““Камяніца” стане нацыянальнай з'явай, як карнавал у Рыа”

6 верасня на тэрыторыі Музея народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы пад Міскам пройдзе 6-ты міжнародны фолк-фэст "Камяніца". У лайн-апе фэсту пазначаныя 10 гуртоў і выканаўцаў, сярод якіх беларусы Kriwi, Shuma, Re1ikt, украінцы “Бандурбэнд” і Алег Скрыпка, палякі Караліна Ціха і Бартэк Палыга, чэхі Ahmed Má Hlad, расіяне “Отава Ё” і іншыя.

Распачне фестываль легендарная “Троіца”.  Выступ гурта пачнецца ў 13.00.

Як і летась, побач з галоўнай сцэнай будзе стаяць малая сцэна, аддадзеная пад выступы дзіцячых калектываў. Каардынатар мерапрыемства Сяргей Чагрынец адзначае, што наяўнасць дзіцячай сцэны — гэта спроба паказаць дзецям, наколькі важная для Беларусі іх творчасць, “паказаць, што тое, чым яны займаюцца, можа быць запатрабаваным”.

Выступы дзіцячых калектываў будуць чаргавацца з сэтамі гуртоў на галоўнай сцэне.

“Фэст рухаецца ў правільным накірунку, — разважае падчас прэс-канферэнцыі з нагоды фэсту заўсёдны вядоўца “Камяніцы” музыка Алег Хаменка. — Мы ў мінулым годзе зразумелі, што шырыня і глыбіня фестывалю дасягнутая. Сёлета мы можам канстатаваць, што набіраем відавочную вагу. Але наступны, сёмы па ліку фэст, мусіць быць перафарматаваны. На сёмым трэба будзе знаходзіць іншыя падыходы, шукаць інтрыгу. Пакуль інтрыга ёсць толькі ў конкурсе касцюмаў”.

Традыцыйна на “Камяніцу” можна будзе трапіць бясплатна, калі прыйсці ў нацыянальным строі. Усе ахвочыя змогуць узяць удзел у конкурсе на лепшы нацыянальны касцюм.

Вераніка Круглова і Алег Хаменка

“Чым карнавал у Рыа прываблівае мільёны людзей? Людзі хочуць незвычайна апранацца! Нам ужо сёння трэба думаць, як зрабіць нацыянальную з'яву, якая будзе ціквая ўсяму свету”, — перакананы Хаменка.

Апроч музычнай часткі, наведвальнікаў “Камяніцы” чакаюць фотавыставы і  выставы мастакоў. Дзецям пакажуць майстар-класы па пляценні з саломкі і ганчарнай справе, яшчэ прадэманструюць аўтэнтычны ткацкі станок з Гродна. Да таго ж, можна будзе пабываць на рыцарскай бойцы, пастраляць з лука ці арбалета, далучыцца да Спеўнага сходу на чале з гуртом Vuraj ці добра паесці, бо на тэрыторыі фэсту будуць працаваць 9 кропак харчавання з разнастайным асартыментам: ад гарачых супоў да халодных закусак.

Даехаць на “Камяніцу” можна як рэйсавымі, так і дадатковымі платнымі аўтобусамі са станцыі "Паўднёвы Захад". Дадатковы бясплатны фестывальны транспарт пачне хадзіць у 11.40 з аўтастанцыі “Малінаўка”. Апошні аўтобус з напрамкам у горад адыйдзе з Азярца ў 23.15.

Квіткі на “Камяніцу” паступілі ў продаж тыдзень таму. Іх кошт у параўнанні з мінулым годам, крыху павысіўся: дарослы квіток каштуе 60 тысяч, дзіцячы — 30. Усе сабраныя сродкі пойдуць на патрэбы музея пад адкрытым небам у Азярцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі