Школы будуць працаваць з 8:00 ці 7:30, але заняткі будуць пачынацца ў 9:00

Школы будуць працаваць з 8:00 ці 7:30, але заняткі будуць пачынацца ў 9:00

“Звяртаем вашу ўвагу на тое, што ў школах, якія працуюць у першую змену, заняткі будуць пачынацца ў 9.00 (гэтым школам адказ можна не высылаць). У школах, якія працуюць у дзве змены: з 8.30 ці з 9.00. Калі з 8.30, неабходнае дакладнае тлумачэнне”, — напісана ў лістах з упраўлення адукацыі Мінгарвыканкама, якія пачалі прыходзіць у сталічныя школы.

Пераносам пачатаку заняткаў у школах на 9 раніцы пачалі актыўна займацца пасля нядаўняга выступу Аляксандра Лукашэнкі на штогадовым пасланні народу і парламенту. Кіраўнік краіны звярнуў увагу на тое, што яго малодшы сын Мікалай засынае на ўроках. Але ці гатовая школа, дзе вучыцца Мікалай Лукашэнка, перанесці пачатак заняткаў на гадзіну?

“У нас жа дзеці з Брадка ездзяць, на 7:20, ― здзіўляюцца пытанню Еўрарадыё ў школе Астрашыцкага гарадка. ― Таму, ці будзем мы пераходзіць на 9 гадзін раніцы, невядома. У нас першаснае пытанне, што не хапае ў школе месца для дзяцей. Таму, хутчэй за ўсё, мы будзем пераходзіць на дзве змены. Гэта першасная задача. А ўжо пра пераход на пачатак заняткаў з 9 раніцы, то пакуль гэта, мне падаецца, не разглядалася. Не чула, каб гэта абмяркоўвалі ў адміністрацыі”.

ліст ад упраўленняў адукацыі, які атрымалі мінскія школы

Па словах прэс-сакратара Мінадукацыі Людмілы Высоцкай, лісты, якія атрымалі кіраўнікі сярэдніх навучальных установаў, не з’яўляюцца загадам.

“Школы самі будуць вырашаць, як ім пераходзіць на пачатак заняткаў з 9 раніцы, ― тлумачыць Людміла Высоцкая. ― Але гэта тычыцца толькі школ, якія працуюць у адну змену. Тыя школы, што працуюць у дзве змены, будуць глядзець, ці зручна ім рабіць пачатак заняткаў у 9 раніцы. Калі зручна, то зробяць з 9 гадзін. Бо Санпін рэкамендуе для дзяцей пачатак заняткаў не раней за 9 гадзін”.

Дакладных нарматываў, па якіх будзе прымацца рашэнне, ці пераходзіць на новы час заняткаў, няма. Але меркаванне бацькоў навучэнцаў, натуральна, будзе ўлічвацца. Хоць менавіта для іх, пераконвае Людміла Высоцкая, нічога не зменіцца.

“Школы, як працавалі з 8:00, ці 7:30, так і будуць працаваць, ― каментуе прэс-сакратар Мінадукацыі. ― Бацькі, якія рана ідуць на працу, як і раней будуць прыводзіць дзяцей у школу. То бок прывезлі вы дзіця ў 8 раніцы, а заняткі пачынаюцца ў 9. Гэтую гадзіну дзеці будуць занятыя. Яны будуць з настаўнікам маляваць, яшчэ што-небудзь рабіць… То бок дзіця будзе пад наглядам. Але заняткаў з 8 раніцы не будзе, яны пачнуцца з 9:00”.

На думку супрацоўніцы Мінадукацыі, працоўны дзень настаўнікаў пры гэтым не павялічыцца. Бо цяпер у школах таксама існуюць дзяжурствы. Менавіта дзяжурны настаўнік, хутчэй за ўсё, і будзе займаць дзетак, якіх прывезлі на вучобу на гадзіну раней.

“Але гэта пакуль толькі маё меркаванне, бо механізм пакуль яшчэ не адпрацаваны, ― рэзюмуе Людміла Высоцкая. ― Таму мне складана нешта дакладнае казаць і выказваць меркаванне міністэрства. Але галоўнае тут ― і выканаць даручэнне, і зрабіць так, каб усе былі задаволены вынікам. Каб і дзеці высыпліся, і настаўнікам не давялося павялічваць іх стаўку ў дваццаць гадзін на тыдзень”.

Цікава, што школы і дагэтуль мелі права самастойна выбіраць, калі ім пачынаць заняткі. Урокі з 9:00 і цяпер не рэдкасць для ўстановаў адукацыі. Таму, каб Мікалай Лукашэнка пачаў высыпацца, Аляксандру Лукашэнку было дастаткова на правах бацькі навучэнца звярнуцца да адміністрацыі астрашыцка гарадоцкай школы з прапановай пераглядзець час пачатку заняткаў. І вось тут пытанне: ці ўвайшла б адміністрацыя школы ў палажэнне сына кіраўніка краіны?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі