Севярынец: Мы выбіраем не "адзінага" на выбары, а адзінага лідара апазіцыі

Еўрарадыё: Апазіцыя нарэшце вызначылася — чарговая спроба выбраць чарговага адзінага кандыдата ад апазіцыі на чарговыя прэзідэнцкія выбары будзе рабіцца з дапамогай чарговага Кангрэсу дэмакратычных сіл. І нібыта менавіта вы распрацоўваеце канцэпцыю гэтага мерапрыемства. На якім этапе праца?

Павел Севярынец: Тут такая сітуацыя: мы дамовіліся з тымі, з кім мы ўдзельнічаем у гэтых перамовах, а гэта — кіраўнікі дэмакратычных сіл Беларусі, што пакуль мы дэталі і падрабязнасці ў прэсу не даем. Магу пацвердзіць, што такія перамовы ідуць, што праект канцэпцыі правядзення выбараў адзінага лідара і Кангрэсу я сапраўды распрацоўваў. Хачу толькі ўдакладніць, што гаворка ідзе не проста пра кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах, бо выбараў у нас няма і кампаніі прэзідэнцкіх выбараў таксама можа не быць. Гаворка ідзе пра адзінага лідара пераменаў, адзінага лідара апазіцыі, а сцэнары ўдзелу ў кампаніі 2015 года могуць быць розныя. Як удзелу ў так званых выбарах, так і… іншы які-небудзь сцэнар. Але ў тым, што павінен быць адзіны, у гэтым я перакананы. І пазіцыя БХД ад пачатку гэтай кампаніі была такой: нам патрэбны адзіны лідар, БХД не будзе вылучаць свайго, каб стаць пляцоўкай для перамоў. Гэтым зараз і займаемся.

Еўрарадыё: Такім чынам, гэтым разам замахнуліся нават не на адзінага кандыдата пад выбары, а на абранне адзінага глабальнага лідара?

Павел Севярынец: Усё адбываецца ў кантэксце 2015 года, але гэтая агаворка досыць важная і істотная. Гэта не проста кандыдат у прэзідэнты на кампанію, якую Лукашэнка арганізоўвае для стварэння бачнасці таго, што ён — прэзідэнт. Пытанне стаіць наступнае: у сувязі з кампаніяй 2015 года, у сувязі з падзеямі ва Украіне — дэмакратычныя сілы здольныя вылучыць адзінага лідара, які гатовы будзе, калі будзе прынятае такое рашэнне, удзельнічаць у кампаніі 2015 года, збіраць подпісы, вылучацца, ці, калі яго не зарэгіструюць, прапанаваць дэмакратычным сілам моцны сцэнар — як сябе паводзіць у такой сітуацыі? А таксама гаворка ідзе пра чалавека, здольнага адказаць на геапалітычныя выклікі. Бо пагроза незалежнасці Беларусі з кожным днём робіцца ўсё больш рэальнай. Але ізноў жа — пра дэталі я казаць зараз не буду. Трэба пачакаць трохі, недзе месяц.

Еўрарадыё: За ўсе гады апазіцыя не здолела выбраць нават адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары, нават Мілінкевіч у свой час не быў сапраўды адзіным, а тут у планах выбраць лідара ўсіх дэмакратаў! Вам не падаецца гэта ідэяй фікс?

Павел Севярынец: Пагрозы і выклікі, якія існуюць зараз, проста патрабуюць ад нас такой шырокай пастаноўкі пытання. Калі ў 2001 ці ў 2006 годзе можна было казаць: “Мы ўдзельнічаем у выбарах, мы будзем дамагацца падліку галасоў”, то зараз пра гэта бессэнсоўна казаць. Бо сістэма фальсіфікацый адладжаная такім чынам, што пракантраляваць і выявіць гэтыя фальсіфікацыі немагчыма. Выбараў няма ўвогуле — ёсць толькі працэс, які ўлады час ад часу арганізоўваюць. Таму я і не кажу, што мы зараз выбіраем адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад дэмакратычных сіл. Мы выбіраем чалавека, які будзе ўдзельнічаць у гэтай кампаніі — адзінага. Гэта працэс, які зараз ідзе і па якім мы перамаўляемся. Але і мая, і БХД пазіцыя такая, што гэта павінен быць лідар, які здольны на сябе ўзяць адказнасць і за дзеянні ў выпадку яго нерэгістрацыі. Такога чалавека, які здольны адным голасам размаўляць і з народам, і з Захадам, і з рэжымам у выпадку рэальнай пагрозы незалежнасці, у выпадку падзеяў такіх, якія зараз адбываюцца ва Украіне. Бо падзеі, якія зараз адбываюцца, ставяць пытанне рубам перад кожным лідарам. Праграма мінімум — гэта чалавек, які ўдзельнічае ў кампаніі 2015 года, праграма максімум — гэта лідар, якога патрабуе час і краіна.

Еўрарадыё: Можаце адказаць шчыра: сярод сённяшніх лідараў апазіцыі вы бачыце чалавека, які б адпавядаў усім пералічаным вамі патрабаванням?

Павел Севярынец: Шчыра — так! У Беларусі больш за 9 мільёнаў жыхароў…

Еўрарадыё: Словы пра тое, што сярод 9 мільёнаў грамадзянаў краіны напэўна ёсць хоць адзін варты лідар, мы чулі ўжо не адзін раз!

Павел Севярынец: Як веруючы чалавек я веру ў тое, што Гасподзь можа ўзяць любога чалавека, невядомага нікому, паставіць яго і сказаць: “Вось, ён уратуе мой народ!” І ўсё — народ будзе ўратаваны. Біблія пра гэта шмат разоў піша і кажа. Гэта можа быць зусім нечаканы чалавек. Можа быць і той, каго мы добра ведаем. Гэта больш верагодна, але не выключае таго, што і нечаканы чалавек можа з’явіцца. І таму, калі гаворка ідзе пра выжыванне дзяржавы, выжыванне нацыі, я веру, што такіх людзей патэнцыйна шмат. І я хачу сказаць, што некаторых такіх людзей я ведаю. Некаторыя з іх не ўдзельнічаюць у палітыцы — можа, пазней будуць, некаторыя ў палітыцы ўдзельнічаюць, але не на такіх высокіх пасадах, каб абмяркоўвацца ў СМІ як патэнцыйныя кандыдаты. Сярод тых, хто абмяркоўваецца як патэнцыйныя кандыдаты, здольных людзей я таксама бачу. Інакш бы я не займаўся перамовамі з гэтымі палітычнымі лідарамі.

Еўрарадыё: Дзе гарантыя, што сярод удзельнікаў Кангрэсу будзе прысутнічаць патрэбны “нечаканы чалавек”, каб Гасподзь паказаў на яго ўсім прысутным і сказаў: “Вось, ён уратуе мой народ!”?

Павел Севярынец: Гарантыі даюць гаранты… А мы можам спрабаваць зрабіць тое, што ў нашых сілах. Я, шчыра сказаць, раблю ўсё для таго, каб такая магчымасць для гэтага чалавека, для гэтых людзей з’явілася. Таксама я прадбачу, што быць кандыдатам у прэзідэнты — гэта зусім не прывілей будзе, як у 2006 ці нават у 2010 годзе, а гэта будзе цяжкі крыж. І вялікую павагу неабходна выказваць кожнаму, што хаця б жаданне выказвае паўдзельнічаць. Трэба разумець, што за такія рэчы пасля 2010 года і пасля падзей ва Украіне могуць проста адбіць галаву. Таму ў тым, хто гаворыць: “Я гатовы!” —ужо нейкае зерне ёсць. Калі чалавек сапраўды гатовы, за ім ёсць людзі і ён хоча паспрабаваць — гэта ўжо варта павагі. Таму я з вялікай павагай стаўлюся да тых, хто ўжо там прафігураваў. Таму што калі самы цудоўны чалавек не скажа: “Я гатовы, я пайду!”, — то Гасподзь такой магчымасці не дасць — воля чалавечая ўдзельнічае ў Божым плане.

Еўрарадыё: Неяк вы заўчасна адмовіліся праверыць сябе — а раптам у тым Божым плане ваша імя прапісанае?

Павел Севярынец: Пачнём з таго, што згодна з дзеючым заканадаўствам і планам рэжыму я ўдзельнічаць не магу. У мяне судзімасць, якая два гады трымаецца, і будзе трымацца да так званых выбараў 2015 года — у лістападзе яны павінны адбыцца, а ў мяне да 19 кастрычніка 2015 года судзімасць і яе ніхто раней не будзе здымаць. Пра што мяне і папярэдзілі, калі я пакідаў спецкамендатуру. Усё астатняе абмяркоўваць бессэнсоўна, бо чалавек, які бярэ на сябе такую адказнасць і ўступае ў кампанію 2015 года, мусіць мець магчымасць у ёй удзельнічаць.

Еўрарадыё: Вы сказалі, што перамовы вядуцца з прадстаўнікамі ўсіх дэмакратычных сіл…

Павел Севярынец: Скажам так, як бы гэта сфармуляваць правільна… з прадстаўнікамі палітычных дэмакратычных сіл. Тут і партыі, і рухі, і грамадскія кампаніі…

Еўрарадыё: Да прыкладу, Сяргей Гайдукевіч сцвярджае, што ЛДПБ — дэмакратычная і нават апазіцыйная партыя. Іх на Кангрэс запросіце?

Павел Севярынец: ЛДПБ не з’яўляецца дэмакратычнай сілай — пра гэта шырока вядома. Тыя псеўдапартыі, якія забяспечваюць дэмакратычную шырму для рэжыму: Партыя справядлівасці і чагосьці яшчэ, Спартыўна-сацыяльная партыя, ЛДПБ і гэтак далей — не разглядаюцца намі з самага пачатку як дэмакратычныя. Бо яны сваімі дзеяннямі і заявамі засведчылі свой удзел у сцэнарах рэжыму. Гэта не дэмакратычныя сілы, а — абслуга дзеючага рэжыму. Таму размаўляць і запрашаць да ўдзелу мы будзем толькі тыя дэмакратычныя сілы, якія стаяць на пазіцыі дэмакратыі, не прымаюць аўтарытарызму і гатовыя весці краіну менавіта па дэмакратычным шляху. Адсюль выпадае і Гайдукевіч, прадстаўнік той партыі, якія нароўні з “Белай Руссю” і БРСМ праводзяць фальсіфікацыі на так званых выбарах альбо інакш падыгрываюць рэжыму ў яго сцэнарах.

Еўрарадыё: Заўжды на пытанне: “Чаму не абралі адзінага кандыдата на выбары?” адказвалі: “Ну, вы ж разумееце — асабістыя амбіцыі палітыкаў”… Вы лічыце, гэтым разам нешта раптам паўплывала на асабістыя амбіцыі лідараў і яны некуды знікнуць?

Павел Севярынец: Што-нішто паўплывала… Гэта была і Плошча-2010: усе зразумелі, што гэта не прагулка і не прывілеі — быць кандыдатам у прэзідэнты гэта крыж, і гэта ўсё больш людзям зразумела. Паўплывалі падзеі ва Украіне, пасля якіх стала зразумела, што коштам свабоды можа быць не толькі мірны пратэст і аксамітавая рэвалюцыя — што ёсць яшчэ і Расія. Ёсць рэчы, якія прымушаюць дэмакратычных палітычных лідараў Беларусі больш цвяроза глядзець на сітуацыю. Таму гэта і дае надзею.

Еўрарадыё: Вы распрацоўваеце канцэпцыю Кангрэсу-2014, але што там распрацоўваць? Чым адзін Кангрэс можа адрознівацца ад усіх астатніх?

Павел Севярынец: Кангрэс — гэта толькі спосаб, і ён не адказвае на ўсе пытанні. Ён з’яўляецца механізмам, досыць вузкім, але эфектыўным механізмам для выбрання такога адзінага лідара. У чым яго можа быць адметнасць?.. У часе, магчыма, у людзях — прыйшло новае пакаленне пасля апошняга такога Кангрэсу ў 2006 годзе, а зараз усё ж такі год 2014. Змяніўся час і змяніліся тэхналогіі: на нас насоўваецца інфармацыйная цывілізацыя, і інтэрнэт і сацыяльныя сеткі дасягнулі такога размаху, што даведацца пра адзінага кандыдата палова Беларусі зараз зможа не выходзячы з хаты і нават не дастаючы з паштовых скрынак газету.

Еўрарадыё: Вы верыце, што здолееце знайсці працэдуру выбрання адзінага лідара, якая задаволіць усіх? Што пасля нехта не скажа: “Я яго не выбіраў, я за яго не галасаваў — гэта не мой лідар”?

Павел Севярынец: Сённяшняя беларуская сітуацыя і сённяшні пратэстны патэнцыял такія, што дастаткова цэнтру крышталізацыі, і працэсы могуць пайсці ў масавых маштабах. Могуць пайсці, хоць не абавязкова і не гарантавана пойдуць. Таму, калі з’явіцца адзіны лідар апазіцыі, то беларускі народ можа на гэта адрэагаваць уздымам і мабілізацыяй ў 2015 годзе. На гэта і спадзяванне.

Еўрарадыё: Цікава можа атрымацца, калі адзіным лідарам нечакана абяруць, да прыкладу, лідара левых Сяргея Калякіна…

Павел Севярынец: Тыя актывісты, хто 20 гадоў, а хто можа і 1-1,5 года, але змагаюцца і змагаліся з гэтым рэжымам, маюць права выбраць чалавека, які іх павядзе. Хто б гэта ні быў. У Калякіна шансаў мінімум, гэта я вам кажу сваё стаўленне, у прарасійскага кандыдата шансаў стаць адзіным дэмакратычным лідарам таксама практычна няма. Ён ёсць тэарэтычны — калі ласка, удзельнічайце ў Кангрэсе, але я праязджаў рэгіёны, з моманту свайго вызвалення наведаў шмат гарадоў і скажу вам так: будзе гэта лідар прабеларускі, які прытрымліваецца дэмакратычных поглядаў, не прарасійскі. Таму, спадзяюся ў любым разе, што абранец будзе адпавядаць настроям і чаканням тых беларусаў, хто выступае за перамены.

Фота: http://bymedia.net/, nn.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі