Што карыснага зрабілі дэпутаты-апазіцыянеры ў мясцовых саветах?

Актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычна партыі (Грамада) Віктар Міхасёў стаў дэпутатам Баранскага гарсавета. Але на пытанне, чым са зробленага можа пахваліцца, разгубіўся.



Віктар Міхасёў: “Вырашалі пытанне водазабеспячэння — калодзежы былі з вельмі дрэннай вадой, пытанні каналізацыі, добраўпарадкавання, рамонту дамоў і гэтак далей. Калі б людзі маўчалі і дэпутат маўчаў, то шмат з гэтых пытанняў не вырашыліся б яшчэ шмат гадоў”.



Суразмоўца Еўрарадыё шчыра прызнаецца: паўнамоцтваў у мясцовых дэпутатаў няма практычна ніякіх. І каб нейкія праблемы сваіх выбаршчыкаў хаця б паспрабаваць вырашыць, неабходна прыкласці шмат высілкаў. Задарма — бо заробак такія дэпутаты не атрымліваюць, і ў свой вольны час.



Віктар Міхасёў: “Паўнамоцтва ў дэпутата абрэзаныя, нават кастрыраваныя! Бо ўсё адно ўсё залежыць ад чыноўніка: дэпутат вымушаны ісці да чыноўніка — прасіць яго, пісаць яму, дабівацца вырашэння праблемы”.



І ў такім выпадку важна, упэўнівае Міхасёў, каб дэпутата рэальна падтрымлівалі людзі. Тады сапраўды нечага дабіцца можна, пагаджаецца дэпутат Асіповіцкага райсавета, актывіст БХД Аляксей Цюлькоў. Ён распавядае пра галоўны вынік свайго чатырохгадовага дэпутацтва: з дапамогай людзей дамогся пераносу маршруту цеплатрасы, чым выратаваў ад высякання амаль сотню дрэў у двары дома сваіх выбаршчыкаў.



Аляксей Цюлькоў: “Калі прыходзілі пілаваць дрэвы, людзі стаялі і не давалі пілаваць. Пасля гэтага было прынятае рашэнне перагледзець праект і перанесці цеплатрасу ў бок. Бо ў гэтым людзі бралі ўдзел рэальна: стаялі на вуліцы, умешваліся ў працу ЖКГ у нейкі момант, разам з дастаткова вялікай групай жыхароў я хадзіў па розных інстанцыях. Безумоўна, гэта дало свой вынік”.



Праўда, на гэтым пералічэнне дэпутацкіх дасягненняў у Цюлькова скончылася. А вось у дэпутата Вілейскага райсавета, сябра партыі “Справядлівы свет” Іосіфа Маціюна ініцыятыў было шмат.



Іосіф Маціюн: “Я ўносіў прапановы па добраўпарадкаванні нашага мікрараёна, я збіраў подпісы, каб гістарычную назву нашаму мікрараёну вярнулі, збіраў подпісы, каб зрабілі сквер у нашым мікрараёне — на жаль, пабудавалі там дом. Такія дробныя пытанні. Справа ў тым, што трэба, каб саветы прымалі рашэнні і іх выконвалі. На жаль, нашы рашэнні альбо ігнаруюць, альбо выконваць іх няма грошай”.



Нават пікет, які дэпутат мясцовага райсавета хацеў зладзіць у гарадскім парку, яму выканаўчыя ўлады правесці не дазволілі. І, падводзячы вынік, Маціюн смяецца: “Выбаршчыкі мне адразу казалі: ведаем, што нічога ты ў тым Савеце асабліва не зробіш, але хоць ваду муціць будзеш і нам расказваць — што там насамрэч адбываецца!” Вось і муціць, прызнаецца.



Другі актывіст “Справядлівага свету”, дэпутат Баранавіцкага гарсавета Аляксандр Галькевіч шчыра спрабуе прыгадаць, чым пахваліцца. Але так і не здолеў…



Усе суразмоўцы Еўрарадыё адкрыта прызнаюцца: без аднадумцаў у мясцовых саветах нечага значнага дамагчыся вельмі складана. Тым не менш сцвярджаюць, што змагацца за дэпутацкія мандаты і браць удзел у мясцовых выбарах апазіцыі трэба.



Што да сябе асабіста, то ніводзін з суразмоўцаў так і не адказаў, ці будзе змагацца за пераабранне. Асабліва з улікам таго, што трое з чатырох апытаных у дэпутатах не першы тэрмін.

Фота: http://bymedia.net/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі