Што такое блокчэйн і навошта ён Нацбанку

Што такое блокчэйн і навошта ён Нацбанку

Нацбанк пачаў укараненне навамоднай тэхналогіі блокчэйн. У сацсетках людзі, якія разбіраюцца ў фінансах і сучасных фішках, вельмі ўзрадаваліся. Увогуле, блокчэйн — гэта адносна новая тэхналогія захоўвання і перадачы інфармацыі. Чаму блокчэйн — гэта крута і навошта ён патрэбны, распавядае старшы аналітык кампаніі "Альпары" Вадзім Іосуб.


Дагэтуль рознага кшталту інфармацыя, у тым ліку і банкаўская, захоўвалася ў Беларусі цэнтралізавана. Напрыклад, інфармацыя пра банкаўскія рахункі кліентаў — на камп'ютарах у банку, а інфармацыя пра рахункі банкаў — у базе дадзеных у Нацбанку. Але такая сістэма захоўвання ўразлівая.

Што такое блокчэйн і навошта ён Нацбанку

"То бок ёсць нейкі цэнтр захоўвання інфармацыі, які тэарэтычна можа быць уразлівы ад нядобрасумленных дзеянняў боку, які захоўвае інфармацыю, — тлумачыць Іосуб. —  Напрыклад, нейкі супрацоўнік банка тэарэтычна можа, маючы доступ да банкаўскага камп'ютара, скрасці грошы кліентаў, перавесці іх на свой рахунак. Такія выпадкі былі. Таксама гэты цэнтр захоўвання інфармацыі можа быць атакаваны хакерам".


У адрозненне ад цэнтралізаванай сістэмы захоўвання інфармацыі, блокчэйн гуртуе вакол сябе некалькі раўнапраўных удзельнікаў. Інфармацыя пра кантракты, грошы, страхоўкі і г.д. адначасова захоўваецца на камп'ютары кожнага ўдзельніка гэтай сістэмы.


"А не на нейкім галоўным серверы, які можна дыскрэдытаваць ці ўзламаць, — працягвае Вадзім Іосуб. — І любыя змены гэтай інфармацыі — напрыклад, нехта некаму пералічыў грошы ці з некім заключыў кантракт, — праходзяць у базе дадзеных і адначасова на камп'ютарах усіх удзельнікаў. То бок гэта надзейнасць ад хакерскіх атак і нейкіх тэхнагенных катастрофаў: пакуль ёсць два працоўных камп'ютары, а астатнія выведзеныя са строю, інфармацыя жыве. Таксама ёсць абсалютная пэўнасць — нельга правесці незаконныя змены ці ўмяшальніцтва адначасова на ўсіх камп'ютарах".


На думку Вадзіма Іосуба, пакуль нельга сцвярджаць што блокчэйн як спосаб захоўвання інфармацыі задушыць іншыя, але цяпер гэта трэнд, і цудоўна, што Нацбанк своечасова ўступае ў гэтае поле.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі