Тавар прадпрымальніцы, якая здзейсніла суіцыд, вярнулі

Тавар прадпрымальніцы, якая здзейсніла суіцыд, вярнулі

22 чэрвеня прадпрымальніца Таццяна Дупанава мусіла прыйсці ў суд. Але за некалькі гадзін да гэтага, уначы, яна выкідваецца з акна шматпавярховіка.


"Маме падавалася, што за ёй усюды сочаць, фатаграфуюць яе, праслухоўваюць тэлефонныя званкі. Даходзіла да таго, што калі яна выходзіла з дому, то даставала з мабільнага батарэю і сім-картку. Мы намагаліся ўвесь час быць з ёй. Хацелі пасля суда пакласці яе ў бальніцу падлячыцца. Муж літаральна на крэсле задрамаў, а яна ў гэты час выбегла з кватэры", — згадвае апошнія дні і хвіліны жыцця жанчыны яе дачка Вольга.

За 10 дзён да фатальнага кроку Таццяна, якая працуе наёмным работнікам у сястры-прадпрымальніцы, едзе гандляваць у Чачэрск. Вязе ў сваім аўтамабілі 85 адзінак тавару: летнія жаночыя сукенкі, тунікі і лёгкія кашулі. Па дарозе яе спыняюць ДАІ і УБЭЗ. Правяраюць дакументы на тавар, знаходзяць, што не прастаўленыя дата і месца разгрузкі, і вязуць у аддзел па эканамічных злачынствах. Трымаюць жанчыну тры гадзіны, заводзяць адміністрацыйную справу па факце парушэння правілаў транспартавання тавару. Адзенне на суму 20,5 млн рублёў забіраюць да суда.


"З 2002 да 2008 года мама сама працавала прадпрымальніцай. У 2008-м пайшла працаваць да сястры. Прычым у мамы была вышэйшая тэхнічная адукацыя, усю бухгалтэрыю вяла сама. Цёця нават не ведае, як запаўняюцца накладныя, — распавядае Вольга. — Ніякіх праблем ніколі не было ні з падатковай, ні з фондам сацабароны. Усё заўсёды было аплачана, дакументы ў парадку. Гэта быў першы выпадак".

 

Тавар прадпрымальніцы, якая здзейсніла суіцыд, вярнулі

Вырашальнай, мяркуе Вольга, была размова яе маці з падатковым інспектарам. У падатковую акурат выклікалі сястру Таццяны, Веру. Таццяна патэлефанавала інспектару, прасіла не чапаць сястру. Пасля гэтай размовы яе апанаваў страх. Сёстры планавалі дапрацаваць да верасня, распрадаць летні тавар і скончыць на гэтым сваю прадпрымальніцкую кар'еру.


Цяпер "эканамічная" справа Таццяны завершаная. Чачэрскія падаткавікі вяртаюць канфіскаваны тавар сястры прадпрымальніцы, Веры, у якой працавала  Дупанава. 


"Мы пакуль яшчэ не з'ездзілі, не забралі. Паедзем разам, бо цёця без транспарту, — кажа Вольга. — Што рабіць з гэтымі рэчамі, я не ведаю. Магчыма, калі мы будзем закрывацца, іх будуць патрабаваць. Я не ведаю, як гэтая працэдура адбываецца. Але прадаваць мы іх дакладна не плануем". 


Пагаварыць пра сітуацыю з Таццянай Дупанавай з чачэрскімі падаткавікамі ў Еўрарадыё не атрымліваецца. На любыя пытанні яны маюць адзін адказ: "Каментароў з гэтай нагоды мы не даём".


Ніхто з іх не сказаў сям'і нават слова падтрымкі:


"Ніхто не папрасіў прабачэння. Чалавечага стаўлення ніякага. Ні "смуткуем", ні "выказваем спачуванні". Нічога. Проста: "Так, пастанову атрымалі, так, вернем тавар. Суда не было. Закрылі справу".


Абедзве дочкі Таццяны жывуць добра: на жыццё хапае. Кажуць, што калі б сітуацыя не скончылася трагедыяй, яны б дапамаглі маме выплаціць штраф:


"Я ёй казала: мама, мы дапаможам. Нешта — тваё, нешта — наша. Мы б у любым выпадку гэты штраф выплацілі. Натуральна, што 20 мільёнаў — гэта грошы. Але людзі губляюць і больш. Справіліся б".


Цяпер сястра Таццяны Дупанавай займаецца закрыццём ІП.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі