Сёлета беларускі бюджэт недаатрымае $15 млн "дарожнага збору"

Сёлета беларускі бюджэт недаатрымае $15 млн "дарожнага збору"

У 2017 годзе беларускі бюджэт недаатрымае каля $15 млн "дарожнага збору". Пра гэта, адказваючы на пытанне дэпутата Палаты прадстаўнікоў Вольгі Палітыка, распавёў міністр фінансаў Уладзімір Амарын.

"У бягучым годзе мы прыкладна 25-30 млн да плана недаатрымаем", — сказаў міністр. Ён дадаў, што ў кастрычніку ўрад быў вымушаны скарэктаваць суму дзяржпошліны, якая перадаецца ў мясцовыя бюджэты. "Вядома, яны разлічвалі на планавыя аб'ёмы, гэта выклікала пэўны, так бы мовіць, дыскамфорт", — адзначыў Амарын.

Сёлета беларускі бюджэт недаатрымае $15 млн "дарожнага збору"
Уладзімір Амарын. Фота: БелТА.

Сёлета ўрад разлічваў сабраць 322,7 млн рублёў (прыкладна $160 млн) дзяржаўнай пошліны на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху. Адпаведна, бюджэт недалічыўся каля 10% ад запланаванай сумы.

Гэтую пошліну (неафіцыйна яе называюць дарожным зборам і транспартным падаткам) аўтамабілісты аплачваюць, калі праходзяць тэхагляд. У пачатку снежня намеснік дырэктара УП "Белтэхагляд" Уладзімір Півульскі заявіў, што без пройдзенага тэхагляду ездзіць больш чым палова зарэгістраваных у Беларусі аўтамабіляў. Адсюль і недабор у бюджэце.

У 2018 годзе з рэспубліканскага ў мясцовыя бюджэты плануецца пералічыць 45% "дарожнага збору", а не 50%, як анансавалася раней. Гэты захад Мінфіна таксама выклікаў пытанні ў Вольгі Палітыка. "Так, ёсць пэўная аптымізацыя. Але 5% — некрытычная велічыня. Мы тут страхуем свае рызыкі ад невыканання гэтай дзяржпошліны ў наступным годзе", — адказаў Уладзімір Амарын. У сваю чаргу дэпутат заўважыла, што страхаваць рызыкі добра было б не за кошт субвенцыяў у мясцовыя бюджэты.

Сёлета беларускі бюджэт недаатрымае $15 млн "дарожнага збору"
Фота: www.intex-press.by

Па словах Вольгі Палітыка, ужо сёлета 30% дарожнага фонду ідзе не на рамонт дарог, а на пагашэнне крэдытаў і адсоткаў па іх. "Калі мы зараз паменшым субвенцыі ў мясцовыя бюджэты (са сродкаў якіх павінныя быць прыведзеныя ў парадак мясцовыя дарогі), яны вымушаныя будуць браць крэдыты ў банках. Так мы і на мясцовым узроўні прыйдзем да таго, што сабраная пошліна будзе ісці не на дарогі, а на крэдыты і пагашэнне працэнтаў", — лічыць дэпутат.

Суму, якой не хапае (Палітыка ацэньвае яе ў $16 млн), дэпутат прапануе атрымаць ад павышэння "на капейчыну" акцызаў на гарэлку і піва. Але Уладзімір Амарын няўмольны: "Пасля вашага пытання па акцызах на "нулявым" чытанні [бюджэту] мы прапрацавалі сітуацыю. Ніводная вобласць не падтрымала гэтую прапанову... Усё ж такі акцызная палітыка мусіць заставацца такой, якая выпрацаваная".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі