, 6:2, 4:6, інфармуе "Прессбол".

Ім давядзецца шыць "розныя вырабы", рабіць "нескладаны рамонт", збіраць мэблю, а таксама наводзіць парадак у дварах навучальных установаў.

Паводле слоў жонкі праваабаронцы Наталлі Пінчук, гэта адбылося ў аўторак, 22 траўня.

Палітолаг Павел Усаў тлумачыць механізмы дзеяння рэжыму праз звычайных грамадзянаў, нават з рэжымам не згодных.

У сённяшняй заяве амерыканскага фінансавага ведамства "Трастбанк" і "Крэдэксбанк" былі ўключаныя ў секцыю 311 Патрыятычнага Акту ЗША.

На другім месцы па колькасці беларускіх грамадзян, якія адбываюць пакаранне за здзейсненыя злачынствы — Польшча.

Гэтая краіна атрымала самы высокі паказчык па індэксе найлепшага жыцця, які разлічвае Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця.

У Мінску працягваюць пакідаць жыхароў некаторых вуліц без гарачага водазабеспячэння.

З турмы дызайнер просіць, каб калегі напісалі яму пра “Млын моды”.

Яны могуць з'явіцца ў школе з польскай мовай навучання, каб "разгрузіць" перапоўненую суседнюю школу.