Saint Gooseberry: Прэм’ера песні “Bad Guy” і крыху пра сябе (слухаць)

Напярэдадні першага сольнага канцэрта ў сталічным “Графіці” 18 ліпеня лідар берасцейскага гурта Saint Gooseberry Анатоль Курысь прэзентуе на Еўрарадыё новую песню “Bad Guy”, ладзіць экскурс у гісторыю гурта і распавядае пра стратэгічныя планы.

Анатоль Курысь: Я вельмі люблю нуарную тэматыку. Магчыма, чытачы знаёмыя з такімі фільмамі, як “Бегучы па лязе”, “Касабланка” — сумесь нуарнага дэтэктыву з футурыстычнай фантастыкай мяне заўсёды вабіла. Песня “Bad Guy” — гэта песня-аповед пра прыватнага дэтэктыва-шпіка. Мы знялі сюжэтнага плана анімацыйны кліп, вытрыманы ў духу нуару. Ён хутка будзе прэзентаваны.

Еўрарадыё: Saint Gooseberry вядомы чытачам нашага сайта па кліпе на песню “Perfect Pair”, у якім некаторыя спрабавалі нават знайсці скандальнасць. Дык усё ж, што там скандальнага?

Анатоль Курысь: Спрабавалі знайсці скандальнасць у тым, што кліп здымаўся ў Брэсцкай крэпасці, маўляў, мы выкарыстоўвалі для ўласных мэтаў помнікі ды катакомбы. Але мы ўдакладнялі, што здымалі відэа ў закінутых, размаляваных графіці будынках, у якія нават не водзяць турыстаў. І з дазволу вартаўніка, як гэта ні смешна. Нічым кепскім мы не займаліся. Песня “Perfect Pair” усё ж пра каханне, хоць і такая рэзкая. Няма там скандальнасці.

Еўрарадыё: Апроч таго, вышэйзгаданае відэа ў некага асацыявалася з кліпамі брытанцаў Hurts…

Анатоль Курысь: Ну, магчыма, ёсць пэўнае падабенства. Шмат хто нас увогуле параўноўвае з Depeche Mode. Ёсць адчуванне, што людзі мяркуюць акурат па гэтай песні, “Perfect Pair”, таму што яна была ў нашай творчасці ў пэўны перыяд ключавой, хаця, мабыць, і цяпер ёю застаецца. А ўвогуле ў нас шмат матэрыялу. А тое, што параўноўваюць, — гэта добра. Тым больш добра, што параўноўваюць з тымі, хто на слыху, і гэта, магчыма, нам толькі на руку. Хаця ўласна маё адчуванне, што музыка ў нас больш агрэсіўная і насычаная, чым у тых жа Hurts і нават Depeche Mode. Але натуральна, што ўсе мы знаходзімся пад уплывам той ці іншай музыкі. Гэта нармальна.

Еўрарадыё: Дык пад уплывам каго вы ствараеце сваю музыку?

Анатоль Курысь: Усё пачалося з гурта Queen, які, магчыма, у многіх застаецца па-за плэерам. Таксама гэта экстравагантныя шведскія электроншчыкі Yellow, Nine Inch Nails. Апроч таго, на нас паўплывалі шматлікія эксперыментальныя гурты, якія для многіх могуць падацца ўвогуле дзікімі, і нават класічны джаз.

Еўрарадыё: Давайце зробім экскурс у гісторыю Saint Gooseberry.

Анатоль Курысь: Упершыню мы выступілі ў 2010 годзе на злёце аматараў машыны “Крайслер”. Мы — гэта на той момант я і Валерый Сакалоў. Гэта былі проста эксперыментальныя выступы, і ніякіх сур’ёзных намераў у нас не было, як і планаў заваяваць увесь свет і стаць мегазоркамі. Паступова эксперыменты пачалі вылівацца ў нешта большае. Як і любым мастакам, захацелася тое, што атрымліваецца, паказаць людзям. Тады ж і ўзнікла назва Saint Gooseberry. Афіцыйна пра сябе гурт заявіў праз два гады на Men's Fest, дзе мы ўжо выступілі ў складзе з трох чалавек: я, Валерый Сакалоў, які робіць розныя галасавыя і электронныя эфекты, і гітарыст Кірыл Клушч. Пазней да нас далучыўся бас-гістарыст. Спачатку мы самі арганізоўвалі канцэрты, бо нам было складана прыстасавацца да нейкай плыні. І нават дагэтуль у гэтым ёсць пэўная праблема.

Анатоль і гурт Sciana

Еўрарадыё: Дарэчы, дзеля выступу на Men's Fest вам давялося заспяваць па-беларуску. Прынамсі, вы зрабілі кавер на “Партызанскую” N.R.M. Акурат цяпер трыа N.R.M. рыхтуе чарговы трыб’ют гурта. Ці ўвойдзе туды вашая версія?

Анатоль Курысь: У свой час нашую версію чуў Лявон Вольскі і даволі пазітыўна адгукнуўся на кавер. Сказаць, што мы трапім у цяперашні трыб’ют, не магу. З размовы з Пітам я зразумеў, што ў іх ужо ёсць свае фаварыты, што нашая песня ім спадабалася, але яны не ведаюць, хто мы, і спачатку мусяць пазнаёміцца з нашай творчасцю.

Еўрарадыё: Вы кажаце, што гурту складана прыстасавацца да нейкай плыні. Як акрэсліваеце свой стыль?

Анатоль Курысь: Я скептычна і перадузята стаўлюся да таго, што раблю, бо ствараю музыку інтуітыўна, без мэты запісаць хіт ці зрабіць папсовы прадукт. То бок мы робім музыку, якая з нас ідзе. Іншая рэч, наколькі яна пасуе фармату таго ці іншага фэсту. Першы час нам падавалася, што складана некуды прыбіцца. Але з выступамі, якія мы самі арганізоўвалі і на якія прыходзіла нямала людзей, што заставаліся да канца канцэрта і пры гэтым сыходзілі задаволеныя (смяецца), фармавалася нашае адчуванне сваёй жа музыкі. Мы разумелі плюсы таго, як яна гучыць, успрымаецца… Яна ў нас нібыта і электронная, але ў ёй ёсць схільнасць да року. Нам падаецца, што мы ўсё ж больш пасуем для рокавых фэстаў, чым для электронных і танцавальных. То бок нашы песні больш падобныя да рок-песень. І тое, што мы граем, я называю альтэрнатыўнай электроннай музыкай.

Еўрарадыё: Ці ёсць у вас стратэгічны план?

Анатоль Курысь: Найбліжэйшы наш план — выпуск дэбютнага альбома, ну вельмі хочацца альбом! Але ад самага пачатку нашай творчасці, калі ўсё набыло больш-менш разумныя формы, мы паглядалі ў бок замежных лэйблаў. Я адпачатку не планаваў нашу музыку прасоўваць у Беларусі. Мне падавалася, што тут больш запатрабаваны рок і што нашы творы нікога не зацікавяць.Але калі ты толькі пачынаеш, ніхто цябе не ведае, усё ж трэба знаходзіць падтрымку там, дзе ты ёсць. Тым не менш, свой першы вэб-сінгл “Perfect Pair” мы выдалі на маскоўскім лэйбле. Там жа мы плануем выдаваць альбом. Прычым альбом будзе выдадзены як на лічбавых, так і на фізічных носьбітах. Натуральна, хочацца шукаць іншыя выхады. Тое, што мы спяваем па-англійску, — наш плюс, варта гэтым скарыстацца і паказаць сваю музыку ў тым ліку Еўропе. У любым выпадку, па словах таго самага маскоўскага лэйбла, нашая песня атрымала пазітыўную рэакцыю еўрапейскіх слухачоў, якія былі здзіўленыя, што Saint Gooseberry — беларуская фармацыя.

Еўрарадыё: Ці ёсць цяпер сэнс выдаваць альбомы? Многія адмаўляюцца ад дыскаў на карысць сінглаў і іпішак…

Анатоль Курысь: Я вырас на альбомах і дагэтуль аддаю перавагу праслухоўванню дыска ад пачатку да канца. Таму што для мяне гэта як прачытаць кнігу. Альбом — гэта твор, у якім ёсць завязка, кульмінацыя, развязка. Гэта прадукт, які мусіць быць агульным арганізмам і існаваць як кніга, як кіно. У свеце ёсць тэндэнцыя, што нешта сыходзіць, потым вяртаецца. Таму я перакананы, што альбомы вернуцца, як цяпер вяртаюцца вінілы. Усё ж каб успрыняць гурт цэласна, сінглаў мала.

Еўрарадыё: Да таго ж вы любіце здымаць кліпы. Усё ж кліп ёсць сродкам папулярызацыі гурта?

Анатоль Курысь: Канечне! Калі ты не толькі чуеш песню, але яшчэ бачыш карцінку, ты можаш лепш зразумець энергетыку гурта, атмасферу, удзельнікаў. Думаю, са мной пагодзяцца музыкі: з відэа музыка ўспрымаецца лепш, яна робіцца больш ядомай. А калі яшчэ яно зробленае ў адпаведнасці з духам музыкі, яшчэ лепш. Адна справа, калі ты распавядаеш пра сябе, іншая — калі паказваеш.

Еўрарадыё: Кажуць, вы самі ствараеце відэашэраг для выступаў Saint Gooseberry.

Анатоль Курысь: Так. Усе нашыя выступы, калі дазваляе памяшканне, суправаджаюцца відэашэрагам, які прапісаны пад кожны выступ, пад кожную кампазіцыю. І які вельмі дапамагае стварыць патрэбную атмасферу, патрэбны настрой, што часта адзначаюць нашы слухачы.

Еўрарадыё: Ваш галоўны план — выпуск дэбютніка. Ён будзе вытрыманы ў ключы “Perfect Pair” і “Bad Guy”?

Анатоль Курысь: Быў перыяд, калі падавалася, што ўсе нашы песні вельмі розныя, і было незразумела, як іх звязаць у адно цэлае. Але дзякуючы выступам, калі мы пачалі пісьменна складаць праграму, адчуванне цэласнасці з’явілася. Як ні круці, калі музыка зробленая адным чалавекам, усё ж ёсць стрыжань, які яднае яе. На пласцінцы будуць дастаткова розныя па энергетыцы і стылістыцы песні, некаторыя будуць больш рокавыя, некаторыя — псіхадэлічна-джазавыя, але гэта будзе цэласна і нясумна.

Фота з сацыяльных сетак

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі