Вынеслі прысуд п'янаму кіроўцу, які насмерць пераехаў матацыкліста (фота)

14 лютага суд вынес доўгачаканы прысуд жыхару Касцюковіч, які ўчыніў скандальную аварыю. 23 верасня мінулага года на цэнтральным скрыжаванні Касцюковічаў, маленькага горада на ўсходзе Беларусі, кіроўца на шалёнай хуткасці пераехаў матацыкліста, які чакаў зялёнае святло светлафора.

Машына правалачыла збітага некалькі дзясяткаў метраў. Яе спыніла толькі моцная каменная агароджа. А далей адбылося невытлумачальнае дзікунства. Кіроўца выйшаў з аўтамабіля, падыйшоў да цела матацыкліста... і пачаў яго пінаць!


Фота з месца здарэння праз некалькі гадзін пасля аварыі

16-гадовая Алена, адна з шматлікіх сведкаў здарэння, паказвае месца аварыі і ўзгадвае, як гэта было.

"Машына валачыла матацыкл, аж пакуль не наехала на агароджу. Тады кіроўца выйшаў, па ягоным выглядзе я зразумела, што ён быў вельмі п'яны. Я падбегла да таго месца і пайшла за ім. Ён падыйшоў да матацыкліста, пнуў яго некалькі разоў нагой і сказаў: "Жыць будзе".

З месца аварыі кіроўца "Аўдзі" збег, ён скарыстаўся шокавым станам мінакоў. П'янага 20-гадовага кіроўцу затрымалі толькі на наступную раніцу пасля здарэння. У яго крыві алкаголь складаў 1.7 праміле.

Праз 10 дзён пасля аварыі, тыдзень не дажыўшы да свайго 19-годдзя, збіты матацыкліст Жэня Бараўцоў памёр ад шматлікіх траўмаў.


Яўгеній Бараўцоў (справа) вучыўся ў Гомельскім інжынерным універсітэце і працаваў у Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях

Гісторыя набыла ў Касцюцовічах вялікі рэзананс. Мясцовую моладзь тым больш абурылі чуткі, якія папаўзлі па маленькім гарадку, што віноўнага могуць пакараць малым тэрмінам.

Касцюковіцкі суд вырашыў пакараць кіроўцу на чатыры з паловай гады адбыцця пакарання ў калоніі-пасяленні, з выплатай 15 млн рублёў сям'і памерлага. Калонія-пасяленне — гэта не "зона", але тэрыторыя, па якой можна вольна перасоўвацца. Замест аховы там адміністрацыя, з дазволу якой калонію можна часам і пакідаць.


Мясцовая моладзь па дарозе на адно з судовых паседжанняў з фотаздымкамі загінулага

Старэйшы брат загінулага матацыкліста Аляксандр упэўнены, што беларускае заканадаўства за язду ў п'яным выглядзе занадта мягкае:

"Праз якія-небудзь паўгода за прымерныя паводзіны можна зусім выйсці з калоніі-пасялення, і толькі перыядычна там адзначацца. Прысуджаная сума і блізка не адпавядае нанесенай нам шкодзе і маральнай, і матарыяльнай, бо праз здарэнне стан здароўя маці вельмі пагоршыўся і лекі каштуюць дорага. Я баюся, што і далей п'яныя кіроўцы будуць забіваць непавінных людзей і мець за гэта смешныя пакаранні".

Разам з сябрамі і неабыякавымі людзьмі Аляксандр мае намер прыцягнуць увагу грамадскасці да неабходнасці зрабіць пакаранне за п'яную язду больш жорсткім.

Яўген Бараўцоў — адзін з прыблізна 200 чалавек, якія загінулі на дарогах Беларусі па віне п'яных кіроўцаў у мінулым годзе. У 2011-м дарожная паліцыя выявіла больш за 50 тысяч (!) фактаў язды ў нецвярозым стане.


На месцы здарэння касцюковіцкая моладзь павесіла плакат "STOP забойцам на дарозе!!!" з перакрэсленай бутэлькай

У шмат якіх краінах свету за язду ў нецвярозым стане, не кажучы ўжо за прычыненне шкоды, нярэдка караюць вялізнымі штрафамі і турэмным зняволеннем. Тым часам у Беларусі на першы раз даюць адміністрацыйнае пакаранне.

Паказальна, што менавіта ў Касцюковічах за месяц да аварыі адбылася нашумелая на ўсю краіну трагікамічная гісторыя, звязаная з п'янствам за рулём. Зняты відавочцам на мабільны тэлефон відэаролік пра затрыманне супрацоўнікамі ДАІ абсалютна п'янай жанчыны-кіроўцы прагледзелі больш за мільён чалавек. "Гераіню" роліка пакаралі 3 суткамі арышту і штрафам трохі большым за 1 млн рублёў. Магчыма, сапраўды суворае пакаранне парушальніцы прымусіла б п'янага жыхара Касцюковічаў адмовіцца ад ідэі сесці за руль 23 верасня...

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі