“Сертыфікаты для ІП — нястрашна. Праблема ў суправаджальных дакументах”

Еўрарадыё: З 1 ліпеня была ўведзеная абавязковая сертыфікацыя якасці тавараў, якія ўвозяцца ў нашую краіну, што выклікала хвалю пратэстаў прадпрымальнікаў па ўсёй Беларусі. Але, што цікава, прадпрымальнікі за дзень да ўвядзення новых правілаў, то бок 30 чэрвеня, правялі форум, на якім вырашылі звярнуцца да Аляксандра Лукашэнкі, прапанавалі ствараць розныя інстытуцыі пры Адміністрацыі прэзідэнта, каб адстойваць свае правы. Узнікае пытанне: ці не запозна пачалі адстойваць свае правы?

Сяргей Балыкін: Я звярну ўвагу на тое, што з 1 ліпеня гаворка ідзе не столькі пра сертыфікацыю тавараў, колькі пра таварасуправаджальную дакументацыю. Сертыфікаты — гэта не самае страшнае, і атрымаць іх даволі проста, а вось разнастайныя накладныя, фактуры, касавыя чэкі, што пацвярджаюць набыццё тавару, — вось гэта праблема, якая паўстала 1 ліпеня. І лідары прадпрымальнікаў чамусьці мала ўвагі на яе звярталі. Рэакцыя прадпрымальнікаў на закон №222 адбылася вельмі позна, бо ўсе гэтыя праблемы былі вядомыя даволі даўно: пра магчымасць увядзення таварасуправаджальнай дакументацыі казалі ўвогуле апошнія 10 гадоў. Але лідары прадпрымальнікаў, як і самі іпэшнікі, да апошняга спадзяваліся: можа, абыдзецца, пранясе. Дык чаму б не правесці 30 чэрвеня форум, пытанне толькі, з якой мэтай? Калі ставіць перад сабой мэту прадухіліць негатыўныя наступствы Указу №222 і нешта змяніць, то, безумоўна, праводзіць рознага роду мерапрыемствы 30 чэрвеня запозна. Але калі ставіць перад сабой мэту піяру, то, можа, і самы час.

Еўрарадыё: Як вы лічыце, ці існуюць прававыя механізмы, можа, нейкія наднацыянальныя, каб не проста дамагчыся адтэрміноўкі сертыфікацыі якасці тавараў і іх суправаджальнай дакументацыі, а ўвогуле скасаваць такія патрабаванні?

Сяргей Балыкін: Ведаеце, я чуў ад індывідуальных прадпрымальнікаў ідэю звярнуцца ў эканамічны суд СНД, яшчэ нейкія наднацыянальныя органы. Але я з вялікім сумневам стаўлюся да такіх ініцыятываў, бо ў міждзяржаўны суд СНД могуць звяртацца толькі дзяржавы, а не асобы, тым жа прадпрымальнікам там рабіць няма чаго. Не трэба забываць, што не існуе наднацыянальных органаў, якія маглі б загадаць Рэспубліцы Беларусь ці нейкай іншай дзяржаве змяніць сваё заканадаўства ці рэгуляваць унутранае гаспадарчае заканадаўства. Прынцып міжнароднага права ў тым, што роўны не мае перавагі над роўным, то бок адна дзяржава не можа ўказваць іншай дзяржаве, што рабіць. Таму гэта поўнасцю ўнутраная справа Беларусі.

Еўрарадыё: Прадпрымальнікі скардзяцца на тое, што немагчыма атрымаць сертыфікаты якасці і суправаджальныя дакументы на тавары ў той жа Расіі, але з іншага боку, ёсць Мытны саюз. Ці можа Беларусь на гэтым згуляць, сказаўшы: чаго вы ад нас патрабуеце, калі самі як партнёры па Мытным саюзе не робіце належным чынам?

Сяргей Балыкін: Па-першае, гэта не патрабаванне Мытнага саюза, а патрабаванне беларускага заканадаўства. Не можам атрымаць накладныя ў Расіі (гаворка ідзе ў першую чагу пра накладныя, а не сертыфікаты), бо расійскія суб’екты гаспадарання гэтыя накладныя не выпісваюць. Ёсць накладныя, ёсць форма, зацверджаная расійскім заканадаўствам, ёсць пералік абавязковых рэквізітаў для касавых чэкаў, але іншая справа, калі беларускі прадпрымальнік прыязджае ў Расію, на іх рынкі. Расійскі прадпрымальнік гэтых накладных не дае, бо гандлюе “ўчорную”. Але гэта не азначае, што суправаджальная дакументацыя расійскім заканадаўствам не прадугледжаная.

Проста суровасць расійскіх законаў кампенсуецца неабавязковасцю іх выканання. У Расіі тавар кантрабандны, кантрафактны, танны, ён складае “чорны” рынак, а “белы” тавар даражэйшы. Каб яго набываць танней, трэба набываць вялікімі партыямі. А вялікія партыі нашыя індывідуальныя прадпрымальнікі сёння не цягнуць, адпаведна, набываюць таннейшы тавар. І што Беларусь скажа федэральнай падатковай службе Расійскай Федэрацыі? “Часцей правярайце сваіх прадпрымальнікаў”? Няма такога механізму, каб мы змаглі ўказаць Расійскай Федэрацыі, як ёй паводзіцца ўнутры сваёй краіны.

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі