Што Мінэканомікі і Мінпрацы зробяць з беларускай вышэйшай адукацыяй

Што Мінэканомікі і Мінпрацы зробяць з беларускай вышэйшай адукацыяй

Да лета 2017 года беларускія ўніверсітэты самі вырашалі, колькі абітурыентаў і на якія спецыяльнасці будуць набіраць. Кантрольныя лічбы зацвярджала Мінадукацыі — і ўсё.

Пры гэтым ужо сёння тэндэнцыя да скарачэння бюджэтных месцаў назіралася ў большасці ВНУ. Напрыклад, толькі ў адным БДУ “бюджэтнікаў” набралі на паўсотні менш, чым летась.

А з наступнага навучальнага года вызначачэннем лічбаў зоймуцца Міністэрства эканомікі і Міністэрства працы. Пра гэта заявіў віцэ-прэм'ер Васіль Жарко. Навошта ўводзяцца такія радыкальныя змены? У новага рашэння ўраду знайшліся як прыхільнікі, якія лічаць, што чыноўнікі здолеюць скараціць набор па “непатрэбных” спецыяльнасцях, так і праціўнікі, якія сцвярджаюць, што ніводны чыноўнік не ў стане вызначыць, якія спецыяльнасці будуць запатрабаванымі праз пяць гадоў, калі абітурыенты ператворацца ў выпускнікоў.

Разам с эканамістамі, рэпетытарамі і педагогам спрабуем разабрацца, да чаго прывядзе ўмяшальніцтва Мінэканомікі і Мінпрацы ў сферу вышэйшай адукацыі.

Для эканомікі

Леанід Заіка: Ніхто дакладна ніколі не трапляў у патрэбную колькасць спецыялістаў

Што Мінэканомікі і Мінпрацы зробяць з беларускай вышэйшай адукацыяй

“У Беларусі вялікі дзяржаўны сектар. Там занятыя людзі, якія ствараюць адзін перад адным ілюзію працы. А наконт прафесійных кандыдатур у мяне ўпэўненасць толькі ў адной спецыяльнасці: нам патрэбны прэзідэнт на пару гадоў, але пасля гэтая спецыяльнасць будзе незапатрабаваная, — троліць чыноўнікаў эканаміст Леанід Заіка. — Усе астатнія спецыяльнасці — віламі па вадзе. Ніхто дакладна ніколі не трапляў у патрэбную колькасць спецыялістаў. Можна рабіць прагноз, але гэта будзе варыятыўна”.

Яраслаў Раманчук: Добра, што ва ўладзе зразумелі: адукацыя працуе для рынку працы

Што Мінэканомікі і Мінпрацы зробяць з беларускай вышэйшай адукацыяй

“Мінэканомікі таксама не ведае, хто спатрэбіцца на рынку працы. Гэта трэба рабіць глыбокую аналітыку, — лічыць эканаміст Яраслаў Раманчук. — Добра, што ў органах улады сфармавалася думка, што адукацыя працуе для рынка працы. Калі дзяржава бачыць сябе ў цэнтры рынка працы, такі дзяржаўны “саўковы” план, дык тады яна і вызначае колькасць месцаў. А па іншай логіцы, людзі самі фарміруюць попыт на тое, што трэба рынку працы”.

Для абітурыентаў

Аляксандр Луцэвіч: Месцы скароцяць там, дзе складана з размеркаваннем

Што Мінэканомікі і Мінпрацы зробяць з беларускай вышэйшай адукацыяй

“Апошні час ішла тэндэнцыя на скарачэнне бюджетных месцаў. Бюджетныя месцы скароцяцца на спецыяльнасцях, дзе складана было з размеркаваннем, — мяркуе рэпетытар па гісторыі і грамадазнаўстве Аляксандр Луцэвіч. — Цяпер Мінэканомікі і Мінпрацы падлічаць, што не трэба траціць грошы на месцы, з якіх не могуць размеркаваць выпускнікоў”.

Яўген Лівянт: Адукацыя, выкліканая патрэбай атрымаць “корачку”, часам, ліпавая

Што Мінэканомікі і Мінпрацы зробяць з беларускай вышэйшай адукацыяй

“Паводле беларускага Працоўнага кодэкса, амаль усе мусяць мець вышэйшую адукацыю, каб рабіць кар’еру, каб хоць крыху прасунуцца па кар’ернай лесвіцы. І гэта не праблема міністэрстваў, а праблема заканадаўства, — сцвярджае рэпетытар па фізіцы Яўген Лівянт. — Адукацыя гэтая, выкліканая патрэбамі, часам, ліпавая. Я б раіў пераглядзець Працоўны кодэкс, бо ён вядзе да неабходнасці атрымаць “корачку”, а не адукацыю. А так, з большага гэта крок у правільным кірунку”.

Для ВНУ

Святлана Мацкевіч: Праблем не будзе ў ВНУ, якія рыхтуюць адукаваных людзей

Што Мінэканомікі і Мінпрацы зробяць з беларускай вышэйшай адукацыяй

“У ВНУ будуць праблемы, бо яны арыентаваныя на падрыхтоўку спецыялістаў, — лічыць кандыдат педагагічных навук Святлана Мацкевіч. — Праблем не было б у класічных ВНУ, якія рыхтуюць не проста спецыялістаў, а добра падрыхтаваных, адукаваных людзей, якія самі ў стане разабрацца, дзе і кім ім працаваць, у залежнасці ад сітуацыі на рынку. Але гэта ідэальныя ўніверсітэты. На жаль, у нашай краіне такіх няма”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі